Беларуская IT-індустрыя можа стаць ахвярай цэнзуры інтэрнэта

IT-кампаніі Беларусі сталі нечаканымі ахвярамі новай найцыянальнай сеціўнай цэнзуры. Пастанова аб блякіроўцы забароненых у Беларусі сайтаў, якая пачала дзейнічаць ад пятніцы і тычыцца найперш дзяржаўных арганізацый, выклікала вал публікацый у замежных мэдыях і прымусіла заходніх бізнэс-партнэраў задумацца: а ці варта надалей супрацоўнічаць зь беларускімі кампаніямі. У выніку дзяржструктурам прыйшлося па-сур'ёзнамі паёрзаць: над амаль адзіным артыкулам беларускага інтэлектуальнага экспарту навіс дамоклаў меч абмежаванасьці айчынных цэнзараў і законатворцаў.

Інфармацыйная вайна паміж беларускімі спэцслужбамі і незалежнымі мэдыямі ў новым годзе прыдбала дадатковы фронт, і на гэты раз ён выйшаў заходнім. І тое ў момант, калі да пачатку дзеяньняў заканадаўства аб выплаце штрафаў за адмову блякаваць у дзяржаўных і адукацыйных установах забароненыя ў Беларусі сайты заставалася некалькі дзён. Ужо ад 6 студзеня правайдэрам, што дазволяць студэнтам і супрацоўнікам беларускіх унівэрсытэтаў чытаць сайты «Хартыя’97» і «Беларускі партызан», а таксама некаторыя блогі, пагражае судовы перасьлед.

Гэта пастанова ўжо даўна абмяркоўвалася ў Беларусі, але на гэтым тыдні наноў вылілася ў сусьветныя мэдыя, якія выбухнулі гнеўнымі публікацыямі аб сутнасьці злачыннага рэжыму, што турбуе пакой звычайных беларускіх юзэраў. І рэальнасьць, якая вымалёўвалася ў гэтых артыкулах, аказалася значна болей жорсткай за тую, у якой беларусы жывуць цяпер (ці жылі).

«Amazon зачыніць доступ да свайго сайту» беларусам

«З уступленьнем у дзеяньне „Зьменаў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях“ 6 студзеня гэтага году, грамадзяне маленькай рэспублікі ня змогуць наведваць замежныя сайты, сэрвэры якіх разьмешчаныя за межамі нацыянальных межаў. За парушэньне закону прадугледжаныя штрафы да 96 эўра», — гаворыцца ў апакаліптычным артыкуле італьянскага выданьня La Stampa.

Уплывовыя ў бізнэс-сьвеце выданьні Wall Street Journal і Forbes дадалі паліва ў агонь:

«Беларускія грамадзяне сутыкнуцца з судовымі разьбіральніцтвамі, а бізнэс можа аказацца пад пагрозай ліквідацыі, калі яны будуць карыстацца замежнымі сайтамі», — дадае Wall Street Journal.

«Гэта можа зрабіць такія кампаніі, як Amazon альбо eBay, нелегальнымі прадаўцамі тавараў беларускім спажыўцам», — піша паважаны BBC.

«Верагодна, Amazon зачыніць доступ да свайго сайту наведвальнікам зь Беларусі, паколькі гэтыя наведвальнікі прадстаўляюць малую частку кліентаў кампаніі, аднак прававыя пытаньні, што могуць паўстаць па ініцыятыве беларускага ўраду, могуць стварыць вялікія праблемы», — прагназуе Forbes.

Заканадаўства, аб якім ідзе размова, дзейнічае ўжо год, але ж толькі цяпер за яго парушэньне будуць уведзеныя санкцыі. Менавіта да іх зьяўленьня прымеркаваны такі ўважлівы погляд замежных СМІ да беларускай сытуацыі. Рэфлексія грунтуецца на перасьцярогах, зьвязаных з сусьветным трэндам абмежаваньня свабоды ў Сеціве. Але, ня толькі.


