Сяргей Міхалок: Ідзе культурны генацыд

Усе канцэрты Ляпіса Трубяцкога ў Беларусі адмененыя. Сяргей Міхалок гаворыць, што слова «апалітычны» ў Беларусі губляе ўсялякі сэнс і прапануе чытаць Оруэла.

«Для нас відавочна, што праблемы з правядзеньнем канцэртаў пачаліся адразу пасля зьяўлення ў Інтэрнэце так званых “чорных сьпісаў”, — гаворыць прадусар гурта Яўген Калмыкоў. — Прадстаўнікі радыёстанцый, арганізатараў, выканаўчай улады ў неафіцыйных размовах пацьвярджаюць, што гэтыя сьпісы рэальныя, абавязковыя да выкананьня і гэта кантралюецца высокімі інстанцыямі. Больш за ўсё хвалюе, што канцэрты адмяняюць па сьмехатворных прычынах у апошні момант, таму мы прынялі рашэньне самастойна адмяніць канцэрты ў Маладзечна, Салігорску і Жлобіне, каб не мучыць людзей усімі гэтымі бескарыснымі чаканьнямі».

Заява Сяргея Міхалка 

Я хачу сказаць, што слова апалітычны ў сытуацыі з сёньняшняй Беларусьсю губляе на дадзены момант усякі сэнс. Чалавек, які сябе так называе, апрыёры становіцца ў адзін шэраг са слугамі сучаснага беларускага рэжыму.

Я быў у адным менскім кафэ і бачыў часопіс, у якім быў топ-50 самых пасьпяховых людзей Беларусі. Сярод іх я не знайшоў ні аднаго мастака, драматурга, паэта, гiсторыка, вучонага, мысьляра, касманаўта, героя працы. Уся эліта і багема сучаснай Беларусі складаецца з нейкіх глямурных рэстаратараў, нейкіх уладальніц вясельных салёнаў і касмэталягічных кабінэтаў, дырэктараў буцікаў і два-тры папугая зь беларускага тэлебачаньня. Атрымліваецца, што наша эліта — гэта пляшучы на шматлікіх рэйв- і шансонавых канцэртах бяздумны разьвясёлы мажорны натоўп. Усё, што зьвязана са сьвежымі ідэямі, адкрыцьцямі, сапраўдным мастацтвам — усё гэта знаходзіцца ў глыбокім андэграўндзе.

У сувязі з гэтым мне здаецца, што ў Беларусі ідзе нейкі культурны генацыд. Я ведаю, што многія цяпер зьяжджаюць на Захад — вучыцца, працаваць, таму што не бачаць пэрспэктыў унутры краіны. На самай справе ўсе гэтыя чорныя сьпісы можна працягваць да бясконцасьці. Кожны разважны, прыстойны, інтэлігентны чалавек любой прафэсіі можа ўносіць сябе ў чорны сьпіс. Такіх, як мы, проста выжываюць з краіны. Нам не даюць сьпяваць, іншым не даюць займацца мастацтвам, навукай, бізнэсам. І калі ад нас раней патрабавалася маўчаньне, то зараз нас адсюль проста выганяюць.

Я хачу парэкамэндаваць усім беларусам прачытаць самую галоўную для сучаснай Беларусі кнігу. Яна напісана 50 гадоў таму чалавекам, які ніколі ня быў у нашай краіне, але ён вельмі падрабязна яе апісаў. Кніга называецца «1984», аўтар — Джордж Оруэл.

А зараз вернемся да рок-н-ролу. Калі ідэоляг і работнікі культуры, афіцыйныя асобы лічаць, што «Ляпіс Трубяцкой», NRM, «Нэйра Дзюбель», Naka, Вайцюшкевіч нявартыя высокага званьня рок-музыкі, то няхай яны па мэтадзе «Фабрыкі зорак» набяруць зь ліку БРСМ-актывістаў, самадзейных талентаў, апрануць іх у скураныя ўборы накшталт галоўнага рокера нашай краіны Дзядзі Вані. Няхай выдатныя кампазытары Алег Елісеенкаў, Макс Алейнікаў і іншыя напішуць ім рок-песьні, паставяць ім цуда-цьветамузыку, якую я бачыў на розных афіцыйных мерапрыемствах, а потым з дапамогай дубінак і электрашокераў заганяюць на гэтыя канцэрты моладзь. Таму што ўсе гэтыя афіцыёзныя мерапрыемствы і бясплатна нікому не патрэбныя.

«Ляпіс Трубяцкой» унесены ў ананімны «сьпіс забароненых» разам з 56 беларускімі і замежнымі музыкамі, пісьменьнікамі і акторамі. З-за рашэньня МНС не адбыўся канцэрт Ляпіса Трубяцкога 13 сакавіка ў Гомелі, пазьней быў таксама забаронены канцэрт у Магілёве, а сёньня ў менскім клюбе «Рэактар» адмянілі два канцэрты гурта, заплянаваныя на 1 і 2 красавіка, квіткі на якія задоўга былі раскупленыя прыхільнікамі.

16:03, 28/03/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.