«Дазвол» на выезд за мяжу для студэнтаў зьбіраюцца адмяніць

У парлямэнце знаходзіцца праект закону, які адмяняе патрабаваньне для студэнтаў пытаць дазвол на выезд за мяжу ў Міністэрства адукацыі. Практыка атрыманьня дазволаў прызнаная фармальнай. Па словах дэпутатаў, вырашаць, каму дазваляць выехаць, а каму — не, будуць дэканы.

Як перадае БелТА, дэпутаты называюць патрабаваньне атрыманьня навучэнцам пісьмовага дазволу Мінадукацыі на выезд за мяжу «фармальным». Бо за такім дазволам зьвяртаюцца ВНУ, а не студэнты. Прычым часьцей за ўсё гэта робяць унівэрсытэты, якія самі накіроўваюць студэнтаў на навучаньне па абмену.

Таму норму, якая патрабуе атрыманьне такога дазволу, плянуецца адмяніць. Адпаведны законапраект ужо знаходзіцца ў парлямэнце. У новай рэдакцыі правілаў вырашаць, пускаць ці не студэнта за мяжу, будзе рэктар паводле меркаваньня дэкану.

Разгляд законапраекту ў першым чытаньні заплянаваны на вясновую сэсію палаты прадстаўнікоў, якая адкрыецца 4 красавіка 2011 года.

Езьдзіць з за мяжу толькі з дазволу Міністэрства адукацыі студэнтаў абавязаў дэкрэт прэзыдэнта ў 2005 годзе. У ім адзначалася, што «накіраваньне грамадзянаў, якія навучаюцца ў арганізацыях сыстэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, на вучобу за мяжу ажыцьцяўляецца зь пісьмовага дазволу Міністэрства адукацыі».

Аб тым, што патрабаваньне пісьмовых дазволаў хутка будзе зьнятая, казаў увосень кіраўнік упраўленьня міжнародных сувязяў БДУ Уладзімір Ціханаў. Тады ён назваў гэта патрабаваньне Мінадукацыі галоўнай перашкодай замежным кантактам унівэрсытэту.

«У існуючай сыстэме, калі студэнты дзеля кожнага выезду мусяць прасіць дазвол у Міністэрства адукацыі, студэнты не рэгіструюць свае выезды. Яны альбо дамаўляюцца з катэдрамі, альбо шукаюць іншыя шляхі», — казаў тады спадар Ціханаў.

За парушэньне гэтага патрабаваньня зь беларускіх ВНУ ня раз адлічалі актыўных студэнтаў. Так, за «самавольны выезд у Францыю» і знаходжаньне там на працягу трох дзён у час навучаньня была адлічаная студэнтка БДЭУ Тацяна Хома. У 2009 годзе адлічылі студэнтку БДУ Тацяну Шапуцьку за ўдзел без дазволу Міністэрства ў міжнароднай канфэрэнцыі. На судзе Тацяны супраць БДУ прадстаўнікі Міністэрства адукацыі прызналі, што студэнты не абавязаныя прасіць дазвол у міністэрства на выезд, бо гэта справа ўнівэрсытэту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.189 seconds.