Брытанскія палітыкі шукаюць галасы пакаленьня Y у сацсетках

Усёй магіі чароўнай палачкі Гары Потэра ня хопіць, каб адправіць маладых брытанцаў на выбарчыя ўчасткі. Парляманцкія выбары, самыя непрадказальныя і цікавыя за апошняе дзесяцігодзьдзе, адбудуцца ў Злучаным Каралеўстве ўжо сёньня, але толькі трэцяя частка выбаршчыкаў студэнцкага ўзросту зьбіраецца галасаваць. Змагацца з апатыяй пакаленьня Y брытанскія палітыкі, натхнёныя прыкладам Барака Абамы, вырашылі празь Сеціва.


Сёньня дзень выбараў у брытанскі парлямант. Паводле апытаньняў, толькі трэцяя частка выбаршчыкаў ад 18 да 22 гадоў зьбіраюцца прыйсьці на ўчасткі. Фота AP

Актор Даніэль Рэдкліф, які праславіўся праз ролю Гары, зрабіў выбар месяц таму. Больш за тое, ён абвясьціў, што зьбіраецца аддаць голас за прадстаўніка трэцяй сілы, якая ўпершыню складае такую моцную канкурэнцыю фаварытам — кансэрватарам і лейбарыстам.

Лідэр апошніх, Гордан Браўн, цяперашні прэм’ер, хутчэй за ўсё пакіне свой пост. На зьмену яму прыйдзе маладзейшы і кансэрватыўнейшы Дэвід Кэмэран — выпускнік Ітану і Гарварду, у жылах якога бруіцца каралеўская кроў.

Апошні арганізаваў самую актыўную лоўлю выбаршчыкаў пакаленьня Y у сецях Сеціва. Кансэрватары вырашылі выкарыстаць, здаецца, усе мэтады прыцягненьня ўвагі ў Інтэрнэце: ад кантэкстнай рэклямы праз ад Google да банэраў на вельмі папулярнай у Брытаніі музычнай сацыяльнай сетцы Spotify.

Хаця найлепшы посьпех у сацыяльных мэдыя спрыяў усё ж лібэрал-дэмакратам Ніка Клэга. Група фэнаў яго партыі набрала з моманту яе адкрыцьця ў канцы сакавіку больш за 140 тысяч сяброў. Гэта ўдвая болей, чым у астатніх галоўных прэтэндэнтаў на прэм’ерскае крэсла.


Лідэр кансэрватараў Дэвід Кэмэран шукае падтрымкі ў пакаленьня Y. Фота AP

Donate me!

Палітыкі ў Twitter і Facebook — ужо звычайная рэч. Сацыяльнымі сеткамі не грэбуюць ні дыктатар Чавэс, ні менская міліцыя. Натхнёныя посьпехам Барака Абамы, які два гады таму празь Сеціва сабраў каля 500 мільёнаў даляраў на сваю кампанію, маладыя палітыкі шукаюць асноўную падтрымку выбаршчыкаў у Інтэрнэце.

18-гадовы студэнт Люк Вікінс, самы малады ўдзельнік выбараў, балятуецца як незалежны кандыдат, піша Kansas.com. Каб заплаціць за ўступленьне ў парлямэнцкую гонку, ён быў вымушаны выдаткаваць сродкі, назапашаныя падчас працы ў McDonald’s. А надрукаваць улёткі яму дапамаглі юзэры Facebook, за фінансавай дапамогай да якіх ён зьвярнуўся ў час кампаніі.

«Думаю, галоўны мой актыў — гэта сацыяльныя сеткі», — аптымістычна кажа малады Люк.

Падлічаць усіх

Ці прыйдуць сёньня астатнія дзьве траціны брытанскага пакаленьня Y да выбарчых скрыняў, застаецца невядомым. Але назіраць за ходам галасаваньня празь любімае Сеціва ў іх дакладна атрымаецца.


Як там галасуюць у Ёркшыры? Мапа выбараў ад Economist

Кожнае вядучае брытанскае мэдыя мае ўласную візуалізацыю разьмеркаваньня галасоў выбаршчыкаў па ўсёй краіне. Зараз на старонках Times, Economist, BBC можна бачыць, як зьбіраліся галасаваць у тым ці іншым графстве паводле апошніх апытаньняў, але хутка там зьявяцца і вынікі выбараў. Калі вынік галасаваньня да дзесятых доляў працэнту вядомы ў кожнай акрузе, прынамсі, сумневу ў справядлівасьці сыходу выбараў узьнікнуць ня можа. Максымум, шкадаваньне аб тым, што да скрыні так і не дабраўся.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0844 seconds.