Rahis: «Позна вяртацца назад!»

«Кацэрт Rahis 20 кастрычніка»

Пасьля «трох гадоў устрыманьня» Rahis прэзэнтаваў электрычную праграму, што і стала разьвязкай галоўнай інтры­гі доўгачаканага канцэрту гурта 20 кастрычніка. Энэргічная, драйвавая поўнафарматная праграма пасьля акустычнага выступу — гэта новы, але ўсё той жа Rahis. Надалей акустыка будзе толькі ў фармаце unplugged!

­­

Для многіх людзей Rahis — гэта Зьміцер Язьвінскі і Дзяніс Філіпенка — хлопцы, якія пачыналі сьпяваць уласныя песьні ў студэнцкім інтэрнаце, потым — на ўнівэрсытэцкіх вечарынах, далей — на канцэртах. У 2004 годзе Рахіс даў тры электрычныя канцэрты — у Менску, Віцебску і Наваполацку. А потым «час прачнуўся і паляцеў». А Дзёня наважыўся на мужны ўчынак, лічы што на разьведку. Пайшоў у войска. І не абы куды, а ў роту аховы міністэрства абароны. Пра гэта можна цэлы матэрыял напісаць, і не адзін, але як гэта было — лепей пачытаць на старонках фан-клюбу гурта.

Гэтыя тры гады ўстрыманьня былі ўмоўныя. Rahis выступаў — і ў Беларусі, і ў Польшчы, і ва Ўкраіне. Гэта былі невялікія акустычныя канцэрты і кватэрнікі, відэа-кавалкі зь якіх часам зьяўляліся ў Сеціве. Часта гурт прадстаўляў адзін Зьміцер зь гітараю. Дзёня служыў у войску, а скрыпачка Кася пасьля сканчэньня ўнівэрсытэта была разьмеркаваная ў Лагойск, дзе і зараз выкладае ў школе.

«Кацэрт Rahis 20 кастрычніка»

Публічнасьцю Rahis ніколі не адрозьніваўся. «Нам яшчэ працаваць і працаваць», — заўсёды кажуць хлопцы, нягледзячы на настойлівыя просьбы прыхільнікаў запісаць дэма. Таму выраз «шырока вядомыя ў вузкіх колах» — якраз пра Rahis. 

Абвестку пра канцэрт Rahis прыхільнікі зразумелі адназначна. Квіткі былі расьпісаныя па заяўках за 4 дні. Хто не пасьпеў, той не спазьніўся, а можа патрапіць на наступныя канцэрты гурта.

Маленькае памяшканьне культавага «Графіці» пачало запаўняцца людзьмі яшчэ за гадзіну да афіцыйнага пачатку імпрэзы. Зрэшты, якая можа быць афіцыйнасьць, калі квіткі разабралі сталыя прыхільнікі Rahis, былыя аднакурсьнікі, даўнія знаёмыя, сябры і фрэнды. 

Таму і атмасфэра была сяброўскаю. Але гэта яшчэ больш абавязвала. Таму першая частка імпрэзы — акустычная, выдавала ў хлопцаў хваляваньне. Як яны самі прызналіся — акустыку ня гралі даўна. Можа падацца дзіўным, паколькі менавіта як акустычны гурт і вядомы Rahis. Але суботні канцэрт паставіў усё на свае месцы.

«Кацэрт Rahis 20 кастрычніка»

«Ямайку» сьпявалі разам з гледачамі. Кранальную «Вясну», як распавёў Зьміцер, Дзёня напісаў стоячы ў караўле ля міністэрства абароны ўвесну 2006 года. Жыцьцёвую «Чароўныя ноты» прыхільнікі ўжо добра ведалі і падпявалі. «Эўропа» — як эмацыйны ліміт, як экскурсія па гарадах, імёнах, гісторыі. Гледачы жартавалі, што калі-небудзь песьня будзе гімнам аб’яднанай Эўропы. «Пра самых моцных», «Ты ўсё ўбачыш», «Зьнічкі» — без гэтых песень ужо цяжка ўявіць Rahis.

Пасьля антракту было тое, што шэптам абмяркоўвалі гледачы — чакаецца сюрпрыз. Першыя гукі наладкі бас-гітары і бубнаў выдалі, што сюрпрыз рыхтуецца глябальны. Людзі з апошніх шэрагаў падселі бліжэй да музыкаў. Так, Rahis электрычны — гэта не магчымыя пляны ці дзёрзкія мары, а рэальнасьць. Пасьля сьціплай акустычнай часткі пад гукі поўнафарматнай «Грэй мяне» аўдыторыя проста замерла.

