«Чувакі, вы ў Амстэрдаме. Так трэба!»

З дынамікаў чорнага кабрыялету «Пэжо» гучыць «Human» The Killers. На словах «clear your heart» машына ўяжджае ў Амстэрдам. Малады мэнэджэр кампаніі Алькатэль Джордж вязе нас з Гаагі, дзе працуе і дзе мы застопілі яго ля самога галоўнага вакзалу сталіцы Нідэрляндаў. Ён дастае вялізны неахайна зматаны касяк, зь якога тырчаць зялёныя кавалкі травы, запальвае яго і робіць зацяжку. Я сяджу справа ад яго. Трымаючы стырно левай рукой, правай ён перадае мне касяк, падпяваючы «кілерсам»:

«Чувакі, вы ў Амстэрдаме. Так трэба!»

За пяць дзён, якія мы правялі ў Нідэрляндах, мы яшчэ ніводзін раз не сустракалі пах канабізу. І вось мы ляцім па аўтабане на 150 км\г з кіроўцам, які зусім не турбуецца адносна правілаў дарожнага руху і паліць самыя звычайныя для гэтых месцаў каноплі, што ў кавашопах прадаюцца за сьмешныя 2 эўра.

Амстэрдам адразу ж прыбівае сваёй нетаропкасьцю і разьняволенасьцю. Захутаныя ў шалікі заўсёднікі шматлікіх кавярняў папіваюць піва і каву на беразе бясконцых каналаў. Сівыя пары прагульваюцца па застаўленым машынамі Lindengracht на высьпе Jordan, калісьці прыстанку пралетарыяту і не самых забясьпечаных жыхароў Амстэрдаму, а цяпер населеным багатымі дэндзі і інтэлектуаламі.


Тут на лодках плаваюць, а на баржах нават жывуць

Джордж жыў якраз на Jordan, і, пакатаўшы нас крыху па самым цэнтры гораду, падвёз да вокнаў шасьціпавярховіка на беразе аднаго з каналаў. На першым паверсе ішла дыскатэка: студэнты сьвяткавалі пачатак новага навучальнага сэзону і прыняцьце ў свае шэрагі новых сяброў.

«Гэй, чувакі, гэтыя два студэнты прыехалі зь Беларусі і шукаюць жытло», — на ўсю вуліцу перакрыкваючы музыку, Джордж паказвае студэнтам на нас. Студэнты адразу не дарубаюць сэнс пасланьня нашага кіроўцы, робяць цішэй і пачынаюць спробы зразумець, што мае на ўвазе гэты чувак на кабрыялеце ў кампаніі двух дзіўных людзей з заплечнікамі.

Джордж спрабаваў нас упісаць у першым інтэрнаце на шляху! Мне стала няёмка, студэнты пачалі тупіць: было бачна, што стан іх ня надта адрозьніваецца ад Джорджава, дый бачыць гасьцей яны ня вельмі хацелі. У выніку яшчэ крыху паблукаўшы на машыне па вулачках гораду, Джордж пачаў нетаропка разьвітвацца, даючы ўказаньні, куды яшчэ трэба зьезьдзіць, схадзіць, і, абавязкова, сплаваць.

Яго сьпіс выглядаў наступным чынам:

  1. Пакатацца на лодках па каналах (1 гадзіна — 14 эўра);
  2. Зьняць ровар (суткі — ад 10 эўра);
  3. Сплаваць на бясплатным пароме на другі ад вакзалу бераг — на Buiksloot. «Яднаньне з прыродай і ўсё такое».

Каця адразу не дарубіла, што кіроўца піжонскай машыны паліць траву, і, калі на разьвітаньне ён прапанаваў нам забраць недапалены касяк, яна адмовілася. І пасьля сумавала.


