Праграміст, які жыве актывізмам, замест таго, каб кодзіць за тысячы $: Міхаіл Волчак у серыі «Генерацыя актыўнасці»

Міхась Волчак

Ружовая мара бацькоў сучаснага беларускага падлетка: адвучыць дзіця на праграміста і сачыць за яго кар'ерай у адной з кампаній ПВТ. Міхаіл Волчак адвучыўся ў БДУіР на праграмера, але замест плану «хата, тачка, дачка» ўвесь свой час выдаткоўвае на развіццё грамадскіх ініцыятыў, якія сам і выдумляе: ад дваровага футболу да пірацкага руху ды прамоцыі беларускай Вікіпедыі.

«Я назіраю за людзьмі, якія працуюць на стандартных працах – у іх вельмі жорсткі рытм. У Турцыю зганяць, пасля адразу на працу», – пра свой лад жыцця паспяховага тунеядца-актывіста-фрылансера Міхаіл распавёў Generation.by у серыі «Генерацыя актыўнасці».

Вечарам на Грушаўцы хораша: людзі гандлююць садавінай і ціш, толькі баяністы пад крамай «Суперпрод» агітуюць за АРЛ. Міхась з’яўляецца з-за пляча, і мы ідзем у парк.

Міхась – праграміст, скончыў БДУІР, вывучае ў БДУ права, але тысячы тысяч не зарабляе і выбраў іншае жыццё. У 2007 годзе яны з сябрамі па суполцы Zabej.info ладзілі дваровыя футбольныя турніры, а з 2011 года ў межах арганізацыі «Фаланстэр» займаюцца Вікіпедыяй і лічбавымі тэхналогіямі для грамадства ў шырокім сэнсе, правам, супольнасцямі. «Я сацыяльны эксперыментатар», – зазначае Міхась.

Каляровыя лісцікі на 10 дзён наперад

Чым ты зараз займаешся?

Тунеядствую – афіцыйна нідзе не працую, займаюся грамадскай дзейнасцю. Валанцёр і фрылансер.

Валанцёрствам Міхась называе працу над уласнымі праектамі. Дзе яна, а дзе зарабленне грошай і дзе адпачынак?

Усё так пераплялося, што складана падзяліць. Я імкнуся займацца тым, што мне цікава, і часам не хапае 24 гадзін на суткі. Куды-небудзь еду па справах – закладаю туды адпачынак, працэнтаў 20 часу. Бо бывае, што канцэнтруешся на справах і забываеш пра ўсе раздражняльнікі, гэта можа выводізць арганізм з раўнавагі.

У мяне ёсць квадратныя папяровыя лісцікі з задачамі на дзень – яны могуць засцілаць увесь стол. Ты думаеш: так, што ўзяць на сёння? Гэта вазьму, гэта… А там на 10 дзён наперад.

«Недаацэньваеце вы пенсіянераў, маладзёж!»

Працу сваю Міхась называе не вельмі зразумелай людзям:

А што ты скажаш? Ну, Вікіпедыя… Я ўчора з маці гутарыў, яна спачатку не здагадалася, што гэта, потым сказала: «Чула». Скончылі тым, што тлумачыў ёй, што такое лайкі ў фэйсбуку.

Пакаленне сталейшых людзей, на яго думку, адначасова і бесперспектыўняк, і невыкарыстаны рэсурс:

Я нядаўна гутарыў з чалавекам на канферэнцыі вікіпедыстаў у Таліне. Ён прафесар, яму 70 год. Кажа: «Я 10 год таму пайшоў на пенсію, і з’явілася шмат часу. Я прысвячаю яго Вікіпедыі». Ён напісаў больш за 1000 артыкулаў… І пасля кажа: «Недаацэньваеце вы пенсіянераў, маладзёж!»

Што робяць тыя, каму бабуля не пакінула скарб Вітаўта

Ці цяжка ўладкаваць сваё жыццё так, каб займацца тым, што табе цікава?

Не ўпэўнены, што я яго уладкаваў. Але гэта вельмі складана: калі ты хочаш займацца тым, чым хочаш, то мусіць быць ці вельмі багатым, ці вельмі разумным.

Ці сціплым?

Сур’ёзна, гэта ісціна, пагуглі ў інтэрнэце. Калі ты разумны, то зможаш мінімізаваць свае выдаткі. Ці ты багаты, табе бабуля пакінула тры кватэры і скарб Вітаўта. Мой варыянт хутчэй першы, але гэта нестабільна…

Увесь час думаць?

Так. І прыдумваць такі занятак, каб былі мінімальныя грошы, але 70% часу сыходзіла на тваё захапленне.

Класічныя кватэрныя сансары

Міхась не мае кватэры, і на аўто Вікіпедыяй таксама не зарабіў:

…не думаеш пра пэўныя стандарты жыцця: хата, тачка, дачка… Шмат людзей майго ўзросту, якім складана перайсці псіхалагічныя бар’еры, каб займацца тым, што падабаецца.

