За што? ТОП-5 гучных выказваньняў Міхалка

Сяргей Міхалок ужо даўна трапіў пад асаблівую ўвагу беларускіх мэдыяў, кожная яго новая песьня і выказваньне пра актуальнае робяцца падзеяй, пра якую пішуць усе. Цяпер ён трапіў і пад асаблівую ўвагу пракуратуры, куды яго клічуць на допыт. Найбольш верагодна якраз у сувязі з выказваньнямі ў мэдыях. Мы прыгадалі ўсё, і выбралі самае вострае, каб прыгледзецца да партрэту галоўнага беларускага бунтара і заадно зразумець, што найбольш зачапіла людзей у пагонах.

Цяпер, калі ўся краіна праз позву, падпісаную лейтэнантам Заводзкага РУУС, даведалася, дзе Міхалок жыве (ці, прынамсі, прапісаны) і хто чакае яго ў пракуратуры ў 10.00 (хаця музыка, вядома, на гастролях), у пустую графу позвы, дзе мусіла быць інфармацыя аб справе, у сувязі зь якой выклікаюць, усе на адным подыху дадалі радок «арт. 368 крымінальнага кодэксу РБ» — абраза таго, чыё імя нельга называць.

Мы прааналізавалі апошнія выказваньні галоўнага рок-рэвалюцыянэра гэтых краёў Сяргея Міхалка, каб адказаць на банальнае «За што?»: што такога нагаварыў Міхалок, што цяпер ён можа на тры гады трапіць за краты. (Менавіта такі тэрмін, праўда, умоўны, пасьля некалькіх тыдняў турмы атрымаў беларускі карэспандэнт польскага выданьня Анджэй Пачобут па тым жа артыкуле).

28 сакавіка 2011. «Ідзе культурны генацыд»

Сяргей Міхалок

Бадай, з гэтага артыкулу Міхалка ў стылі «атрымай, [м-м — дадаць па смаку], гранату!» усе і пачалося. Хаця не, пачалося ўсё зь песьні «Грай» пра шалёных быкоў, за якімі многія пабачылі людзей у чорным, што «працавалі» на плошчы 19 сьнежня ў ноч пасьля выбараў. Рэліз кампазыцыі адбыўся амаль адразу пасьля той ночы. Прайшло два месяцы, Ляпісы прэзэнтавалі новы дыск і заплянавалі вялізны тур па гарадах Беларусі.

Але спачатку зь іх рэпэртуару раптоўна зьнікла Belarus Freedom, а за ёй і самі «Ляпісы»: адыграўшы пару канцэртаў, тур спыніўся на самым пачатку. Дахі памяшканьняў перад канцэртам цяклі, клюбы адзін за адным зачынялі перад музыкамі дзьверы. «Ляпіс Трубяцкой» трапіў на чарговую вяршыню гіт-параду: гурт заняў першы радок у сьпісе забароненых у Беларусі творцаў.

Пасьля гэтага Міхалок канчаткова пазбавіўся налёту анархаістычнай пафігістасьці, што ў той ці іншай форме плёўся за ім усё ягоную кар’еру. Музыка піша адказ нашаму міністэрству праўды, і кожны, здаецца, гатовы крывёй падпісацца пад усімі ягонымі тэзісамі — так трапна яны апісалі тую (і цяперашнюю) сытуацыю ў краіне.

«Мне здаецца, што ў Беларусі ідзе нейкі культурны генацыд. Я ведаю, што многія цяпер зьяжджаюць на Захад — вучыцца, працаваць, таму што ня бачаць пэрспэктыў унутры краіны. На самой справе ўсе гэтыя чорныя сьпісы можна працягваць да бясконцасьці. Кожны разважны, прыстойны, інтэлігентны чалавек любой прафэсіі можа ўносіць сябе ў чорны сьпіс. Такіх, як мы, проста выжываюць з краіны. Нам не даюць сьпяваць, іншым не даюць займацца мастацтвам, навукай, бізнэсам. І калі ад нас раней патрабавалася маўчаньне, то зараз нас адсюль проста выганяюць», — пісаў Міхалок.

10 ліпеня 2011. ШОС

У гэты дзень Міхалок ня першы, і, гледзячы па ўсім, не апошні раз выдаў са сцэны формулу беларускай веры і надзеі «ШОС». Перад тысячамі расейцаў Павал Булатнікаў у час выступу Ляпісаў на фэсьце «Нашэсьце» выцягнуў вялізны бел-чырвона-белы сьцяг, зь якім і праскакаў усю Belarus Freedom. Міхалок, у сваю чаргу, прымусіў мясцовую публіку гукаць «Жыве Беларусь!» і ШОС, а таксама далучыцца да перадачы прывітаньняў «усім беларусам, што цяпер вядуць барацьбу за жыцьцё і свабоду».

