Абодва канцэрты «Ляпіса Трубяцкога» ў Менску адмененыя


«Ляпіс Трубяцкой» у клюбе «Рэактар» на «Рок па вакацыях 2009»

Абодва канцэрты «Ляпіса Трубяцкога» ў клюбе «Рэактар», што былі заплянаваныя на 1 і 2 красавіка не адбудуцца. У клюбе сёньня ўжо прапануюць зьвяртацца па грошы за квіткі да арганізатараў канцэрту і аніяк не тлумачаць прычыны адмены. 

Як паведаміў Generation.by у тэлефоннай размове прадстаўнік клюба «Рэактар», «абодва канцэрты „Ляпіса Трубяцкога“ адмененыя». А яшчэ раніцай у клюбе сьцьвярджалі, што адмены канцэртаў няма. Прычыну адмены арганізатары пакуль не называюць. Вядома, што канцэрты гурта мусілі адбыцца зь вялікім аншлягам. Квіткі на іх былі раскупленыя задоўга.

Прэс-аташэ «Ляпіса Трубяцкога» Зьміцер Безкаравайны піша ў facebook:

«Аншлягавыя канцэрты ЛТ у Менску адмененыя па ініцыятыве арганізатараў — клюба „Рэактар“. Нескладана выказаць здагадку, што клюб два аншлягавых мерапрыемствы па сваёй волі адмяняць ня стане».

«Ляпіс Трубяцкой» унесены ў ананімны «сьпіс забароненых» разам з 56 беларускімі і замежнымі музыкамі, пісьменьнікамі і акторамі. З-за рашэньня МНС не адбыўся канцэрт Ляпіса Трубяцкога 13 сакавіка ў Гомелі, пазьней быў таксама забаронены канцэрт у Магілёве.

UPD. Сёньня ж «Ляпіс Трубяцкой» адмяніў усе канцэрты ў Беларусі. Сяргей Міхалок апублікаваў заяву з нагоды сытуацыі ў Беларусі, назваўшы яе «культурным генацыдам».

vojur 13:58, 28/03/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0581 seconds.