Залатое стагодзьдзе Амстэрдаму адгрымела ўжо як 300 гадоў таму

Гуляючы па Амстэрдаме, увесь час хацелася назваць гэты горад Вэнэцыяй. Каналы-каналы-каналы, якія перакрыжоўваліся дзіўным мастамі, запоўненымі раварыстамі і турыстамі. Бывала па каналах, лавіруючы паміж шматлікімі лодкамі і баржамі, на якіх жывуць людзі (увесь час!), праплывалі турыстычныя, а пад вечар і проста прыватныя судны. Каналы зьяўляліся тут яшчэ з 15 стагодзьдзя, і будаваліся дзеля абароны гораду, а пасьля — мясцовымі багацеямі — як выдатны шлях дастаўкі грузаў унутры аднаго з буйнейшых гандлёвых гарадоў Ганзэйскага Зьвязу.

Дзякуючы каналам у Амстэрдаме вельмі лёгка і нялёгка заблукаць, а кіруючыся каналам можна, быццам па міні-кальцавай дарозе, абысьці горад з канца ў канец.


Пэнсыянэры таксама любяць Амстэрдам

Музэйнае вар’яцтва

Амстэрдам вар’яцее па Ван Гогу. Аўтапартрэты небаракі на кожным кроку, ён жа ў галоўным музэі гораду, здагадайцеся самі названага ў гонар каго. Чатыры паверхі, поўныя вангогаўскай спадчыны, што нагадваюць пра незайдросны лёс генія 19 стагодзьдзя, раскрытага ў 20-м, адкрыюцца любому, хто выстаіць даўжэзную чаргу і выкладзе 14 эўра.

Хаця чэргі тут стаяць і ў іншыя музэі, у незалежнасьці ад надвор’я і часу дня. Вось гэта прага мастацтва, якая сыходзіць, у асноўным, ад паўсюдных турыстаў! Напэўна, ад неверагоднай колькасьці турыстычных цікавостак мясцовыя жыхары апынуліся выхаванымі настолькі, што імкнуцца прыйсьці на дапамогу любому, нават калі той яшчэ і не пасьпеў трапіць у бяду.


Музэйныя чэргі - стандартная рэч для Амстэрдаму. Музэй Анны Франк не выключэньне.

На скрыжаваньні ня надта ажыўленых вуліц ня самага элітнага раёну Амстэрдаму на захадзе гораду нашы вочы ў дзесяцігадзіннай цемры імкнуцца выхапіць жаданую шыльду з пазнакай вуліцы, дзе плянуем упісацца. Але ня ўсё так проста: вуліцаў у Амстэрдаме дакладна болей чым у Менску, і наўрад ці нехта ведае іх усе, нават калі жыве ў двух кварталах побач.

У краме-тытуневым-кіёску мілы кітаец, як і абсалютна кожны, каго нам пашэнціла сустрэць у Нідэрляндах, цудоўна валодае ангельскай. Але пра бліжэйшую, як пасьля высьвятляецца, вуліцу ён ведаць нічога ня ведае. Не бяда. Незадачлівы пакупнік замест пачаку цыгарэт атрымлівае ад прадаўца наша перанакіраванае пытаньне пра вуліцу. Пакупнік адразу ж забывае на сваю шкодную звычку і бяжыць дадому «спраўдзіць мапу». Мы зноў у разгубленасьці на скрыжаваньні. Праз сэкунд дзесяць перад намі стаяць дзьве маладыя афрэамэрыканкі са стандартным нідэрляндзкім «Can I help you?» І гэта пры тым, што мы нават не глядзелі ў іх бок!

Пра злашчасную вуліцу і яны нічога ня ведаюць. Не бяда. Няўдалы пакупнік ужо вярнуўся з патрэбнай інфармацыяй:

«Гэта сквот ці нешта тыпу таго? Тады другі паварот направа», — усьміхаецца ён, і невялікі натоўп жадаючых дапамагчы разыходзіцца па справах.


Перад вясельлем самы час атрымаць паболей інтэрнацыяльных пажаданьняў на галоўнай плошчы гораду - Даме

Ровар — кароль Амстэрдаму

Аўтамабіль у Амстэрдаме нішто, ровар — усё. «Ціхія забойцы» пешаходаў, ровары сталі сымбалем плоскай Галяндыі і Амстэрдаму. Калі паркінг — то абавязкова шматузроўневая стаянка для ровараў насупраць вакзалу. Калі затор на скрыжаваньні ці ля пад’ёмнага маста — то канешне ж роварны і скутэрны. Калі злачынства — то без пытаньняў у кагосьці скралі дваццаты ровар.


