Гурт Rahis: «Уласнай апэратыўнай памяці ўжо не хапае, таму пачынаем запісвацца»

Rahis

Rahis зладзіў канцэрт у Менску «Праз Сеціва», а ў рэжыме online да імпрэзы далучыліся прыхільнікі гурта яшчэ з дзесятку іншых краінаў сьвету. Па выніках канцэрту музыкі распавялі Generation.bY пра свае пляны і прызналіся, што прыступілі да запісу песень у студыі.

­­

«Праз Сеціва» 25 красавіка ў Графіці

Экспэрымэнт вечару — online-канцэрт — атрымаўся. Хваляваньне арганізатараў імпрэзы і музыкаў адносна інтэрнэт-сувязі зьнікла пры зьяўленьні на вялікім экране выявы скайп-чату з прыхільнікамі Rahis зь іншых краінаў. ЗША, Аўстрыя, Італія, Нямеччына, Вялікабрытанія, Украіна, Польшча, Чэхія — людзі камунікавалі паміж сабой і кожны змог крыху пачуць і пабачыць выступ.

Rahis

Завіталі на канцэрт і сябры Rahis — гурт IQ48. «Здаровыя лосі» Саня і Бузза выканалі завадзкі r’n’b — «Чыво ты», вядомы прыхільнікам Rahis яшчэ з сакавіцкага канцэрту. А на самым пачатку імпрэзы акустычна выступіў таксама Паша Кузіч з гурта «Летні Song».

«Праз Сеціва» — гэта яшчэ й новая песьня Rahis, прэзэнтацыя якой і адбылася на канцэрце ў пятніцу. Сюрпрызам сталася й абсалютна новая песьня «Кухня», якой ня чулі раней і самыя адданыя прыхільнікі. Rahis трымае марку традыцыйных для гурта глыбокіх тэкстаў, мэлядычнасьці і эмацыйнасьці, найперш перадавальнай спалучэньнем двух вакалаў Зьмітра й Дзяніса.

Зьміцер Язьвінскі прыслухаўся да просьбаў гледачоў і выканаў акустычную песьню «Горад», напісаную яшчэ пяць год таму пад уражаньнем ад пажару ў Нясьвіскім замку. Сам Зьміцер з Нясьвіжу, таму даволі блізка адчуў тыя падзеі. Праўда заўважыў, што «калі б пісаў гэтую песьню зараз, то тэкст быў бы больш брутальным — рэстаўрацыяй замак амаль зьнішчаны».

­Прыхільнікі Rahis 

Традыцыйны для канцэртаў Rahis эмацыйны вясёлы канчатак, гэтым разам атрымаўся хутчэй задуменным і мэлядычным. Музыкі прапанавалі гледачам самім абраць, як завершыць канцэрт. Публіка была стракатая — хтосьці чуў Rahis упершыню, хтосьці памятае музыкаў яшчэ па першых акустычных запісах, а хтосьці ведае хлопцаў як электрычны гурт з драйвавымі мэлядычнымі песьнямі. Прыхільнікі перабралі амаль усе песьні Rahis. Як вынік — канцэрт завершыўся адной з першых песень гурта — «Стронцый», асабліва актуальнай напярэдадні 26 красавіка.

«Гэтую песьню зараз зрабілі ў электрычным варыянце — мы падкарэктавалі ў ёй гук і манэру выкананьня. Бо хоць зараз нас і цягне больш на новыя песьні, яна застаецца для нас жывой і актуальнай», — тлумачыць Дзяніс Філіпенка.

Rahis прыступіў да запісу песень

Rahis мае ў сваёй творчасьці ўжо некалькі дзесяткаў песень. Пачаўшы паўгады таму працаваць у электрычным фармаце, музыкі ўсё больш натхняюцца на напісаньне новых песень, у той час як прыхільнікі на канцэртах патрабуюць і ранейшыя акустычныя гіты, праз якія гурт і стаў вядомым. Пра тое, як пасьпець усё, разважае Зьміцер Язьвінскі:

«Мы й самі ўжо блытаемся ў доўгім сьпісе нашых песень — уласнай апэратыўнай памяці ўжо не хапае:) Як электрычны гурт, Rahis працуе менш за год, але за ўвесь час песень атрымліваецца даволі шмат. Хоць лічу, што старых песень у нас няма, бо няма іх запісаў:) Праўда, трэба хутчэй зь імі разьбірацца, бо ўсё ў галаве не ўтрымаеш, тым больш што зьяўляюцца новыя ідэі, новыя эмоцыі. Таму зараз пачалі запіс, каб за намі не цягнуўся шлейф з больш чым 30 песень, каб ставіць у іх кропкі і спакойна пісаць новыя. Хоць на экспэрымэнты нас заўсёды заносіць».

У бліжэйшых плянах гурта — студыйны запіс некалькіх песень. Зараз музыкі запісваюць «Пароль у лета». Але адной песьняй Rahis не раскрыеш. Хлопцы не заганяюць сябе ў межы вузкага стылю ці пэўнага настрою. У «Горадзе N» з запамінальным сацыяльным тэкстам кожны пазнае Менск, у «Ямайцы» адчуе настрой субкультураў на прыкладзе адной гісторыі, а «Эўропа» — як лірычная вандроўка па эўрапейскіх гарадах і іх гістарычных адметнасьцях. Чакаем на запіс, каб адчуць Rahis напоўніцу ня толькі на канцэрце, але і ва ўласных плэйлістах.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0616 seconds.