«Кацэрт Rahis 20 кастрычніка»

На сола-гітарыРома, адзіны жанаты чалавек у камандзе; за бубнамі — Слава, які геаграфічна жыве найдалей ад цэнтру Менска за іншых удзельнікаў гурта; бас-гітара — Жэня, самы высокі басіст ды яшчэ й чалавек з матэматычнай адукацыяй. Вакал і электра-акустычная гітара — Зьміцер і Дзяніс, заснавальнікі і аўтары песень.

Хлопцы «далі жару» з праграмай у шэсьць песень: «FM-дыяпазон», «Горад N», «Грэй мяне», «Кактэбель», «Позна», «Стронцый».

«Кацэрт Rahis 20 кастрычніка»

Песьня «FM-дыяпазон» была адкрыцьцём і для тых, хто стараўся наведваць усе імпрэзы, дзе ў сьпісе гасьцей фігураваў Rahis. Як кажа Зьміцер, напісаў ён яе даволі даўна, але адразу ўяўляў яе электрычнай, таму ў акустыцы «FM-дыяпазон» амаль не гучаў. 

«Кацэрт Rahis 20 кастрычніка»

Сярод гледачоў быў і Саша Ракавец з IQ48, які прадэманстраваў, што мае неблагія задаткі танцора. Ужо з другой электрычнай песьні людзі на першых шэрагах пачалі ўставаць і таньчыць, за імі пападцягваліся і апошнія шэрагі.

«Кацэрт Rahis 20 кастрычніка»

«Горад N» альбо «Горад М», як яго называюць прыхільнікі, у электрычным фармаце проста зрываў дах сваёй эмацыйнасьцю. Тыя, хто чуў гэты сьпеў у акустыцы, зразумеюць мяне. Нездарма, без «горада» на біс рахісаў не адпусьцілі.

«Кацэрт Rahis 20 кастрычніка»

Падзякі ад рахісаў усім, шчырыя прызнаньні і прапановы захаваць яркія квіточкі — па іх на наступны канцэрт гурта можна будзе трапіць з адмысловай зьніжкай — усё гэта было пры разьвітаньні.

Нечым канцэрт нагадваў прэзэнтацыю. Прэзэнтацыю праекта Rahis. Антракт гледачы разумна скарысталі, каб павітаць музыкаў, пафатаграфавацца, павіншаваць з выступам. Пасьля заканчэньня людзі яшчэ доўга стаялі на выхадзе з «Графіці», размаўлялі і віншавалі гурт. А самыя заўзятыя прыйшлі з падарункамі. Падораны пяцілітровік піва — неблагі пачатак для after party.

«Кацэрт Rahis 20 кастрычніка»­

А нехта з прыхільнікаў у кулюарах выказаў вэрсію, што рахісы адмыслова зрабілі дзьве часткі канцэрту: сьціплую акустычную і драйвавую электрычную. Маўляў, выбірайце. А самі хваляваліся, як пройдзе, бо сталыя прыхільнікі — аўдыторыя самая строгая. 

Але старт дадзены! Новы адлік, канец тром гадам устрыманьня — называць тое, што адбылося ў Графіці ў суботу, можна па-рознаму. Разыходзіліся людзі з адчуваньнем, што іх пасьвяцілі ў нейкую таямніцу, распавесьці якую ўсім хочацца тут і зараз. Бо мы бачылі рэальны момант, як кажуць, у рэжыме online, як з пэрспэктыўнага акустычнага гурта нарадзіўся ўпэўнены яркі электрычны Rahis з новым гучаньнем.

Канцэрт «Тры гады ўстрыманьня» быў як кароткая двухгадзінная прэзэнтацыя таго, як жыў гурт апошнія тры гады і што адбывалася ў іх галовах. Адлюстраваньне пошукаў і таго, у якім фармаце будзе разьвівацца праект.

«Позна вяртацца назад» — словы з песьні Rahis, напісанай на апошнім курсе ўнівэрсытэта, можна прывесьці ў якасьці адной з высноваў суботняга канцэрту. Акустычны Rahis застаўся ў гісторыі, у выпадкова трапіўшых у сеціва старых запісах гурта, у вузкіх сяброўскіх вечарынах. Гурт з запамінальнымі мэлёдыямі і глыбокімі тэкстамі, з двума мужчынскімі вакаламі пад адну/дзьве гітары стаў іншым. Rahis цяпер электрычны гурт. Праект з сур’ёзнымі заяўкамі. Але такі ж кранальны, у нечым наіўны. Дадалося глыбіні, маштабу, энэргетыкі, драйву. Таньчыць можна!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0687 seconds.