Sziget. Частка 1: Мы на востраве!

1300 км да Будапэшту пераадоленыя! Беларускія, польскія, славацкія дарогі — на тыдзень засталіся ў мінулым. Мы на востраве, на легендарным фэстывалі Sziget. Яшчэ абжываемся, аднак ужо плянуем вярнуцца сюды зноў і зноў. Суцэльны пазытыў, безьліч рознамоўных людзей вакол, атмасфэра даверу й адрыву. Тут кожны можа дазволіць сабе на час пабыць панкам — і без наступстваў. Нашы першыя ўражаньні — ва ўрыўках словаў і здымках.

Мы едзем-едзем-едзем

Выехалі мы ў панядзелак па абедзе, па дарозе заночылі ў Польшчы і рушылі далей.


Пад'яжджаем да Славакіі — наперадзе горы з сэрпантынамі

Пазычаны ў сяброў навігатар вёў невядомымі дарогамі, аднак вёў упэўнена да самага Будапэшту на востраў сярод Дунаю, дзе й раскінуўся Сігет.

Намёты мы ставілі ўначы, таму з ходу зразумець сыстэму разьмяшчэньня на фэстывалі і не спрабавалі, а адразу вырашылі зацаніць усе маштабы на раніцу, далучыўшыся на ночку ў «беларускі намётавы гарадок».


Алея сьцягоў на Сігеце прадстаўляе ля 50 краінаў, культура якіх прадстаўленая на фэсьце. Беларускі чырвона-зялёны вісіць першым насупраць эўразьвязаўскага.

Беларусаў сёлета ўжо прынамсі сотня чалавек, а на алеі сьцягоў краінаў, якія адлюструюць сваю культуру на фэсьце, ёсьць і беларускі чырвона-зялёны. Аднак мясцовыя мала ведаюць слова Беларусь, а вымавіць назоў сваёй краіны па-вугорску нам ня лёгка — Feherorszorszag. Зрэшты, для аматараў ёсьць магчымасьць атрымаць адмысловы бясплатны курс вугорскай мовы тут жа на востраве.

Тут кожны можа дазволіць сабе пабыць панкам

Дзе дазволена ставіць намёты на Сігеце? Тут такога пытаньня няма ў прынцыпе. Свабода ва ўсім — стаў, дзе заўгодна. Хоць ля сцэны, хоць пад дрэвам ці ля крамы, хтосьці проста сьпіць на дарозе. Жыцьцё віруе. Галоўнае — не забыць потым, дзе намёт :) Бо людзі на востраў няспынна прыбываюць і абжываюць усё.


Гурты — на любы густ. Адначасова адбываюцца падзеі на 15 сцэнах фэсту.

На тыдзень востраў ператвараецца ў цэлы горад памерам зь беларускі абласны цэнтар — сёлета тут плянуецца 400 тыс. гледачоў. Ня дзіва, што па вечарох вулачкі між сцэнамі ператвараюцца ў насычаныя людзкія плыні. Размаўляюць на розных мовах, але ў нейкай чароўнай фэстывальнай атмасфэры ўсе адзін аднаго разумеюць і падбіваюцца на спантанныя флэшмобы ад танцаў да спробаў наладзіць агульны бубновы рытм на кантэйнэрах са сьмецьцем.

Тут кожны можа адчуць сябе панкам і ня думаць ні пра што — ні пра рэчы, якія могуць стырыць, ні пра грошы, якія можаш згубіць, ні пра дарагі сэрцу мабільнік. Рэчы зручна пакінуць у камэры захоўваньня, якіх хапае на востраве. Пра кэш наагул можна забыцца! Мяняеш грошы, побач афармляеш «сігетаўскую» картку, куды іх усе кладзеш — і ўсё. Сёлета на Сігеце ёсьць нават свая мабільная сувязь. 10 даляраў — і новы мабільнік з усёй сумай на рахунку — у кішэні. А для зручнасьці яшчэ й сумка ў падарунак з напісанай на ёй тваім тэлефонным нумарам. Званкі паміж «сігетаўцамі» амаль бескаштоўныя. Казка! :)

Музыка 


Выступаюць амэрыканцы Ill Niño


Прыхільнікі Bad Religion ледзь зьмясьціліся ў залю адной са сцэнаў 

Хвалявацца тут можна толькі пра адно — як на ўсё пасьпець. 15 сцэнаў з рознастылёвай музыкай не даюць на гэта шанцаў. Мы ўжо патрапілі на Ska-P, The Hives, Madness, Bad Religion, Ill Nino, Children of Bodom, завадных кубінцаў Orquesta Buena Vista Social Club & Omara Portuondo ды яшчэ краем вуха пачулі дзесяткі іншых выканаўцаў з усяго сьвету. А ў пятніцу, 13-га, на галоўнай сцэне будуць беларусы — «Ляпіс Трубяцкой». Прадусар гурта Яўген Калмыкоў ужо дабраўся на Сігет і ўліўся ў агульны сігетаўскі рух.


Сымболіка фэсту паўсюль! Адмыслова пад Sziget вырошчвалі фэстывальныя яблыкі.

Напэўна, мы пакуль не пабачылі і дзесятай часткі Sziget, аднак стараемся. Тут крута, цёпла, насычана і да падазронасьці афігенна :) Будзем разьбірацца далей! На мэйн стэйджы ўжо пачаўся саўндчэк, зьвініць тэлефон — сябры запрашаюць зганяць у горад. Таму да сувязі!

Глядзіце таксама першы фотарэпартаж з Sziget-2010

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0691 seconds.