Клясычнае фота гораду: ровар і канал. Не хапае канопляў.

Ровараў у гэтым горадзе 600 тысячаў на 750 тысячаў жыхароў. І крадуць іх адпаведнымі маштабамі, у незалежнасьці, прэм’ер-міністар ты, альбо ліцэістка ў даўгім плашчы з парасонам. Крадуць і адразу ж табе прадаюць за сходны кошт разам зь іншым страшна патрэбным хламам на адным з флімаркэтаў. Таму ў сапраўднага нідэрляндца, як, напрыклад, у праграмісткі Хэлен са сталічнай Гаагі, тры ровары: каб езьдзіць у краму —іржавы і стары, каб пакідаць ля вакзалу — калі далёка едзеш на некалькі дзён, ну і парадны — каб на працу хутка-хутка дабірацца.

А вось на машыне ў цэнтры ўвогуле лепей не зьяўляцца: прыпаркаваць жалезнага каня за 5 эўра ў гадзіну здолее ня кожны — месцаў проста няма. Але ж у горадзе ёсьць і трамваі, і нават даражэзнае ў будоўлі мэтро. Але грамадзкі транспарт задавальняе збольшага жыхароў прыгарадаў. Таму лепей за ўсё не вылучацца і таксама ўліцца ў шэрагі чувакоў на веліках.

У нашых паважаных шматнацыянальных амстэрдамскіх гаспадароў пад вокнамі выявіўся цэлы роварны парк: іржавыя і горныя, прыгожыя і паламаныя — усе прыматаныя да ліхтароў і платоў ровары. Выбірай любы. Выбіраем, едзем, прыяжджаем. І, які жах! Панічны страх, што менавіта нашы ровары, адзін другога каштуе, скрадуць і зьвязуць на белым фургоне, што так дарэчы прыпаркаваўся ля кавашопу Siberie.

Сэкс і пах марыхуаны

Дагэтуль у галаве стаіць пах марыхуаны, што ахутвае натоўпы турыстаў і студэнтаў, якія рухаюцца па вузкіх праходах паміж каналамі і дамамі квартала Чырвоных ліхтароў. Каб турысты не памыліліся, сапраўдныя чырвоныя ліхтары асьвятляюць вуліцу. Сэнсу ад іх мала. Галоўная крыніца сьвятла — падсьветка шматлікіх вокнаў з напаўаголенымі прастытуткамі на любы густ: ад маленькіх азіятак да разнамасных трансвэстытаў.

Але большая частка супрацоўніц кварталу — выхадцы з Усходняй Эўропы («уяўляеш, ідзеш так па квартале, хопа, а тут твая аднагрупніца ў вакне стаіць», — дзелімся мы ўражаньнямі ў гэтым карнавале сэксу і лёгкіх наркотыкаў).

Тут жа апранутыя як Стывэн Сыгал у лепшых сваіх баевіках моцныя мужчыны з бародкамі а-ля Дзіма Білан. Так выглядае сутэнёр 21 стагодзьдзя. На каго падобная прастытутка таго ж стагодзьдзя, я паказаць, на жаль, не магу: яшчэ ў спакойнай Празе сігетавец Качэгар бяз долі ўсьмешкі раіў нам нават не даставаць фотаздымачы ў межах кварталу: «Разаб’юць!»

Да вокнаў прастытутак падыходзяць чарнавокія сірыйцы, вітрына прыадкрываецца, прастытутка маніць пальчыкам да сябе. Сірыйцы пытаюцца пра кошты, пачынаецца гандаль. Некаторыя застаюцца, некаторыя ідуць далей — там таксама ёсьць на што палыпаць вачыма.

Напрыклад, сэкс-шоў за 5 эўра ў такім своеасаблівым кінатэатры, дзе тусуюцца ў асноўным маладыя пары. Патаньней — порна па целіку ў асобнай кабінцы. Падаражэй — сапраўднае порна зь дзяўчынамі, хлопцамі, ці стандартнай камбінацыяй на выбар.


