Радзькоў: «Кіньце гэтыя дэмакратычныя штучкі»

24 студзеня міністар адукацыі Аляксандр Радзькоў правёў паседжаньне калегіі Міністэрства адукацыі. Гэтым разам размова ішла пра прыватныя ВНУ, завочнае аддзяленьне, дысцыпліну і заробкі пэдагогаў.

 

Дысцыпліна, дысцыпліна і яшчэ раз дысцыпліна!

«Неабходна правесьці аптымізацыю сыстэмы прыватных ВНУ. ВНУ маленькія: рэктары, думайце, як вызначыцца па гэтаму пытаньню, вы ад гэтага толькі выйграеце,» — прапанаваў Радзькоў.

Даць рэктаратам магчымасьць самастойна думаць і вызначацца — ­крок дэмакратычны, асабліва з вуснаў міністра, які не выключае выкарыстаньне адміністратыўнага рэсурсу для абмежаваньня доступу да вышэйшай адукацыі. Але ўжо па другім пытаньні Радзькоў зьвяртаецца да рэктараў:

«Кіньце гэтыя дэмакратычныя штучкі.»

А ўсё з-за таго, што адзін са студэнтаў-замежнікаў распавёў на радзіме, што палову навучальнага часу правёў у кавярне.

Міністраў адукацыі падкрэсьліў неабходнасьць умацаваньня дысцыпліны ў ВНУ.

Асабліва абураўся міністар наконт якасьці завочнай адукацыі, таму дысцыпліна на гэтай форме навучаньня мусіць быць самай жорсткай, а рэктары мусяць навесьці парадак у гэтай сфэры.

Выкладчыкам падымуць заробкі 

Потым міністар ізноў збочыў са шляху бізуна і ў якасьці перніка прапанаваў павелічэньне заработнай платы ўсім катэгорыям пэдагогаў.

Па дадзеных Міністэрства адукацыі, за 11 месяцаў мінулага году сярэднемесячная зарплата працаўнікоў сфэры адукацыі склала 537 600 беларускіх рублёў. Больш за ўсіх атрымоўвалі працаўнікі прафэсарска-выкладчыцкага саставу — 1,1 мільёны. У той жа час заработная плата маладога спэцыяліста з усімі надбаўкамі — 320 400 беларускіх рублёў.

Па словах міністра, прапанова аб павышэньні заробкаў будзе ўнесенай ва ўрад.

Тым часам, ужо дзейнічае Загад Прэзыдэнта № 450, адпаведна якому мусяць павысіцца даплаты за навуковыя ступені і званьні.

Студэнтам ужо паднялі кошт навучаньня, спасылаючыся на гэты загад. Асабліва адчувальным было падвышэньне ў БДЭУ.

Цікава, што чакае студэнтаў-платнікаў, калі ўрад ухваліць яшчэ і прапанову Міністэрства адукацыі?

Хто вучыцца будзе менш? 

Выкладчыкі будуць атрымоўваць больш, а студэнты зь імі бачыцца — радзей. Міністар адукацыі прапанаваў скараціць колькасьць гадзінаў працы ў клясах, аддаўшы больш часу на самастойную працу студэнтаў.

«Тыя, хто настойвае на захаваньні вялікай колькасьці навучальных гадзін, не ўлічваюць тэндэнцыяў сучаснага дня,» — заявіў міністар.

Вось і студэнтам дадуць магчымасьць працаваць самастойна — ну чым не «дэмакратычная штучка»? Гэта ж ва ўсіх эўрапейскіх краінах так.

Хто вучыцца будзе больш? 

У той час, як студэнты змогуць больш часу праводзіць за самастойнай працай, некаторым зь іх прыйдзецца затрымацца ў ВНУ на год даўжэй. Так, з 20 студзеня набыла моц пастанова Савету Міністраў Беларусі № 64 ад 18 студзеня 2008.

У дакумэнце зацьверджаны сьпіс 16 найбольш складаных спэцыяльнасьцяў, тэрмін навучаньня па якіх можа быць павялічаны ня больш чым на год. Да такіх спэцыяльнасьцяў адносяцца «Жывапіс», «Архітэктурны дызайн» або кваліфікацыя «Доктар».

Час атрыманьня адукацыі будзе павялічвацца за кошт вялікай колькасьці практычных заняткаў.

Колькі студэнтаў выехала за мяжу?

Па інфармацыі міністэрства, у 2007 было выдадзена 370 дазволаў на вучобу за мяжой.

1962 беларускіх навучэнцы адправіліся вучыцца, удзельнічаць у спартыўных, культурніцкіх і іншых мерапрыемствах у 33 краіны сьвету.

Аднак 22 грамадзянам было адмоўлена ў пісьмовым дазволе скарыстацца сваім правам, гарантаваным Артыкулам 30 Канстытуцыі РБ: пакідаць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і вяртацца без перашкод. Прычына: «невыкананьне патрабаваньняў нарматыўна-прававых дакумэнтаў па частцы пацьверджаньня статусу навучальнай установы, тэрмінаў і пераліку дакумэнтаў, якія былі прадстаўленыя».

Працаваць за мяжу выехалі 1448 студэнтаў. Зь іх своечасова не вярнуліся 149: 135 былі адлічаныя, 14 спазьніліся.

Такім чынам, з сёньняш­няга паседжаньня калегіі Міністэрства адукацыі стала ясным, што «дэмакратычныя штучкі» у рэктараў ня пройдуць. З дапамогаю якога рэсурсу, цікава, будзе абмяжоўвацца доступ замежных студэнтаў у кафэ і сталовыя? Выкладчыкам падвысяць заробкі (чытай, павысіцца аплата за навучаньне), а студэнты будуць больш часу праводзіць па-за аўдыторыяй (тады ўжо без згрызотаў сумленьня можна будзе працаваць самастойна ў кафэ). А галоўным стане барацьба за дысцыпліну, асабліва ў прыватных ВНУ і на завочных аддзяленьнях.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0679 seconds.