Лявон Вольскі: у Менску рыхтуецца новы супольны музычны праект

Лявон Вольскі і Сьвятлана Зелянкоўская 

На адной з музычных студыяў Менску ўжо каторы дзень вядзецца актыўная праца над новым супольным праектам беларускіх музыкаў. Усе песьні для праекту, які будзе прэзэнтаваны ўжо вельмі хутка, напісаў Лявон Вольскі, натхнёны музыкай 60-х з усяго сьвету. У музыцы 60-х Лявона натхніў ня толькі рокенрол, але й францускія, амэрыканскія, кітайскія і іншыя мэлёдыі таго часу.

Склад вакалістаў новага праекту таксама нечаканы і сабраў удзельнікаў вельмі розных гуртоў: «Палац», «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкой», «Клёндайк», «Зьмяя», «ДзеціДзяцей», Anyway!, Tarpach ды іншых вядомых, але «пакуль сакрэтных» выканаўцаў.

Наагул ініцыятары праекту стараюцца пакуль трымаць большасьць інфармацыі пра сваё дзецішча ў сакрэце. Але Generation.bY удалося ўжо разьведаць дастаткова шмат і нават зрабіць фотаздымкі з запісу ў студыі.

«Хочам зрабіць нешта стылістыцы 60-х гадоў — будуць ня толькі рокенрольныя 60-я. Адна песьня будзе з францускім ухілам, адна — з кітайскім, таксама будзе песьня пра герояў — такая ўэстэрн-баляда. Зараз пішам вакалы, мы супрацоўнічаем гэтым разам з крышачку іншай суполкай вакалістаў — нечаканай крыху», — распавёў Generation.bY Лявон Вольскі пра хаду падрыхтоўкі новага супольнага праекту.

Лявон Вольскі і Павал Булатнікаў
Лявон Вольскі і Павал Булатнікаў сьпяваюць «Герояў».

Запіс песень ідзе поўнай хадой і музыкі самі зь інтрыгаю чакаюць, што ж атрымаецца на выніку. Ідэя распрацоўвалася імкліва, як на адным дыханьні — літаральна за два тыдні Лявон Вольскі напісаў палову песень для «стылізаваных 60-х».

«Аднойчы натхненьне найшло на Лявона а сёмай раніцы — прачнуўся і хуценька запісаў новую песьню», — распавяла Generation.bY Ганна Вольская.

А для выканаўцаў песень удзел у праекце яшчэ й нечаканы досьвед паспрабаваць сябе ў новым амплуа. Лідэр «Палацу» Алег Хаменка і віджэй Каця Пытлева сьпяваюць пра нялёгкае жыцьцё ў дарэвалюцыйным Кітаі з высокімі нотамі на кітайскі манер, а акторка Ганна Хітрык з францускім акцэнтам напявае пра карабель каханьня.

Каця Пытлева і Алег Хаменка
Каця Пытлева і Алег Хаменка запісваюць песьню «Рыкша».

Ужо запісаныя таксама Зоя Каральчук («Зьмяя»), Вольга Самусік («Тарпач»), Павал Булатнікаў («Ляпіс Трубяцкой»), Юра «Патрык» Белазор (Anyway!), акторы Сьвятлана Зелянкоўская і Алег Гарбуз.

Але Лявон Вольскі інтрыгоўна зазначае: «Будуць і іншыя выканаўцы, але пакуль сакрэтныя».

Лявон Вольскі

Глядзіце фотарэпартаж Generation.bY з першага дня запісу з камэнтарамі пра песьні ад Лявона Вольскага.

Аўтар фота: Воля Кузьміч

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1667 seconds.