Новы дэкрэт Лукашэнкі яшчэ больш абмежаваў паездкі студэнтаў за мяжу

Выяжджаць у іншыя краіны для ўдзелу ў спартовых альбо культурных мерапрыемствах студэнтам і навучэнцам цяпер будзе можна толькі з дазволу Міністэрства адукацыі, а арганізацыі, што займаюцца працаўладкаваньнем студэнтаў за мяжой, павінныя мець адпаведную ліцэнзію. Пра гэта гаворыцца ў новым дэкрэце А.Лукашэнкі за № 15 ад 22.10.2005, якім ўносяцца зьмены і дадаткі ў сакавіцкі дэкрэт №3 “Аб некаторых мерах дзеля супрацьдзеяньня гандлю людзьмі”.

Пад прыгожай шыльдай змаганьня супраць гандлю людзьмі сучасныя ўлады Беларусі спрабуюць зьменшыць колькасьць замежных вандровак моладзі. Фактычна таксама гэтымі дзеяньнямі ўлады падштурхоўваюць маладых людзей да эміграцыі. Бо наўрад ці ўсе жадаючыя студэнты здолеюць своечасова атрымліваць дазволы на свае замежныя паездкі. Яны будуць ехаць без дазволу, але ў гэтым выпадку ў іх зьявіцца праблема зь вяртаньнем на Радзіму, дзе такіх студэнтаў будзе чакаць выключэньне з унівэрсытэту ці іншыя непрыемныя наступствы.

Новы дэкрэт працягвае палітыку самаізаляцыі Беларусі і ізаляцыі яе грамадзянаў ад заходняй цывілізацыі. У ім, у прыватнасьці, гаворыцца, што арганізацыі, якія займаюцца працаўладкаваньнем беларускіх студэнтаў за мяжой пад час летніх вакацыяў, мусяць атрымаць адмысловую дзяржаўную ліцэнзію. Да таго ж неабходная згода Міністэрства адукацыі па кожнай канкрэтнай студэнцкай праграме.

Мы ўжо пісалі пра тое, што ў сакавіцкім дэкрэце было замацаванае палажэньне, згодна зь якім выезд студэнтаў на вучобу за мяжу можа адбывацца толькі са згоды Мінадукацыі. У новым жа дакумэнце рэгулюецца нават працэдура кароткатэрміновых (да 30-ці дзён) выездаў студэнтаў і навучэнцаў для ўдзелу ў спартовых ці культурных мерапрыемствах. На іх цяпер таксама трэба мець дазвол Міністэрства адукацыі альбо мясцовых органаў выканаўчай улады.

На president.gov.by на момант напісаньня гэтай навіны ня быў выкладзены дэкрэт №15, пра яго зьмест стала вядома з паведамленьня дзяржаўнай інфармацыйнай агенцыі БелТА. У гэтым паведамленьні ў тым ліку прапісана наступнае. 

“З гэтага часу накіраванне грамадзян, якія навучаюцца ў арганізацыях сістэмы адукацыі Беларусі, на вучобу за мяжу будзе ажыццяўляцца ў наступным парадку:

  • на тэрмін больш як 30 каляндарных дзён - з пісьмовага дазволу Міністэрства адукацыі;
  • на тэрмін да 30 каляндарных дзён, а таксама для ўдзелу на працягу навучальнага года ў спартыўных, культурных і іншых масавых мерапрыемствах: 
  • арганізацыямі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, - з пісьмовага дазволу гэтых органаў;
  • арганізацыямі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных органаў, - з пісьмовага дазволу гэтых органаў;
  • іншымі арганізацыямі - з пісьмовага дазволу Міністэрства адукацыі. ”

Юра Сідун 18:30, 23/11/2005
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.066 seconds.