Rahis падбіраў «Пароль у лета» і прэзэнтоўваў новыя песьні з сюрпрызамі ад сяброў-музыкаў

 

­Пакуль усе гукаюць вясну, гурт Rahis адразу перайшоў да лета. Канцэрт «Пароль у лета» прайшоў 17 сакавіка ў Менску. Эмацыйная электрычная праграма, трапныя жарты, яркія летнія фота — гурту ўдалося захапіць усіх цёплым настроем і прэзэнтаваць новыя песьні. А выконваць загалоўную песьню канцэрту «Кактэбэль» дапамагаў Саня Ракавец з IQ48. Як гэта было: уражаньні, фота і відэа ў матэрыяле.

Як толькі ўсе госьці разьмясьціліся ў маленькім памяшканьні «Графіці», бліжэй да мікрафонаў пачалі прабірацца музыкі з новастворанага праекту Яўгена Валошына Jab Club. Падтрымаць прыйшоў і малады паэт Глеб Лабадзенка, на вершы якога Jam Club піша свае песьні. Жарты пачаліся ўжо з пачатку канцэрту. Але прысутныя чакалі Rahis.

Хлопцы зьдзівілі ўжо з пачатку. Нечаканым сюрпрызам было зьяўленьне побач з «рахісамі» вакаліста IQ48 Сані Ракаўца. Эмацыйнае супольнае выкананьне песьні Rahis «Кактэбэль» ўжо не пакідала сумневу, што цёплы сэзон не за гарамі. Але гэта быў толькі пачатак. Далей хлопцы разам выканалі абсалютны эксклюзіў — падпольную песьню IQ48.

«Бывае, сядзем на хаце з хлапцамі і там у нас такое здараецца — імправізацьён, завадзкі RnB!» — прадстаўляе Саня Ракавец кранальную «Чыво ты?». Душэўны тэкст быў напісаны Санем Ракаўцом і Яўгенам Бузоўскім па матывах тралейбуснай вандроўкі позьнім вечарам па завадзкіх раёнах. Дагэтуль песьня выконвалася толькі на прыватных сяброўскіх паці.


Зьміцер і Дзёня з Rahis выконваюць разам з Саньком песьню IQ48 «Чыво ты?».

Далей Rahis перайшоў да суцэльнага драйву зь вядомых раней акустычных песень, прадстаўленых зараз у электрычным варыянце, і новых, прэзэнтаваных гуртом на кастрычніцкім канцэрце. Выкарыстанае ў матэрыяле відэа зьнятае на лічбавы фотаздымач, таму якасьць ня лепшая, але атмасфэру перадае.


Відэа песьні Rahis «Горад N» з канцэрту «Пароль у лета».


Відэа песьні Rahis «Fm» з канцэрту «Пароль у лета».
Болей відэа чакайце на канале GenerationbY на Youtube.

Пад гітовую «Ямайку» Зьміцер дастаў адмысловы зялёна-жоўта-чырвоны капялюшык. А на вялікім экране адлюстроўваліся яркія летнія фотаздымкі, прынесеныя прыхільнікамі гурта.

Напрыканцы канцэрту Rahis прэзэнтаваў новую песьню. Як часта бывае з новым, назоў яшчэ ня дадзены. «Песьня пра камбінацыю трох клявішаў ці стасункі хлопца і дзяўчыны ў інтэрнэт-прасторы», — увёў у курс справаў Зьміцер.


Канцэрт «Пароль у лета» гурта Rahis. Аўтар фота Юра Сідун. Глядзіце таксама поўны фотарэпартаж з 20 фота.

Прыхільнікі яшчэ доўга не адпускалі гурт. Апошняя песьня ператварылася ў пяць апошніх. Акустычнае мінулае гурта дало пра сябе ведаць. Прысутныя патрабавалі «Зьнічкі». «Песьня такая старая — хамячкі так доўга не жывуць!» — жартаваў Зьміцер, але адкруціцца ня здолеў.

Па выніках канцэрту ўдзельнікі гурта распавялі Generation.bY свае ўражаньні пра імпрэзу.

Зьміцер Язьвінскі: «Цікава, што Дзень Сьвятога Патрыка акурат прыпаў на канцэрт. Аб’яднаць „Пароль у лета“ і Патрыка — вось вам і адкрыцьцё піўнога сэзону. А калі людзі пачалі танчыць, стала сапраўды па-летняму горача!»

Танчылі і самі музыкі, хіба што бубначу складаней — інструмант абавязвае сядзець. «Мне ня крыўдна — у мяне ўнутры ўсё танчыць! :)», — абараняе працу ўсіх бубначоў Слава Цыпылаў.

«Хочацца яшчэ большага дзьвіжняка», — адзначае гітарыст Rahis Рома Пашчанюк. «Клюб бы паболей», — дадае Дзёня Філіпенка, у якога, дарэчы, атрымалася падвойнае сьвята: канцэрт плаўна перайшоў у Дзень народзінаў.

А для басіста Сашы Мішугова гэта першы канцэрт з Rahis. «Хачу яшчэ!» — рэзюмуе малады музыка.

Для многіх Rahis стаў вядомы некалькі год таму праз запісаныя з «хатняй» якасьцю акустычныя песьні. А ў кастрычніку Rahis прыемна зьдзівіў канцэртам з сымбалічным назовам «Тры гады ўстрыманьня», на якім прэзэнтаваў электрычную праграму. «Пароль у лета» паказаў упэўнены рост гурта з характэрнымі для каманды эмацыйнымі тэкстамі, гумарам і сяброўскім настроем. У гэты ж час Rahis пачаў працу над студыйным запісам. А 25 красавіка ў Графіці адбудзецца чарговы канцэрт. Як ужо стала традыцыяй — з сюрпрызамі.

Уражаньні прыхільнікаў ад канцэрту, спасылкі на фота і відэа — у фан-клюбе гурта.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1468 seconds.