ЗША выдаткуе мільёны на барацьбу зь сеціўнай цэнзурай

ЗША вылучыць $19 млн на стварэньне тэхналёгіі для барацьбы зь інтэрнэт-цэнзурай у краінах, якія абмяжоўваюць доступ сваіх грамадзян да некаторых сайтаў. Найперш кібер-вайна разгорнецца ў накірунку Кітаю, Ірану, а таксама іншых аўтарытарных рэжымаў, што блякуюць Інтэрнэт.


Чырвоным пазначаныя краіны, дзе існуюць вялікія праблемы са свабодай Інтэрнэту

Грошы будуць выдаткаваныя на стварэньне тэхналёгій, якія дазваляюць зьняць абмежаваньні ў доступе да многіх забароненых пад рознымі падставамі рэсурсаў, у прыватнасьці, заходніх навінавых сайтаў, блогаў, рэсурсаў апазыцыі. Гэта першае практычнае дзеяньне дзярждэпартамэнту ЗША пасьля таго, як інтэрнэт быў абвешчаны стратэгічным прыярытэтам.

Памочнік дзяржсакратара Майкл Познэр, адказны за правы чалавека, паведаміў, што вылучаныя грошы пойдуць на распрацоўку перадавых тэхналёгій, што будуць здольныя вызначаць, якія інтэрнэт-рэсурсы ў тых ці іншых краінах блякуюцца для карыстальнікаў, і зьняць абмежаваньні ў доступе.

«Па сутнасьці, мы зьбіраемся вяртаць інфармацыю, якую ўлады паспрабавалі заблякаваць», — заявіў Познэр, параўнаўшы спробы Белага дому ў супрацьстаяньні з цэнзурай у аўтарытарных краінах з гульнёй у кошкі мышкі. — «Мы спрабуем быць на адзін крок наперадзе ката».

Як перадае AFP, заява Дзярждэпартамэнту зьявілася неўзабаве пасьля абвастрэньня супрацьстаяньня ЗША і Кітаю ў Інтэрнэце. Апошні працягвае блякаваць усё новыя інтэрнэт-рэсурсы. Нядаўна ў лік забароненых для пошуку словаў былі ўведзеныя тэрміны «Язьмін» і «Хілары Клінтан». Апошняя пакрыўдзіла кітайцаў заявай, у якой перасьцерагла ўсе дыктатарскія рэжымы, уключаючы Кітай, ад абмежаваньня доступу сваіх грамадзян у глябальную сетку.

Амэрыканскія ўлады зьбіраюцца «вызваляць» Сеціва «з дапамогай сэрвісаў электроннай пошты альбо разьмяшчэньня заблякаванай інфармацыі на блогах ці RSS-каналах, доступ да якіх дзяржавы ня ў стане абмежаваць». Існуюць і іншыя праграмныя сродкі барацьбы з цэнзурай.

Нядаўна праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавала даклад аб стане свабоды карыстаньня Інтэрнэтам у 37 краінах сьвету ў апошнія два гады. Беларусь патрапіла ў адну кампанію зь Кітаем і Іранам, а таксама іншых 8 краінаў, у якіх карыстаньне Інтэрнэтам несвабоднае.

Разам зь Беларусьсю да групы краінаў зь несвабодным доступам да інтэрнэту, паводле Freedom House, належаць Тайлянд, Бахрэйн, Эфіёпія, Саудаўская Аравія, Віетнам, Туніс, Кітай, Куба, Бірма ды Іран.

Паводле Генпракуратуры ў Беларусі ўжо болей за 20 сайтаў, доступ да якіх абмежаваны. Аднак поўны іх сьпіс дагэтуль не апублікаваны. Вядома, што ў сьпісы заблякаваных унесеныя навінавыя сайты «Хартыя’97» і «Беларускі партызан».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.