Вызначаныя правілы і тэрміны правядзеньня прафсумоўя

Рэгістрацыя абітурыентаў на сумоўе па шэрагу спэцыяльнасьцяў адбудзецца з 5 па 31 сакавіка, самі сумоўі будуць праводзіцца з 5 па 30 красавіка. Вызначаныя парадак і месцы правядзеньня для кожнай са спэцыяльнасьцяў.

26 лютага Міністэрства адукацыі выдала пастанову № 17 «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі аб парадку правядзеньня прафэсійна-псыхалягічнага сумоўя альбо тэставаньня ў вышэйшых навучальных установах».

У інструкцыі акрэсьліваюцца тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў і правядзеньня: 5.03–31.03 і 5.04–30.04 адпаведна.

Сумоўе будзе праводзіцца пры паступленьні на ўсе формы навучаньня: дзённую і завочную, бюджэтную і платную.

Зарэгістравацца можна, асабіста альбо праз пошту, у ВНУ, сьпіс якіх будзе штогод зацьвярджацца да 1 сакавіка. Зарэгістравацца можна толькі адзін раз.

Камісія будзе складацца з аднаго з прарэктараў альбо дэкану, прафэсараў, дацэнтаў, выкладчыкаў, псыхолягаў, сацыяльных пэдагогаў і іншых супрацоўнікаў ВНУ, а таксама кваліфікаваныя спэцыялісты адпаведных галін эканомікі і сацыяльнай сфэры.

Падчас індывідуальнай гутаркі з усімі гэтымі людзьмі, абітурыент мусіць праявіць свае асабістыя, дзелавыя якасьці, здольнасьці і матывацыю да навучаньня па абранай спэцыяльнасьці.

Рашэньне рэкамэндаваць альбо не кандыдата прымаецца простай бальшынёю галасоў пры прысутнасьці дзьвюх трацін складу камісіі. Пасьведчаньне будзе выдавацца ў той жа дзень

За кожнай спэцыяльнасьцю замацаваны шэраг навучальных установаў, дзе можна прайсьці прафсумоўе.

Уні Вера 18:01, 03/03/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0934 seconds.