Не ведаю, як твая маці, але мая кажа: «Калі ўжо пачнеш працаваць?» Адказваю – я працую! Вось хату здымаю, грошай не прашу. «Но я хочу, чтобы ты работал». Бацькі ўяўляюць гэта так: праграміст – у Парку высокіх тэхналогій.

Зараз шмат моладзі працуе на кватэру і ўлазяць у крэдыты. 10 год прайшло, яны замучылі сябе і пасля, магчыма, нічога не будуць хацець.

Гэтыя сансары вельмі класічныя ў нашых краях.

Сацыяльны эксперымент і самарэалізацыя

А фрылансерства дае магчымасць быць мабільным, і яно ж – жэстачайшы капіталізм, можаш так і запісаць. Выціскаюць усе сокі маладосці. У офісах па 8 гадзін тыпу працуюць, і шмат хто з іх насамрэч па 2-3.

На фрылансерстве кожную гадзіну лічаць, гэта больш рызыкаў, але больш свабоды.

І вось з такой працай нашто табе грамадская актыўнасць?

Памятаеш, я табе неяк казаў, што Беларусь – не для бізнесу? Тут і так зашмат людзей думае пра эканоміку, але вельмі шмат праблем з ёй ляжыць у плашчыні уладкавання грамадства на розных узроўнях.

Грамадская дзейнасць – вельмі празрыстая, дзе ты наўрад ці зможаш адмываць грошы. На цябе глядзяць, калі памылішся – табе шмат скажуць пра гэта. Таму што сказаць? Гэта добрая магчымасць самарэалізавацца чалавеку, які не складзены для бізнесу. І гэта карысна для маладога беларускага грамадства, у якім не хапае такой працы з людзьмі.

Для мяне гэта перш за ўсё магчымасць ладзіць сацыяльныя эксперыменты і атрымліваць неправераныя новыя веды, практычны досвед.

Яны шукаюць ісціну ў мабільніках, і іх энтузіязм невычарпальны

Як за час, што ты ў грамадскай дзейнасці, змяніліся людзі вакол?

Кожны чалавек прыцягвае свой тып людзей, і я прыцягваю блізкіх да мяне. У чым яны змяніліся? Зрабілася больш электроншчыны. Мабільнікі пераўтварыліся ў цэлы сусвет. Людзі знайшлі іншую крыніцу ісціны для сябе, яны шукаюць яе ў сваіх мабільніках, і іх энтузіязм невычарпальны. Я ўжо больш за год не быў у метро, але як там, раскажы? Мне падаецца, там гэта зусім зашкальвае.

Гэта парталы, якія звязваюць людзей. Яны пачалі замаўляць ежу ў краме праз інтэрнэт, у Еўраопце. Прыкінь, я такі старамодны, я хаджу ў краму.

Інтэрнэт зрабіўся ландшафтам, і яго намагаюцца прыватызаваць

Але ж ты таксама свае ісціны шукаеш у інтэрнэце? Твая грамадская дзейнасць жа ў дэвайсах?

Яна ў рэале. Канешне! Я быў тыдзень таму на канферэнцыі вікіпедыстаў, яны ўсе рэальныя. Гэта ўсё пабудавана на рэальных сувязях між людзьмі, тэхналогіі для іх нагода, сродак абмену. Гэта супольнасць людзей, звязаных пэўнай мэтай.

…Інтэрнэт стаў ландшафтам. Гэта вызначае новыя выклікі ў маёй грамадскай дзейнасці: прыватнасць, магчымасць удзельнічаць, свабода камунікацыі, веды – для мяне гэта важна.

Калі штосьці становіцца ландшафтам, гэта намагаюць прыватызаваць. Інтэрнэт перастаў належаць гікам, гэта масавая з’ява, і кожны спрабуе зарабляць на гэтым. Хтосьці прадае тавар, а хтосьці прадае дадзеныя пра тое, якія спасылкі мы клікаем.

Гэта выклік для беларускага грамадства: ці варта, каб камерцыйныя структуры ці дзяржава сачылі за гэтым? Але грамадства пакуль не дало адказ. І я з гэтым працую.

А памятаеш, ты некалі казаў: “Хочаш сэк’юрнасці – ідзі ў горы”? Наколькі вольны зараз чалавек у інтэрнэце?

Людзі ў інтэрнэце вольныя настолькі ж, наколькі і ў рэале,а інтэрнэт – толькі сродак, праз які яны даводзяць думкі, стасуюцца, робяць справы.

А шыфраванне, VPN трэба, каб быць вольным?

Тэхналогіі можна выкарыстоўваць, але пытанне для грамадства застаецца. Я магу так сказаць: інтэрнэт зараз масавая з’ява, некантраляваная, але дзяржава бярэ яе пад кантроль, ніяк не прыслухоўваючыся да грамадзян: адключэнне розных рэсурсаў пад палітычныя кампаніі, прэсінг СМІ, актывістаў. Гэта пакуль справа меншасці.

