Пад Менскам пройдзе буйны фэст «Паляна» зь «Ляпісам Трубяцкім» і «Рублём»

29 траўня ў Сілічах пройдзе рок-фэст «Паляна», хэдлайнэрамі якога будуць гурты «Ляпіс Трубяцкой» (Беларусь) і «Рубль» (Расея). Перад імі на сцэну выйдуць беларускія гурты Unia і «Пару Рублей». У межах фэсту «Ляпіс Трубяцкой» прадставіць праграму «Культпросвет», зь якой гэтым летам калектыў будзе заваёўваць Эўропу.

У чэрвені там выйдзе аднайменны альбом, і сьледам «ляпісаў» чакаюць фэстывальныя сцэны ў Нямеччыне, Вугоршчыне і Фінляндыі. Але вельмі сымбалічна, што сэзон оўпэн-эйраў для гурта пачнецца менавіта ў Беларусі. 

Сяргей Міхалок: «Нягледзячы на тое, што зараз у модзе спартыўна-музычныя арэны, а каласы са шкла і бэтону сталі візытнай карткай Беларусі, ніводная дэкарацыя ня зможа параўнацца з нашымі прыроднымі ляндшафтамі, над якімі тысячагодзьдзямі чаравала сонца, дажджы і вятры. Час вырвацца з клеткі гораду, каб атрымаць сьвежыя музычныя эмоцыі і ўбачыць першабытную прыгажосьць».

Другі хэдлайнэр фэстывалю таксама ня мае патрэбы ў прадстаўленьні — гэта калектыў «Рубль», які стварыў Сяргей Шнураў зь іншымі ўдзельнікамі гурта «Ленінград», што распаўся год таму. Яго творчасьць у межах новага праекту стала менш матна-алькагольнай, але пры гэтым больш філязофскай і альтэрнатыўнай. «Рубль» прадставіць дэбютны альбом «Сдачи не надо», які можна бясплатна спампаваць на афіцыйным сайце www.ru-bl.ru.

Агулам гледачоў чакае больш за пяць гадзін жывога гуку. Дзьве зь іх — выступ «Ляпісаў», яшчэ паўтары — гурта «Рубль». Мерапрыемства пройдзе на сапраўднай паляне — адмыслова выкашанай пляцоўцы гарналыжнага цэнтру Сілічы. На месцы будзе арганізаваны продаж ежы і напояў. Трапіць на фэстываль можна будзе на асабістым аўто-, мота- і роварным транспарце, а таксама на спэцыяльных аўтобусах. Больш падрабязна пра праграму, правілы і ўмовы фэстывалю чытайце на сайце www.plombir-tv.com.

29 траўня ў РГЦ Сілічы рок-фэст «Паляна» з удзелам гуртоў: «Ляпіс Трубяцкой» (Беларусь), «Рубль» (Расея), Unia (Беларусь), «Пару Рублей» (Беларусь). Пачатак а 17.00. Квіткі: танцпляц — 40 тыс (першыя 1000 шт.) і 50 тыс (астатнія), фан-зона — 60 тыс. Даведка: (029) 1598659, (017) 2801510.

12:35, 14/04/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0825 seconds.