Налета памер фінансавай дапамогі студэнтам ЕГУ наўпрост звяжуць з рэйтынгам абітурыента

Памер фінансавай дапамогі беларусам, якія паступаюць на навучальныя праграмы ЕГУ ў 2016 годзе, будзе наўпрост звязаны з рэйтынгам абітурыента, а памер максімальнага гадавога кошту навучання знізіцца да 2000 еўра.

Новыя фінансавыя ўмовы былі зацверджаныя Выканаўчым камітэтам Кіроўнай Рады ЕГУ ў канцы верасня 2015 г. і датычацца трох асноўных зменаў.

На ўсіх праграмах пастаяннай (дзённай) формы навучання з’явяцца бясплатныя месцы для абітурыентаў з Беларусі з рэйтынгам 9,41 балаў і вышэй. Максімальны гадавы кошт навучання для беларусаў будзе складаць 2000 еўра замест ранейшых 2500 еўра і будзе прымяняцца толькі пры наяўнасці рэйтынгу абітурыента ад 8,60 і вышэй. Акрамя гэтага, пачынаючы з 2016/17 навучальнага года кошт аплаты за навучанне будзе прывязаны не да памеру групы, а да агульнаўніверсітэцкага рэйтынгу абітурыента на момант паступлення.

Па словах Рэктара ЕГУ праф. Дэвіда Поліка: «Новая сістэма дапаможа прыцягнуць яшчэ больш шырокае кола абітурыентаў, забяспечыць празрыстасць пры размеркаванні грантаў паміж студэнтамі і ўмацаваць палітыку фінансавай падтрымкі студэнтаў універсітэтам».

У 2015/16 навучальным годзе сярэдні памер фінансавай дапамогі, якая аказваецца кожнаму беларускаму студэнту ЕГУ, складае 658 еўра. Фінансавую падтрымку грамадзянам Беларусі аказваюць Еўрапейская камісія, Савет міністраў Паўночных краін, а таксама ўрады краін Заходняй Еўропы і ЗША.

Універсітэт працягвае аказваць сваім студэнтам гнуткую сістэму фінансавай падтрымкі ў выглядзе імянных і іншых стыпендый, якія прадстаўляюцца за высокую акадэмічную паспяховасць, а таксама актыўную навуковую і творчую дзейнасць.

У межах Прыёмнай кампаніі 2016 года ЕГУ ажыццяўляе прыём на 5 бакалаўрскіх, 6 магістарскіх і 1 доктарскую праграму. Больш падрабязная інфармацыя пра парадак паступлення і фінансаванне навучання ў ЕГУ для абітурыентаў 2016 г. знаходзіцца ў спецыяльным раздзеле сайта ўніверсітэта.

19:50, 09/12/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0796 seconds.