Павышаць прэстыж беларускай адукацыі за мяжой будуць ростам коштаў

Як вядома, Вялікабрытанія — самая прывабная для замежных студэнтаў краіна. Аднак навучаньне там каштуе разоў у 10 болей, чым у Беларусі. «Гэта пытаньне прэстыжу», — заявіў Аляксандр Касінец. Па ягоным меркаваньні, кошт навучаньня для замежных студэнтаў патрэбна перагледзіць.

Зь ідэямі, якім чынам можна павысіць экспарт адукацыйных паслугаў, намесьнік прэм’ер-міністра Аляксандр Касінец падзяліўся на канфэрэнцыі Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў ВНУ:

«Гэта пытаньне ня толькі забесьпячэньня акупнасьці адукацыйных паслугаў, але і прэстыжу краіны. Мы ня можам даваць парады грамадзянам іншых краін, як лепей афармляць дакумэнты на навучаньне — самастойна альбо праз фірму-пасрэдніка, разам з тым мы выступаем за празрыстую і чэсную эканоміку ў пытаньнях падрыхтоўкі кадраў».

Пры гэтым намесьнік прэм’ер-міністра параўнаў кошты на навучаньне ў Беларусі і Вялікабрытаніі.

У Беларусі прынятая Канцэпцыя разьвіцьця экспарту адукацыйных паслуг у межах супрацоўніцтва Беларусі з замежнымі дзяржавамі. Плянуецца да 2010 павялічыць гэты артыкул экспарту ў 1,6 разы ў параўнаньні з 2005.

У штогадовай справаздачы StudentPulse прыведзеныя дадзеныя апытаньня больш чым 11 тысяч замежных студэнтаў па ўсім сьвеце па пытаньнях, адукацыя ў якой краіне для іх найбольш прывабная і за кошт якіх фактараў. 

Пазмагацца за прэстыж Беларусі давядзецца з Вялікабрытаніяй, ЗША, Францыяй і Нямеччынай

Дзьве траціны студэнтаў адказалі, што сьпярша абіралі навучальную ўстанову — гэты быў галоўны крытэр адбору. Наступныя важныя фактары, такія, як кошт навучаньня, стыпэндыі і гранты, саступаюць найбольш істотным для студэнтаў якасьці выкладаньня і дасьледчых працы, рэпутацыя кваліфікацыі і прыватная бясьпека.

Камэнтуючы Канцэпцыю разьвіцьця экспарту адукацыйных паслуг на 2007–2010, галоўная інспэктарка кіраваньня замежных сувязей Міністэрства адукацыі Марына Яжова патлумачыла задачы гэтага дакумэнту:

«У Канцэпцыі акрэсьленыя ўмовы разьвіцьця экспарту адукацыі, стварэньне якога забясьпечыць паўнапраўны ўдзел нацыянальных установаў адукацыі ў сусьветным разьвіцьці і будзе спрыяць рэалізацыі сацыяльна-эканамічных інтарэсаў нашай краіны».

Па меркаваньні супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі, пэдагагічны патэнцыял, якасьць і даступнасьць беларускай адукацыі, шэраг паслугаў, якія прапануюцца ў гэтай сфэры, зьяўляюцца істотнымі нацыянальнымі рэсурсамі.

У мінулым навучальным годзе 6 741 замежны студэнт вучыўся ў беларускай ВНУ, зь іх на платнай аснове — 5 543 студэнта. Значную частку складаюць студэнты з Расеі, Кітаю, Індыі, Сірыі, Лівану і Ірану. Дарэчы, у справаздачы StudentPulse траціна апытаных — кітайскія і індыйскія студэнты. Таму вынікі гэтай сусьветнай справаздачы вельмі істотныя для фармаваньня экспартаарыентванай адукацыйнай палітыкі.

Ці акажа пазытыўны ўплыў на колькасьць замежных студэнтаў перагляд коштаў на навучаньне і павышэньне дысцыпліны ў беларускіх ВНУ, больш пільны кантроль за студэнтамі зь іншых краін? Усё ж ня кошт вызначае прэстыж, а прэстыж — кошт. 

Больш таго, Беларусь па-ранейшаму застаецца белай плямінай на адукацыйнай мапе Эўропы. Краіна так і не далучылася да Балоньскага працэсу, што ў значнай ступені перашкаджае гарманізацыі сфэры адукацыі, набліжэньню адукацыйных стандартаў на сусьветных. А значыць — зьяўляецца тормазам для экспарту адукацыйных паслуг.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.