Падрыхтаваны закон аб пакараньні за парушэньне ўказу № 60

Ужо распрацаваны праект закону, які ўсталёўвае адказнасьць за парушэньне палажэньняў скандальнага ўказу прэзыдэнта № 60. Указ патрабуе ад беларускіх кампаній працаваць толькі з сайтамі, зарэгістраванымі ў Беларусі. У новым законапраекце, падрыхтаваным ААЦ, прадугледжваецца адміністратыўная адказнасьць за парушэньне ўказу.

«Такі законапраект распрацаваны і ўнесены ва ўрад для наступнага ўнясеньня ў Палату прадстаўнікоў», — цытуе Інтэрфакс-Захад словы начальніка сэктару Апэратыўна-аналітычнага цэнтру (ААЦ) пры прэзыдэнце Беларусі Сяргея Краўцова.

Прадстаўнік ААЦ патлумачыў, што калі зарэгістраваныя ў Беларусі юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі будуць аказваць на тэрыторыі краіны паслугі беларускім грамадзянам або рэалізоўваць ім тавары з дапамогай замежных інтэрнэт-рэсурсаў, то яны будуць несьці адміністрацыйную адказнасьць. Аб памеры адказнасьць спадар Краўцоў не ўдакладніў.

Таксама прадстаўнік ААЦ адзначыў, што «не абмяжоўваецца права юрыдычных асоб і ІП аказваць паслугі і рэалізоўваць тавар з выкарыстаньнем замежных рэсурсаў, калі гэтыя паслугі аказваюцца грамадзянам замежных дзяржаў».

Акрамя ўказу прэзыдэнта сёлета прынята 11 актаў, датычных інтэрнэту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0668 seconds.