Калі ты студэнт-рамантык – гэта адно, а праз пяць год у кагосьці дзеці пайшлі ў школу

…Зараз выхаласцілася ўсё палітычнае. Ты бачыла гэты пікет, які тут – гэта не палітычны працэс, гэта нейкі сюр!

Ідзеш і думаеш: Вы чым займаецеся? Агітуеце за кандыдата – дык пакажыце праграму, з ёй мусіць стаяць апантаны актывіст, а не сумнеўныя твары з гармонікам і бубнам.

Людзі дрышчуць ад палітычага, баяцца нават гэтага слова. Яны сталі, магчыма… я не хачу казаць больш “прагматычнымі”, бо я рамантык… Але калі ты студэнт і актывіст – гэта адно, але твае аднагодкі растуць, і праз 5 год у кагосьці дзеці пайшлі ўжо ў першы клас.

Людзі не чакаюць: дваццатка пайшла – трэба сям’я, 22-25 – дзеці... Я назіраю за людзьмі, якія працуюць на стандартных працах – у іх вельмі жорсткі рытм. У Турцыю зганяць, пасля адразу на працу.

Знаёмыя пасталелі, паставілі сабе больш рэалістычныя мэты, нармальныя і магчымыя. А рамантычныя мэты, пра больш дэмакратычнае, прагрэсіўнае, адкрытае грамадства – гэта зусім касмічная тэрміналогія для Беларусі.

Не расфасоўваю ў гіпермаркеце тавар, але раблю карысна для грамадства

То бок людзі, якія хочуць хату пад Менскам за 100 тысяч – яны больш рэалісты?

Яны практыкі, і гэта нармальна.

Ну што сказаць? Я па жыцці знаходжу людзей, якія мяне разумеюць. Часам патрэбна 1 ці 2 чалавекі, каб ты мог рабіць тое, што хочаш. А што вакол думаюць часта – гэта другасна.

Час прынёс і станоўчае: аднагодкі могуць дапамагчы праекту грашыма. Не астранамічна, але раз дамапамагаюць – значыць, некаму ў грамадстве гэта трэба.

Я не ствараю прадукт і не расфасоўваю ў гіпермаркеце тавар, але раблю карысна для грамадства. Ужо некалькі чалавек, з якімі я не звязаны сваяцкімі стасункамі, робяць грашовыя унёскі ў грамадскія справы, якім я займаюся. Значыць, усё правільна: трэба развіваць маё бачанне лічбавых тэхналогій у грамадстве і бачанне іх месца.

Бо не толькі мы ўздзейнічаем на тэхналогіі, але і яны на нас. І яны даюць магчымасць таго, што я заклаў у сваю ўласную місію: дамагчыся, каб грамадства было больш адкрытым і дынамічным.

Восем зваліла, два вярнуліся

…Калі зрабіць сістэмную перабудову грамадскага уладкавання, у беларусаў усё будзе лепш, чым у эстонцаў (смяецца). У гэтым я ўпэўнены, бо эстонцы нікуды не спяшаюцца, а беларусы праз сябе працуюць на трох працах.

Я да чаго? Патэнцыял ёсць, але існуе бар’ер для адкрытасці новаму. Я лічу, што ён палітычны, і мы яго так ці іначай мы зменім, наша пакаленне ці наступнае…

Зараз у большасці моладзі два варыянты: ці заставацца тут і прымаць стандарт жыцця, адукацыі, які вызначыла ўдзяржава, ці валіць за мяжу і шукаць шчасце.

Я адчуваю зараз, што шмат хто з маіх знаёмых зваліў за мяжу. Хтосьці вяртаецца – восем зваліла, два вярнуліся. Апошніх будзе больш. Я спадзяюся, у людзей, якія вернуцца, будуць сілы і жаданне прынесці сюды свой досвед.

Чым жывуць у Беларусі арт-актывісты, абаронцы правоў чалавека, змагары за права зручна карыстацца роварамі ў горадзе, за права хатніх жывёл на ўласную жылплошчу, за свабоду праграмнага коду і сэксуальнай арыентацыі. Нехта штодня муціць свой грымучы кактэйль актывізму адначасова ў розных сферах, хтосьці ж наадварот асцярожна не выходзіць за строгія межы абранай дзейнасці. Але ўсе гэтыя актывісты аб'яднаныя дзіўным свярбеннем, якое прымушае рухацца застойнае беларускае паветра і пакрысе падтоплівае наваколле. Пра тое, што кіруе новым пакаленнем беларускіх змагароў за справядлівасць, у серыі Generation.by «Генерацыя актыўнасці».

Фота: Юля Сакалоўская
Ілюстрацыі: Воля Кузьміч



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1461 seconds.