Беларусы пішуць агульнанацыянальную дыктоўку 23 сакавіка

Напісаньне ў абраны дзень агульнанацыянальнай дыктоўкі адпачатку плянавалася для людзей, якія ня могуць прыйсьці на шэсьце 25 сакавіка. Ідэя была сустрэтая зь вялікім інтарэсам з боку вялікай колькасьці людзей і перарасла ў перадсьвяточную падзею, надаўшы Дню Волі дадатковай сьвяточнасьці і ўрачыстасьці. Першая дыктоўка ўжо праведзеная, складзены расклад на нядзелю, 23 сакавіка. ­

Прапанову пісаць агульнанацыянальную дыктоўку палітоляг, кандыдат філязофскіх навук Уладзімір Падгол агучыў болей месяцу таму. Ідэя была цёпла сустрэтая, быў складзены аргкамітэт і распачалася падрыхтоўка.

Уладзімір Падгол раскрыў Generation.by галоўную мэту правядзеньня дыктоўкі — дэманстрацыя павагі, шанаваньне беларускай мовы. Шмат каго непакоіць недастаткова ўпэўненае валоданьне мовай. Але хвалявацца няма прычын: 

«Дыктоўка пішацца не для праверкі, а для дэманстрацыі. Хто хоча здаць — той здасьць. Пра тое, колькі прыйдзе людзей пісаць, я думаць не хачу. Мы проста ствараем мажлівасьць людзям, якія ня могуць пайсьці на шэсьце, зрабіць дэманстрацыю дыктоўкай», — запэўніў Уладзімір Падгол.

Падобныя агульнанацыянальныя дыктоўкі распаўсюджаныя ў многіх краінах, напрыклад, у Літве, Польшчы, Францыі, Галяндыі.

Беларусы за мяжой таксама зьбіраюцца ўшанаваць родную мову — у гэтым ім дапаможа Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Асноўны прызначаны для агульнанацыянальнай дыктоўкі дзень — нядзеля 23 сакавіка. Асноўныя месцы правядзеньня — Сядзіба партыі БНФ і Сядзіба ТБМ. Сьпярша плянавалася падаць заяўкі на дыктоўкі ў бібліятэках гораду, але была атрыманая афіцыйная адмова.

Расклад Дыктоўкі на сядзібах БНФ і ТБМ 23 сакавіка. Для таго, каб прасьцей было разьмясьціцца жадаючым, прапануецца абіраць час паводле месца жыхарства.

Офіс ТБМ (вул. Румянцава, 13)

  • 11.00 Савецкі і Першамайскі раёны Менску
  • 12.00 Ленінскі, Цэнтральны і Кастрычніцкі раёны
  • 13.00 Маскоўскі і Фрунзенскі раёны
  • 14.00 Завадзкі і Партызанскі раёны
  • 15.00 Менскі раён і ўсе жадаючыя

Сядзіба Партыі БНФ (вул. Варвашэні, 8)

  • 11.00 Савецкі і Першамайскі раёны
  • 12.00 Ленінскі, Цэнтральны і Кастрычніцкі раёны
  • 13.00 Маскоўскі і Фрунзенскі раёны
  • 14.00 Завадзкі і Партызанскі раёны
  • 15.00 і 16.00 усе жадаючыя

Апроч таго, дыктоўка прагучыць у этэры «Эўрапейскага радыё для Беларусі» 22 і 23 сакавіка, а 12.00 і 16.00.

23 сакавіка — каталіцкі Вялікдзень. Тыя, хто з-за сьвяткаваньняў альбо па іншых прычынах ня змогуць пісаць дыктоўку у нядзелю, могуць прыйсьці ў 16.30 у Палац Мастацтваў (вул. Казлова, 3) напярэдадні Дня Волі — 24 сакавіка.

Дыктоўкі праходзяць і ў іншых гарадох Беларусі. Напрыклад, 22 сакавіка піша Гародня. Апошняя дыктоўка прагучыць 26 сакавіка.

А першая агульнанацыянальная дыктоўка адбылася 15 сакавіка. На Сядзібу ТБМ прыйшлі дыпляматы зь Вялікабрытаніі, ЗША, Літвы, Польшчы, Славакіі, Украіны, Чэхіі і Швэцыі. Перад уласна пісаньнем адбыўся імправізаваны паэтычны фэстываль, зладжаны сіламі дыпляматычнага корпусу.

У якасьці тэксту дыктоўкі была абраная трохі адаптаваная прадмова да «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча. Замежнікі, хто не пачуваўся пэўным у мове, пісалі дыктоўку па-свойму, празь перакладчыкаў. Кіраўнік Аддзяленьня Амбасады Швэцыі ў Менску Стэфан Эрыксан пісаў дыктоўку па-беларуску і сярод першых здаў яе на праверку.

Дыктоўкі будуць правераныя толькі пасьля таго, як напіша апошні чалавек. Будзе зладжаны конкурс па выніках напісаньня. Пераможцаў чакаюць прызы, а нас з вамі, а таксама беларусаў за мяжой — фотавыстава.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1482 seconds.