Чырвоным пазначаныя краіны, дзе існуюць вялікія праблемы са свабодай Інтэрнэту. Беларусь мае шанцы хутка перайсьці ў катэгорыю "чорных" дзяржаў з "поўнай цэнзурай"

«Негатыўна адбіцца на разьвіцьці супрацоўніцтва»

«Да нас зьвярнуўся шэраг замежных заказчыкаў, якія выказалі сваю заклапочанасьць у сувязі з унясеньнем паправак у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, — заявіў на наступны дзень пасьля зьяўленьня гэтых публікацый прадстаўнік Парку высокіх тэхналёгій. Нечакана беларускія IT-гіганты, што ўваходзяць у гэта фармаваньне, аказаліся сярод найбольш верагодных ахвяраў новых законаў. — Яны выказваюць сумневы з нагоды нашай магчымасьці аказваць паслугі за межамі Беларусі пасьля 6 студзеня».

Па словах бізнэсмэнаў, перасьцярога судовага перасьледу за парушэньне беларускага заканадаўства «Можа негатыўна адбіцца на разьвіцьці супрацоўніцтва і сумесных праектах». Прадстаўнікі спэслужбаў былі вымушаныя выступіць са шматлікімі абмежаваньнямі, сэнс якіх зводзіцца да наступнай заявы Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце:

«Заканадаўства не перашкаджае дзейнасьці беларускіх суб’ектаў гаспадараньня па рэалізацыі тавараў, выкананьню працаў і аказаньні паслугаў за межамі Рэспублікі Беларусь з выкарыстаньнем замежных інтэрнэт-рэсурсаў».

За КДБ і ААЦ, што фільтруюць Сеціва і шукаюць "экстрэмісцкія парталы", нават быў вымушаны заступіцца адзін зь лідэраў беларускай інтэрнэт-супольнасьці, уладальнік Tut.by Юры Зісер, які ўдзельнічаў у распрацоўцы ўказу аб блякіроўцы непажаданых сайтаў. Па яго словах, беларускія арганізацыі ўжо выконваюць усе патрабаваньні, і таму размовы аб тым, што замежны Інтэрнэт можа закрыцца для беларускіх карыстальнікаў ці кампаній, «трох грошай ня вартыя».

Спроба даць хуткі адказ на публікацыі ў замежных і беларускіх мэдыях зразумелая: толькі за мінулы год кампаніі Парку высокіх тэхналёгій (якія прадстаўляюць буйную, але далёка ня ўсё IT-індустрыю Беларусі), зарабілі на замежных кантрактах $160 мільёнаў. І гэтыя грошы могуць быць згубленыя разам з адмовай ад супрацоўніцтва з таннымі, але дастаткова разумнымі беларускімі праграмістамі. З-за перасьцярогаў заходніх карпарацый стаць ахвярай беларускага суду альбо звычайнай недалёкасьці беларускай спэцслужбы.

Сапраўды, карыстальнікі зь Беларусі і пасьля 6 студзеня змогуць набываць тавары на eBay, а кампаніі, што займаюцца афшорным праграмаваньнем, і надалей змогуць прадаваць свае прадукты ў Эўропу і ЗША. Судовыя разьбіральніцтвы могуць пачацца толькі супраць нешматлікіх беларускіх правайдэраў і інтэрнэт-кавярняў, якія, верагодна, пасьпяшаюцца выканаць усе патрабаваньні закону, калі таго яшчэ не зрабілі. А таксама кампаній і прадпрымальнікаў, што прадаюць нешта ў Беларусі і карыстаюцца замежнымі сэрвэрамі для сваіх прадстаўніцтваў у Сеціве.

Але цяперашнія законы, а, галоўнае, стаўленьне дзяржавы да Інтэрнэту як да адной з галоўных крыніцаў палітычнай небясьпекі, не пакідаюць беларускім карыстальнікам надзеі спакойна юзаць Сеціва: у любы момант, легальна ці ня вельмі, доступ да яго можа быць абмежаваны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1118 seconds.