Адваротны бок мясцовага сьвята гораду

Кавашопныя байкі

«Знаете ли вы голландскую молодежь? О нет, вы не знаете нашей молодежи. Она нелюбознательна и аполитична. ЛСД — да, секс — да, поп-музыка — да. Сейчас у нас предпочитают „путешествовать“ в мире галлюцинаций с помощью наркотиков, а не по нашей грешной земле», — казаў вуснамі савецкага журналіста аб галяндзкай моладзі часоў тутэйшага брэжнеўскага застою і тамтэйшага пяцігодзьдзя Вудстоку сапраўдны галяндзкі камуніст Даніэль Ван дэр Спэк.

Галяндзкая моладзь ня надта любіць натоўпы турыстаў-аматараў папаліць, якія прыбываюць у Нідэрлянды з памежных Францыі і Нямеччыны, а таксама з усяго сьвету.

«Калі вы прыехалі ў Нідэрлянды, каб абпаліцца, нават не зьвяртайцеся да мяне!» — першым чынам папярэджвае 22-гадовая студэнтка Маастрыхтскага каледжу Леона. Яна зь сяброўкай сама ня супраць пазабавіцца, але наркатурысты шмат каго ўжо дасталі.

«Гісторыя, турыстычныя мясьціны — калі ласка. Наркотыкі — не», — кажа вядучая штодзённага палітычнага шоў на галяндзкім радыё Франка.

І сапраўды, паступова самога пачынаюць даставаць крыклівыя школьніцы, якія прыходзяць у экстаз толькі ад адной выявы зялёнай травы на вітрынах прывакзальных кавашопаў. Бо за кавашопамі многія ня бачаць галоўнага. Хаця галоўнае — для кожнага сваё.


Затое наведвальнікі гэтых найбольш характэрных для Галяндыі ўстановаў, якія пачалі адчыняцца пасьля легалізацыі ў 70-х лёгкіх наркотыкаў у спробе перапыніць распаўсюд цяжкіх, самыя розныя людзі. Варта канешне ж пашукаць больш абарыгенскае месца зь меншай колькасьцю турыстаў. Як і тая ж Siberie — месца чыстае і сьветлае. За вялікімі сталамі сядзяць галяндцы разнашэрснага выгляду, якія ў перапынках паміж паленьнем касякоў гуляюць у настольныя гульні ды папіваюць каву-гарбату.

«Я палю траву з 16 гадоў», — кажа 50-гадовая мастачка Эльжбэта. Яна ўжо месяц не выяжджае з Амстэрдаму. У яе няма некалькіх задніх зубоў і грошай, затое ёсьць марачнага памеру копіі яе карцін, якія адразу ж губляюцца ў кішэнях, і пэрлінавыя каралі на шыі. У кавашоп Эльжбэта прыйшла зь белым чамаданам на калёсіках і не зьбіраецца сыходзіць адтуль да самога яго закрыцьця, хаця і набываць нешта яна таксама не зьбіраецца.


Музычны рай: чатыры крамы з музыкай на ўсе густы і гаманцы ў адным квартале


Аказваецца, гэта так пацешна — езьдзіць па парэзанаму каналамі вечаровым горадзе, разглядаючы чорных, жоўтых і белых спадарожнікаў напаўпустога гарадзкога трамваю Амстэрдаму. Тут усім пофіг на цябе, і табе становіцца пофіг на іншых. Ты проста жывеш, блукаючы паміж каналаў і пабаў, губляючыся ў дыме цэнтру, рызыкуючы патрапіць пад колы раварыстаў, вылупліваесься на паўсюдныя рэпрадукцыі Ван Гога, і зноўку вяртаесься ў белы трамвай, поўны людзей з усяго сьвету. Такога рознага сьвету Амстэрдаму.

Глядзіце Вандроўку Менск-Амтэрдам на вялікай мапе

«Убачыць Амстэрдам і жыць», — заклікаў Дзюма-бацька за два стагодзьдзі да таго, як Алесь Герасіменка і Каця Безмацерных адправіліся спынам у Нідэрлянды. Болей уражаньняў з вандроўкі чытайце ў артыкуле «Хата Рабіно» — месца, дзе няма часу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.063 seconds.