Менскія роварныя дарожкі дасягнуць галяндзкіх маштабаў

Праз чатыры гады агульная працягласьць менскіх роварных дарожак перавысіць даўжыню трасы Менск-Брэст. Сталічныя ўлады абвясьцілы пра пляны будаўніцтва 500 кілямэтраў роварных трасаў да 2015 году. Між іншым раней сьцьвярджалася, што грошай на роварныя трасы не хапае.


Амстэрдам поўны раварыстаў і ровараў. Апошніх, здаецца, болей

Паводле канцэпцыі разьвіцьця роварнага руху Менску, якая распрацаваная Беларускай асацыяцый экспэртаў і сурвэйвэраў на транспарце, да існуючых 27 кілямэтраў велатрасаў трэба дабудаваць яшчэ 473 км. У гэтым выпадку сталіца атрымае запаветныя паўтысячы кілямэтраў веладарожак.

Калі праект будзе рэалізаваны, па даўжыні роварных трасаў Менск у пяць разоў перасягне Вену і на 100 км — Парыж. Да стандарту Амстэрдаму, дзе агулам набудавалі 600 км роварных дарожак, ня хопіць нейкіх 100 км.

Як перадаюць «Менск-Навіны», пачаць акальцоўваць Менск роварнымі дарожкамі плянуюць з 2011 году з Савецкага і Першамайскага раёнаў. Там здымуць высокія бардзюры ды іншыя перашкоды для руху і арганізуюць бесканфліктны рух раварыстаў і мінакоў.

Папярэднія пляны ўладаў былі больш сьціплыя: мэр Менску Ладуцька абяцаў, што да 2013 году ў горадзе пабудуюць 45 км. роварных дарожак, па 5 км у кожным раёне. Пасьля чыноўнікі сталі намякаць, што грошай на будаўніцтва можа не хапіць. Быццам, сетка роварных дарожак можа ўзьнікнуць у тым выпадку, калі Міністэрства спорту і турызму знойдзе інвэстара для іх будаўніцтва.

Першае і пакуль апошняе дасягненьне айчынных будаўнікоў велатрасаў — велабан у 27 кілямэтраў, які нядаўна зьвязаў Дразды і Чыжоўку.

А пакуль Менск моцна адстае ад іншых гарадоў Эўропе па ступені разьвітасьці роварнага руху. Напрыклад, працягласьць веладарожак «роварнай сталіцы Эўропы» Капэнгагену дасягае 390 км, Рыгі — 29 км, Лёндану — цэлых 900. Затое ў Маскве у канцы 2009 году было ўсяго 2.5 кілямэтры рованых дарожак.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0694 seconds.