Хэдлайнэрамі «Басовішча-2011» будуць Neuro Dubel, IQ48 і R.U.T.A.

За амаль 100 дзён да «Басовішча-2011» арганізатары пачалі абвяшчаць праграму фэсту, які пройдзе ў традыцыйным Гарадку ў Польшчы 22–24 ліпеня. Хто выступіць на буйнейшым фэстывалі беларускай музыкі ды як пасьпець атрымаць бясплатную візу, калі стартуе конкурс для маладых гуртоў ды што новага абяцаюць ў борыку? На Generation.by стартуе агляд навінаў з падрыхтоўкі да 22-га «Басовішча».

На якім этапе падрыхтоўка да «Басовішча», нам распавяла старшыня Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы Кася Кузьміч. Пытаньні, якія традыцыйна цікавяць наведвальнікаў зь Беларусі: хто ў праграме ды як патрапіць на фэстываль, найперш як атрымаць візу.

Neuro dubel на Басовішчы-2008
Neuro Dubel на Басовішчы-2008

За два дзесяцігодзьдзя гісторыі фэсту на сцэне «Басовішча» перабывала ўся беларуская рок-эліта. А ў апошнія гады ня толькі рок, а і рэп, фольк, рэгі ды іншая актуальная музыка зь Беларусі. Сёлета хэдлайнэрамі вяступяць гурты Neuro Dubel ды IQ48. З польскага боку на сцэну выйдзе новы праект вядомых мясцовых музыкаў.

«Праект R.U.T.A. створаны вядомымі польскімі музыкамі, якія аднавілі старыя песьні на тэму бунта й нядолі (іх дыск так і завецца „Pieśni buntu i niedoli XV–XX wiek“). Таксама плянуецца адзін гурт не зь Беларусі і не з Польшчы — пакуль можам сказаць, што гэты гурт даволі вядомы ў нашых краінах», — распавядае Кася.

Сярод іншых гуртоў, зь якімі ўжо дасягнутая дамоўленасьць на ўдзел у «Басовішчы-2011», ёсьць TT-34, Yellow Brick Road, Port mone. Таксама сёлета выступяць пераможцы леташняга конкурсу Akute ды ляўрэаты Exist-M

Традыцыйна ў межах фэсту пройдзе й конкурс. Умовы ўдзелу арганізатары пакуль не агучылі, аднак традыцыйна на конкурс прымаюцца заяўкі ад маладых гуртоў зь беларускамоўнай праграмай. Жадаючым перамагчы на «Басовішчы» ўжо варта рыхтаваць запісы.

Аднак фэстываль не абмяжоўваецца толькі беларускамоўнай музыкай, адзначаюць прадстаўнікі БАС.

«Хочам, каб Басовішча заставалася беларускамоўным, аднак разам з тым хочам паказваць у цэлым якасную беларускую музыку. Таму лічым, што запрашэньне ў галоўную праграму некалькіх гуртоў небеларускамоўных ня будзе вялікай праблемай», — адзначае арганізатарка «Басовішча».

Незалежна ад мовы ды музычнага стылю любы гурт зможа падаць заяўку на ўдзел у «Вольнай сцэне» Басовішча — так вобразна называецца трэцяя частка фэстывалю, дзе выступаюць яшчэ пакуль ня зоркі, але ўжо й не навічкі сцэны.

IQ48 на Басовішчы-2008­
IQ48 на Басовішчы-2008

А каб пабачыць зорак і навічкоў маглі ўсе ахвотныя зь Беларусі, арганізатары дамаўляюць выдачу бясплатных нацыянальных польскіх візаў на час «Басовішча».

«Візы — гэта добрая навіна, аднак каб неяк абмежаваць колькасьць ахвотных, будзем патрабаваць заранёў аплаты за намётавы гарадок (каля 7 $) альбо за даезд (аўтобус). Просім усіх ахвотных сачыць за навінамі», — папярэджваюць арганізатары. Тэрміны запісу на бясплатную візу будуць абмежаваныя.

«Басовішча» як і раней застаецца бясплатным фэстывалем. Квіткоў на яго няма, а грошы неабходна плаціць толькі за магчымасьць паставіць намёт у ахоўваемым гарадку.

Апроч музыкі, пазабавіць сябе на «Басовішчы-2011» можна будзе пэрфомансамі, майстар-клясамі, праглядамі фільмаў ды творчымі сустрэчамі.

Заўзятых наведвальнікаў «Басоў» чакаюць сюрпрызы і непасрэдна на месцы. Традыцыйную сцэну фэсту можна будзе і не пазнаць. На месцы старой бэтоннай мусіць зьявіцца сапраўдная фэстывальная сцэна.

«У гэтым годзе хочам папулярызаваць Басовішча ў Эўразьвязе, таму разьлічваем на гасьцей і з Заходняй Эўропы», — распавядае Кася.

«Басовішча» — унікальны музычны фэстываль, які ўжо болей за 20 год ладзяць розныя пакаленьні студэнтаў беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Гэты студэнцкі фэст застаецца адначасова самым вялікім фэстывалем беларускай музыкі.

Generation.bY зьяўляецца галоўным інфармацыйным партнэрам «Басовішча» ў Беларусі. Усе навіны сёлетняга фэсту, а таксама папярэдніх гадоў — у адмысловым разьдзеле сайту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0677 seconds.