Разьмешчаныя ў Беларусі сайты цяпер неабходна рэгістраваць
Да 1 ліпеня «інтэрнэт-сайты, якія разьмешчаныя на тэрыторыі Беларусі», мусяць быць зарэгістраваныя і ўнесеныя ў адмысловы дзяржаўны рэестар. Асноўную працу па рэгістрацыі ўсклалі на хостынг-кампаніі.
Пастанову ўраду, якая рэглямэнтуе дзейнасьць сайтаў, чакалі яшчэ зь лютага, калі выйшаў скандальны ўказ прэзыдэнта аб дзейнасьці Інтэрнэту ў Беларусі. Але зьяўленьне пастановы зрабіла сытуацыю яшчэ менш зразумелай.
Дзяржава зьбіраецца займець рэестар «дзяржаўных сыстэмаў, сетак і рэсурсаў», у які мусіць быць унесеная інфармацыя аб сайтах, сетках і інфармацыйных сыстэмах, што знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Рэгістрацыяй будзе займацца Міністэрства сувязі і інфарматызацыі праз хостынг-правайдэраў. Паводле пастановы, рэгістрацыя будзе мець заяўны характар.
Для таго, каб зарэгістраваць сайт, прыйдзецца прадаставіць дзяржаве поўную інфармацыю пра яго ўладальніка, падрабязную тэхнічную інфармацыю аб працы сайта. Усе працэдуры па рэгістрацыі сайтаў мусяць быць завершаныя да 1 ліпеня.
Пастанова ўраду зьбянтэжыла нават юрыстаў:
«З пастановы Саўміну і формы рэгістрацыйнай заявы вынікае, што „ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу“ і „пастаўшчык інтэрнэт-паслуг" — гэта розныя суб’екты. Таму можна зрабіць выснову, што хаця б самім уладальнікам рэсурсаў ні па якую рэгістрацыю зьвяртацца ня трэба», — камэнтуе дакумэнт у аглядзе Беларускай асацыяцыі журналістаў намесьнік старшыні ГА „БАЖ“, юрыст Андрэй Бастунец.
«Але па-ранейшаму застаецца незразумела, што такое „разьмешчаныя на тэрыторыі Рэспулікі Беларусь“ інфармацыйныя сыстэмы, сеткі і рэсурсы, якія падлягаюць рэгістрацыі? Гаворка ідзе пра сайты, зарэгістраваныя ў дамене by, ці ня толькі? Што рабіць тым, каго зь Беларусьсю зьвязвае толькі IP-адрас?..» — адказы на гэтыя пытаньні мусяць зьявіцца хутка.