Freedom House: Беларусь — краіна зь несвабодным інтэрнэтам

Праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавала даклад аб стане свабоды карыстаньня інтэрнэтам у 37 краінах сьвету ў апошнія два гады «Freedom on the Net 2011». Беларусь патрапіла ў лік 11 краінаў, у якіх карыстаньне інтэрнэтам несвабоднае. 


Freedom on the Net 2011

«Ня гледзячы на тое, што ўлады Беларусі разьвіваюць выкарыстаньне інтэрнэту дзеля эканамічных выгодаў, уплыў новых мэдыяў на палітычнае жыцьцё застаецца абмежаваным», — зьвяртаюць увагу праваабаронцы.

Спэцслужбы імкнуцца ўвесьці новыя тэхналёгіі дзеля кантролю за Сецівам, а адмысловы указ Лукашэнкі стварае прававыя падставы для цэнзуры і кантролю.

Freedom House зьвяртае асаблівую ўвагу на падзеі 19 сьнежня 2010 году. Тады зь Беларусі была заблякаваная сувязь з вонкавым сьветам праз SMTP port 465 і HTTPS port 443. У выніку гэтых дзеяньняў карыстальнікі не маглі бясьпечна пісаць у сацыяльныя сеткі кшталту Фэйсбука, а таксама дасылаць мэйлы праз Gmail і іншыя сэрвісы, якія працуюць праз абаронены пратакол. Да таго ж былі створаныя несапраўдныя люстэркі незалежных навінавых сайтаў і адбываліся DDos-атакі на апазыцыйныя рэсурсы.

У справаздачы аб сытуацыі зь інтэрнэтам у Беларусі аўтары дакладу адзначаюць, што ў краіне прыблізна 27% насельніцтва мае даступ да Сеціва. Аднак кошты карыстаньня інтэрнэтам у Беларусі большыя за суседнія краіны.

Разам зь Беларусьсю да групы краінаў зь несвабодным доступам да інтэрнэту, паводле Freedom House, належаць Тайлянд, Бахрэйн, Эфіёпія, Саудаўская Аравія, Віетнам, Туніс, Кітай, Куба, Бірма ды Іран.

Клясыфікацыю стану інтэрнэт-свабоды Freedom House правёў паводле шкалы ў 100 балаў. Якая складаецца з трох парамэтраў:

  • перашкоды для доступу (0-25 балаў),
  • абмежаваньні на зьмест (0-35 балаў),
  • парушэньні правоў карыстальнікаў (0-40 балаў).

Беларусь набрала 69 балаў і атрымала 29 месца сярод 37 дасьледаваных краінаў.

Самай свабоднай апынулася Эстонія, якая заняла першае месца ў рэйтынгу (10 балаў).

vojur 15:57, 18/04/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0795 seconds.