Прадмову да «Дудкі беларускай» Багушэвіча пісалі разам некалькі сотняў чалавек

Самая масавая Агульнанацыянальная дыктоўка адбылася ў Менску 23 сакавіка: сотні людзей пісалі разам на Сядзібах БНФ і ТБМ, іншыя пісалі з роднымі і сябрамі дома. У гэты дзень вялікая колькасьць людзей узгадала словы Францішка Багушэвіча і прадэманстравала сваю пашану да беларускай мовы.­

Па словах Лявона Баршчэўскага, старшыні партыі БНФ, пасьля доўгіх дыскусій і нават спрэчак, перамагла прапанова літаратара Ўладзіміра Сіўчыкава: пісаць Прадмову да зборніку Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская». Тэкст, напісаны болей чым сто гадоў таму лацінкаю, быў адаптаваны. Але неўміручыя словы, вядомыя кожнаму яшчэ са школы, «Дык не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не памёрлі» прагучалі. Аб 11-й Лявон Баршчэўскі сам пісаў з першымі жадаючымі пад дыктоўку Уладзіміра Сіўчыкава. А 12-й дыктаваў Лявон.

«Як першая, дыктоўка прайшла вельмі добра. Нават лепей, чым мы разьлічвалі. На ўправу прыйшло некалькі сотняў чалавек. Гэта была першая спроба адчуць еднасьць, усьвядоміць важнасьць падзеі. Людзі зрабілі самастойны крок. Прыйсьці на дыктоўку можа кожны чалавек.

Хочацца пахваліць журналістаў. Яны праявілі большую зацікаўленасьць, чым некаторыя сябры палітычных партыяў», — падзяліўся ўражаньнямі з Generation.by Лявон Баршчэўскі.

Па словах Лявона, працы тых, хто пажадаў атрымаць адзнаку, ужо правяраюцца прафэсійнымі выкладчыкамі — выдатнікамі адукацыі. Праз некалькі тыдняў можна будзе атрымаць свае працы назад. А тэкст у трох варыянтах: на тарашкевіцы, наркамаўцы і лацінцы зьявіцца хутка ў прэсе.

Аб 11-й на ўправе БНФ сабралося шмат палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. Аўтар ідэі пісаць агульнанацыянальную дыктоўку распавёў, як скончыў пісаць у Віцебску вядомы актывіст Барыс Хамайда: на цэнтральным пляцы, з прымачом і ў атачэньні міліцыянтаў, якія, насуперак усім чаканьням, не адвезьлі яго ў пастарунак, а пранавалі дапамогу.

 

Бліжэй да 12-й да ўправы БНФ прывезьлі звон, у які ў 2006 білі на Пляцы Каліноўскага.

Адначасова супольная дыктоўка праходзіла і на сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

 

Алег Трусаў, старшыня ТБМ, застаўся вельмі задаволеным праведзенай у нядзелю дыктоўкаю:

«Людзей было вельмі шмат — некалькі сотняў. У залю ўмяшчаецца чалавек 25, але бывала, што зьбіралася ля 50 чалавек. Былі ня толькі людзі зь Менску. Прыяжджалі як, напрыклад, фэрмэры, так і настаўнікі з усёй Міншчыны. Шмат вядомых людзей пісала. Дыктавала нашае кіраўніцтва. Некаторыя людзі здавалі свае працы, каб атрымаць наш аўтограф — пячатку ТБМ. А праверыць дыктоўку можна будзе самастойна».

 

Прыемнай нечаканасьцю стала тое, што дыктоўка выклікала інтарэс у самых розных людзей, і яе старана выводзілі як дзеці, так і сталыя людзі; як беларускамоўныя, так і тыя, хто па-беларуску апошні раз пісаў у школьныя гады. А тэкст быў ня просты!

Вялікая колькасьць людзей пісала дыктоўку ў хатніх умовах. Тэкст быў даступны ў аўдыё і відэа фарматах на некаторых сайтах, можна было знайсьці і друкаваны.

Нагадаем, што па першапачатковай задумцы Ўладзіміра Падгола, дыктоўка мусіла даць мажлівасьць тым, хто па розных прычынах ня здолее прыйсьці на шэсьце 25 сакавіка, адсьвяткаваць Дзень Волі такім вось актам салідарнасьці.

Таму 23 сакавіка моладзь — сябры партыі «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» і Руху «За Свабоду» — прыехалі ў Калодзішчы, каб павіншаваць з Днём Волі былых вязьняў сталінскіх лягероў. Ва ўтульнай хатцы Надзеі Раманаўны Дземідовіч сабраліся ейныя сябры: Ірына Канстанцінаўна Шэйбак і Мікола Пятровіч Пазьняк, а таксама старшыня асацыяцыі рэпрэсаваных Зінаіда Антонаўна Тарасевіч. Гэты візыт стаў для іх сьвяточнаю падзею. Надзея Раманаўна ведала тэкст Прамовы на памяць, а Мікалай Пятровіч прызнаўся, што апошні раз па-беларуску пісаў у 1942.

Агульнанацыянальная дыктоўка стартавала яшчэ 15 сакавіка, калі пісалі прадстаўнікі амбасадаў. Заканчэньне акцыі — 26 сакавіка.

Фота Даша Слабчанка

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0382 seconds.