Басовішча-2010: ідуць перамовы зь «Ляпісам Трубяцкім» і абвешчаныя ўмовы конкурсу

Праз тры месяцы ў борыку мястэчка Гарадок, што на Беласточчыне надалёка ад польска-беларускай мяжы, пройдзе штогадовы фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Гэты год радуе музычных аматараў шырокім выбараў канцэртаў і фэстаў. Чаго чакаць сёлета ад аднаго з самых старых беларускіх рок-фэстаў, ці будзе на Басовішчы «Ляпіс Трубяцкой», як падаць заяўку на конкурс і ці будуць бясплатныя візы для гледачоў — распавяла Generation.bY старшыня «БАС» Кася Кузьміч.

Кася Кузьміч
Кася Кузьміч, старшыня БАС

Ці будзе «Ляпіс» на Басовішчы?

На дадзены момант арганізатары «Басовішча» вядуць актыўныя перамовы зь беларускімі гуртамі і фармуюць праграму фэстывалю. На якім этапе зараз праграма і хто чакаецца ў хэдлайнэры, распавядае Кася Кузьміч:

«Усё ідзе да таго, што хэдлайнэрам сёлетняга „Басовішча“ будзе „Ляпіс Трубяцкой“, зь якім мы зараз завяршаем перамовы. Таксама думаем далучыць „Drum Ecstasy“ альбо „Троіцу“ — іх выступы былі вельмі цёпла ўспрынятыя публікай. Чакаем і жанры, якіх яшчэ ня было на фэсьце — reggae і nu-jazz — магчыма, „Addis Abeba“, „CherryVata“. Нам цікавыя Open Space, Litvintroll, The Blackmail, The Toobes ды многія іншыя — будзем кантактаваць і фармаваць праграму. Ёсьць задума паказаць разнастайную музыку — гэтага і будзем трымацца, але пры гэтым захоўваючы рокавы фармат і беларускасьць фэсту».

У гэтым годзе музычных аматараў чакае шмат фэстаў, таму канкурэнцыя вялікая: «Паляна» пад Менскам, Be2gether на беларуска-літоўскай мяжы, Sziget у Вугоршыне ды іншыя, а таксама шэраг сольных і зборных канцэртаў беларускіх гуртоў.

«Адметнасьць „Басовішча“ найперш у атмасфэры, якая ў пэўнай ступені ўнікальная і адчуць яе можна толькі на „Басах“. Да гэтага апроч музыкі прапануем шырэй зірнуць на культуру — праз мастацтва, літаратуру, фільмы ды іншыя сродкі», — тлумачыць Кася.

Умовы ўдзелу ў конкурснай праграме «Басовішча-2010»

Сёлетняму фэстывалю арганізатары хочуць надаць тэматычнасьці і прапануюць канкурсантам у сваіх праграмах зьвярнуцца да творчасьці Ларысы Геніюш, з дня нараджэньня якой сёлета сьвяткуецца 100 год. Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца да 15 траўня 2010 году (уключна) на адрас konkurs@basowiszcza.org і мусяць уключаць наступныя пункты:

  • Анкета гурта;
  • Дэма-запіс пяці песень (песьня на верш Ларысы Геніюш не зьяўляецца абавязковай пры падачы дэма-запісу, аднак мусіць быць падрыхтаванай да выступу на Басовішчы);
  • Відэа з рэпэтыцыі альбо канцэрту.

Дасыланьне заяўкі пацьвярджае гатоўнасьць гурта выканаць 20-хвілінную праграму па-беларуску. Адбор удзельнікаў будзе ажыцьцяўляцца адмысловым журы найперш паводле дасланых гуртамі дэма-запісаў. Адборачны канцэрт у Менску, як тое было ў папярэднія гады, пакуль не плянуецца, але можа быць праведзены па меры неабходнасьці.


Басовішча-2009 (поўны фотарэпартаж)

Хэдлайнэры і вольная сцэна

Фэстываль традыцыйна мае тры часткі: конкурс, выступы гасьцей і вольная сцэна. Арганізатары ўжо распачалі прыём заявак на вольную сцэну «Басовішча».

Заяўка на вольную сцэну мусіць уключаць анкету і дэма-запіс з чатырох песень. Прыём вядзецца па 30 траўня 2010 году на адрас wolnascena@basowiszcza.org.


Гледачы на Басовішчы-2008 (поўны фотарэпартаж)

Фэстываль ужо адсьвяткаваў 20-годзьдзе і на сёньня зьяўляецца адным з самых старых буйных беларускіх рок-фэстаў. «Басовішча» заснаванае ў пачатку 90-х Беларускім аб’яднаньнем студэнтаў у Польшчы (БАС), сябры якога і ладзяць фэстываль штогод.

«Басовішча-2010» пройдзе 16–17 ліпеня ў Гарадку на Беласточчыне. Фэст традыцыйна мае вольны ўваход, пражываньне — у намётавым гарадку. Галоўнае, пра што варта паклапаціцца — даезд, а найперш — віза ў Польшчу. У апошнія гады БАСаўцы дамаўляліся на пэўную колькасьць бясплатных візаў для беларускіх наведвальнікаў. Такія пляны арганізатары фэсту маюць і ў гэтым годзе.

«Бясплатныя візы чакаць можна, і нават трэба. На сёньня дамаўляемся пра колькасьць бясплатных візаў і мэханізм іх атрыманьня. Мяркуем, што ў першай палове траўня ўсё ўжо будзе вядома. Мы б хацелі, каб усе ахвотныя наведаць фэст атрымалі бясплатныя візы, але трэба разумець, што гэта зусім не залежыць ад нас», — дадае арганізатарка фэстывалю.

Інфармацыю пра гурты, якія дасылаюць заяўкі на конкурсную частку, навіны па візах — у хуткім часе на generation.by. Падрабязьней пра фэст — у артыкуле «5 рэчаў, якія трэба ведаць пра фэстываль Басовішча». Generation.bY традыцыйна зьяўляецца інфармацыйным партнэрам «Басовішча», і за ўсімі навінамі з падрыхтоўкі фэсту можна сачыць таксама праз тэматычны разьдзел bas.generation.by.

tarka 00:10, 20/04/2010 | Басовішча |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1551 seconds.