Пасьля гэтага выступу ніводны публічны канцэрт Ляпісаў, у незалежнасьці ад геаграфічнага становішча сцэны, не абыходзіўся без «Жыве Беларусь!»

1 жніўня 2011. «Мы супраць рэжыму Лукашэнкі»

Тое, што «Жыве Беларусь» на Нашэсьці не выпадковасьць, ужо хутка прадэманстравалі інтэрвію музыкі расейскай прэсе. У іх ён жорстка разносіў рэжым. Палітычныя памфлеты сыпаліся зь Міхалковых вуснаў і пальцаў адно за адным, не пакідаючы ніводнага сумневу ў цяперашнім статусе «Ляпісаў»: галоўных праўдарубаў і рэзыстантаў Беларусі.

«Чырвона-карычневая Беларусь выродлівай формы сталінска-гітлераўскага ўзору. Беларусь людзей, якія ваююць са сваім народам, — апісваў музыка краіну, дзе правёў большую частку жыцьця. — Атрымліваецца, афіцыйна яны махаюць кулакамі, паказваюць сваю моц на дэманстрацыях, якія пастаянна статыстыка ВУП расьце, паказчыкі зашкальваюць. А на самой справе людзі жывуць у страху, людзі падушаныя, і грошай хапае толькі на харчаваньне. Вось яна, так званая стабільная сытуацыя ў Беларусі».

«Мы будзем заўсёды з гэтым змагацца сваімі песьнямі. Калі людзі прыходзяць на канцэрты, мы вітаем аплядысмэнты. […] Мы вітаем выкрыкі „ШОС“ і „Жыве Беларусь“ і бел-чырвоны сьцяг, які зьяўляецца сьцягам гістарычным і сьцягам сапраўдных патрыётаў, а не ілжэпатрыётаў, якімі зьяўляюцца праплочаныя шакалы лукашэнкаўскага рэжыму, — тлумачыў Міхалок. — Яны патрыёты свайго важака і дзейнічаюць як велічэзная арганізаваная злачынная групоўка. На вуліцы зьявіліся рэальныя „чорныя брыгады“, чарносоценцы, лукашэнкаўскія харугваносцы, хунвейбіны, якія хапаюць непажаданых людзей проста па вонкавай прыкмеце — у першую чаргу нефармалаў. Яны дзейнічаюць як нейкія „люберы“. Пры гэтым у іх ёсьць мандат. А калі нехта паспрабуе ім супрацьстаяць — атрымае сур’ёзны тэрмін».

«Мы не жадаем жыць у такой краіне», — паставіў тады дыягназ Міхалок.

8 верасьня 2011. «У Беларусі мы будзем выступаць, калі ва ўладзе не будзе Лукашэнка, іншы сцэнар выключаны»

У твітэр-стылі на партале Yтро.ру Міхалок панадаваў кароткіх адказаў на маленькія пытаньні, куды канешне ж закралася і палітыка:

«Шчыра кажучы, мне цяпер сорамна даваць канцэрты ў Беларусі, падчас рэжыму Лукашэнкі. Гэта выглядае як баль падчас чумы», — казаў лідэр «Ляпісаў», дадаўшы, што «У Беларусі мы будзем выступаць, калі ва ўладзе не будзе Лукашэнкі, іншы сцэнар выключаны».

24 верасьня. «Мярзотнік», які «ў лепшым выпадку заслугоўвае справядлівага суду»

У чарговым інтэрвію, на гэты раз інтэрнэт-тэлебачаньню 1tvnet.ru, Міхалок з шырокаадчыненымі вачыма хуценька, як школьнік ля дошкі, выдае праўду матку пра рэжым яго ахвяры, што «ўжо не размаўляюць паміж сабой».

У гэтым інтэрвію ён назваў Лукашэнку «мярзотным палітычным дзеячам» і выказаў здагадку, што ТНП адносіцца да тых злачынцаў, што «не пакідаюць сьведак сваіх злачынстваў». Верагодна, гэтыя словы і сталі апошняй кропляй у цярпеньні сьледчага Бачылы, які сёньня ў дзесяць гадзін дня безнадзейна чакаў Сяргея на сустрэчу. Сустрэча не адбылася, але гэта яшчэ далёка не канец гісторыі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0709 seconds.