Раварыстам аддадуць палову тратуараў у мікрараёнах

Улады Менску вырашылі будаваць веладарожкі наўпрост на ходніках, падзяляючы іх на частку для раварыстаў і для звычайных пешаходаў. Мэр лічыць, што па такіх падвойных тратуарах менчукі з радасьцю будуць экалягічна вандраваць у накірунку гандлёвых цэнтраў.

Па адной палове тратуару можна ісьці пешкі, а па другой — ехаць на ровары. І, спадзяемся, ніхто нікому не замінае. Такім будучыню менскіх мікрараёнаў бачаць у мэрыі.

«Мы прынялі рашэньне, […] пра тое, што ў новых мікрараёнах будуць будаваць падвойныя тратуары — для пешаходаў і вэлясыпэдыстаў», — заявіў мэр Менску Мікалай Ладуцька.

«Гэта не такія вялікія ўкладаньні. Але будуць створаныя прынцыпова новыя ўмовы. Чалавек зможа зьезьдзіць у гандлёвы цэнтар не на машыне ці схадзіць пешшу, а на ровары», — цытуе мэра БелТА.


Амстэрдам поўны раварыстаў і ровараў. Апошніх, здаецца, болей

Мабыць, дзякуючы ініцыятыве гарадзкіх уладаў Менск усё ж атрымае болей прасторы для раварыстаў, заціснуных шмат дзе паміж ходнікімі і дарогай, поўнай аўтамабіляў. Дарэчы, у мінулым годзе ў дарожных здарэньнях з удзелам ровараў у краіне загінулі 155 чалавек.

Менскія ўлады зацікавіліся разьвіцьцём роварнага транспарту ў пачатку года. Тады была абвешчана канцэпцыя разьвіцьця роварнага руху Менску, паводле якой да існуючых 27 кілямэтраў велатрасаў трэба дабудаваць яшчэ 473 роварныя кілямэтры. У гэтым выпадку сталіца атрымае ажно паўтысячы км веладарожак.

Калі праект будзе рэалізаваны, па даўжыні роварных трасаў Менск у пяць разоў пераўзыйдзе Вену і на 100 км — Парыж. Да стандарту Амстэрдаму, дзе агулам набудавалі 600 км роварных дарожак, ня хопіць нейкіх 100 км.

А пакуль Менск моцна адстае ад іншых гарадоў Эўропе па ступені разьвітасьці роварнага руху. Напрыклад, працягласьць веладарожак «роварнай сталіцы Эўропы» Капэнгагену дасягае 390 км, Рыгі — 29 км, Лёндану — цэлых 900. Затое ў Маскве у канцы 2009 году было ўсяго 2.5 кілямэтры роварных дарожак.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0974 seconds.