Чыноўнікі паспрабавалі патлумачыць, што стане зь беларускім Інтэрнэтам

Чыноўнікі Міністэрства сувязі паспрабавалі даць тлумачэньне нядаўняй пастанове ўраду, якая кардынальна мяняе адносіны паміж уладальнікамі сайтаў, правайдэрамі і карыстальнікамі байнэту. Высьветлілася, што фізычныя асобы могуць не рэгістраваць сайты ў Міністэрстве сувязі, калі трымаюць іх па-за межамі Беларусі, але на незарэгістраваных сайтах прадаваць рэкляму будзе нельга. Пры гэтым усе карпаратыўныя сайты мусяць быць пераведзеныя ў зону .by, а за недакладную інфармацыю пры рэгістрацыі сайтаў будуць наказваць.

Са зьяўленьнем прэзыдэнцкага указу № 60 і ўрадавай пастановай № 644, якія ўступаюць у сілу з 1 ліпеня, беларускае Сеціва запоўнілі сотні пытальнікаў: што будзе далей з байнэтам не бяруцца прадказаць нават прафэсійныя юрысты і гульцы рынку, якія, уласна, і стваралі байнэт.

Паводле словаў галоўнага спэцыялісту ўпраўленьня электрасувязі Мінсувязі Паўла Петрулевіча, усе юрыдычныя асобы, чые інтэрнэт-рэсурсы знаходзяцца ў дамэннай зоне.by, але маюць замежны хостынг, абавязаныя перавесьці свае сайты ў Беларусь да мясцовых хостэраў. Аб гэтым паведамляе БелТА.

Фізычныя асобы могуць адмовіцца ад рэгістрацыі. Але разьмяшчаць сайты на тэрыторыі Беларусі без рэгістрацыі для іх будзе немагчыма. Рэгістрацыю ж сайтаў фізасобаў, якія знаходзяцца на сэрвэрах «Белтэлекаму», будзе рабіць пастаўшчык інтэрнэт-паслуг.

Зарэгістраваць прыйдзецца нават сайты на бясплатных хостынгах і дамэнах другога ўзроўню:

«Што тычыцца рэгістрацыі сайтаў на дамэнах ніжэйшага ўзроўню, то, у адпаведнасьці з указам і падзаконнымі актамі, рэгістрацыі падлягае інфармацыйны рэсурс як самастойная адзінка. Возьмем, да прыкладу, інтэрнэт-пляцоўку shop.by. Разьмяшчэньне там крамаў асобнага суб’екта гаспадараньня — юрыдычнай асобы ці індывідуальнага прадпрымальніка — будзе лічыцца як асобны інфармацыйны рэсурс і падлягае асобнай рэгістрацыі пастаўшчыком інтэрнэт-паслугаў», — цытуе Радыё Свабода начальніка сэктару інфармацыйных тэхналёгій Мінсувязі Сяргея Руднева.

За прадастаўленьне недакладнай інфармацыі пры рэгістрацыі сайтаў будуць наказваць адпаведна зь «мерамі адказнасьці», якія яшчэ ў законах не названыя.

Таксама стала вядома, што на незарэгістраваных сайтах забароняць ажыцьцяўляць любую гаспадарчую дзейнасьць. Напрыклад, прадаваць рэкляму. Аб гэтым піша electroname.com.

Чыноўнікі адзначылі, што цяпер распрацоўваюцца дакумэнты, якія будуць рэглямэнтаваць забарону доступу карыстальнікаў да некаторых сайтаў, якія ўтрымліваюць «інфармацыю, распаўсюд якой забаронены заканадаўствам». Ужо дакладна вядома, што ва ўсіх органах дзяржкіраваньня, установах адукацыі і культуры доступ да такіх сайтаў будзе зачынены. Прыватныя карыстальнікі могуць па ўласнай ініцыятыве папрасіць правайдэраў забараніць ім доступ да такой інфармацыі. Але, як будзе ажыцьцяўляцца гэта норма ўказу № 60, пакуль невядома.

Таксама засталося без адказу пытаньне, ці дазволяць беларускім хостэрам разьмяшчаць сайты фізычных асобаў за мяжой. На гэтыя і некаторыя іншыя пытаньні чыноўнікі абяцалі адказаць «у прыватным парадку».

Да ўступленьня ўказу ў сілу застаецца толькі месяц, але не зарэгістраваны пакуль ніводны рэсурс. Пытаньняў усё яшчэ болей, чым адказаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.