Стратэгія белай плямы. Куды ідзе беларуская адукацыя?

 

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, недалучанай да Балоньскага працэсу, і бліжэйшыя пэрспэктывы не абнадзейваюць. На мінулы­м ­тыдні міністар адукацыі Беларусі Радзькоў выказаўся, што праблему недахопу працоўных рук на Беларусі хочуць вырашыць проста — ­ дазволіць атрымліваць вышэйшую адукацыю толькі актывістам БРСМ, а ўсіх іншых прымусіць сядзець за партамі ПТВ і вывучаць менш прэстыжныя, але больш зап­атраба­ваныя спэцыяльнасьці. Міністар запэўніў, што «посьпеху можна дабіцца і без вышэйшай адукацыі».

­­­

Мала хто па-за межамі самога міністэрства пагодзіцца з тым, што беларуская сыстэма адукацыі зьяўляецца ідэальнай. Існуе праблема ізаляванасьці (Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, якая ніколі нават не падавала заяўкі на далучэньне да ствараемай у межах балоньскага працэсу эўрапейскай адукацыйнай прасторы). У выніку пакутуе якасьць выкладаньня прадметаў, бо, фактычна, няма абмену досьведам і дасягненьнямі з замежнымі ВНУ. Добра, калі трапіцца энэргічны выкладчык, які спрабуе выкладаць па-новаму. Але наагул сыстэма настолькі здранцьвела, што ініцыятывы маладых выкладчыкаў і актыўных студэнтаў у большасьці заканчваюцца расчараваньнем. 

Тэму літаратуры, што выкарыстоўваецца пры падрыхтоўцы новай генэрацыі спэцыялістаў, можна нават ня ўзгадваць. Адзінкі буйнейшых ВНУ, якія маюць уласныя друкарні, за кошт сваіх платнікаў папаўняюць бібліятэкі крыніцамі інфармацыі, якія толькі на пару год адстаюць ад замежных сучасьнікаў. Іншым жа прыходзіцца выкладаць па падручніках, якія часта пачынаюцца бласлаўленьнем ад вялікай КПСС. Калі дадаць пашырэньне ідэалягічнай працы ў ВНУ і чысткі сярод студэнтаў і выкладчыкаў, то карціна яшчэ менш прывабная.

Тым ня менш пры ўсіх гэтых недахопах кожны, хто прайшоў праз ВНУ, узгадвае гэты час, як адзін зь лепшых і важных пэрыядаў нашага жыцьця. Бо за гэтыя гады мы ня толькі стаялі ў чарзе, каб зрабіць ксэракопію артыкулаў з адзінага на тысячы студэнтаў нумару часопіса «The Economist», альбо спалі на лекцыях па ідэалёгіі, зь якой нельга было сысьці.

Але ж мы рабілі і шмат цікавага. Мы сустракалі новых людзей, адкрывалі для сябе новыя ідэі, падзеі, удзельнічалі ў розных мерапрыемствах, спрабавалі шмат новага, пачыналі свае ўласныя праекты. Падчас свайго студэнцтва мы сталелі і адкрывалі саміх сябе. І гэта зьяўляецца, бадай, самым важным чыньнікам у вышэйшай адукацыі — адкрыць для сябе сьвет праз прызму сур’ёзных тэорыяў і таго досьведу, што даюць нам 4-5-… год студэнцтва, сфармаваць сябе як асобу.

Я ні ў якім разе не спрабую з дапамогай гэтых лірычных зваротаў пераканаць чытача ў мэтазгоднасьці беларускай адукацыі ў тым стане, што яна ёсьць зараз. Я спрабую пераканаць вас у мэтазгоднасьці вышэйшай адукацыі наагул! У тым, што кожны мусіць мець права яе атрымаць і што ўрэшце гэта прынясе толькі карысьць для агульнага разьвіцьця грамадзтва.

У сьвеце гэта зразумелі ўжо колькі год таму. Зараз, дарэчы, ідзе дэкада адукацыі за устойлівае разьвіцьцё ААН. У зьвязку з гэтым пастаянна праводзяцца канфэрэнцыі, дзе абмяркоўваецца роля вышэйшай адукацыі для разьвіцьця грамадзтваў.

Эўрапейцы ўжо даўна думаюць катэгорыямі «грамадзтва, заснаванага на ведах» (knowledge based society), дзе менавіта вышэйшая адукацыя мае таксама цэнтральнае значэньне. Тэма ролі вышэйшай адукацыі для дэмакратычнага разьвіцьця грамадзтваў шырока абмяркоўвалася ў Эўропе яшчэ два гады таму. На эўрапейскім узроўні студэнты, урады і бізнэс змагаюцца паміж сабой за тое, як менавіта зрабіць вышэйшую адукацыю адкрытай для большай колькасьці людзей, бо пытаньне значэньня вышэйшай адукацыі ні ў кога не выклікае сумневу. 

У час, калі ў сьвеце задумваюцца над пытаньнем, як паменшыць колькасьць студэнтаў, што пакідаюць ВНУ да атрыманьня дыплёмаў, сп. Радзькоў прапануе адгаворваць ці проста не пускаць некаторых у ВНУ. Беларускі міністар настойвае на тым, што дасягнуць посьпеху ў жыцьці можна і без дыплёму. Што таксама правільна, але зусім не зьяўляецца аргумэнтам на карысьць ужываньня адміністрацыйных рэсурсаў і асабістых характарыстыкаў для адсейваньня вартых працягваньня адукацыі людзей.

На маю думку, у навіне, дзе сп. Радзькоў агучыў свае ідэі, найбольш важным зьяўляецца тое, што дзяржава рыхтуецца да наступнага кроку ў ідэалягічнай працы з моладзьдзю. БРСМу хочуць надаць ролю Камсамолу ў савецкім саюзе, з поўным кантролем над кожным крокам моладзі. Прапанаваныя зьмены рызыкуюць вярнуць Беларусь у савецкае мінулае яшчэ глыбей, чым нам падавалася.

Каб вырашыць праблему, агучаную на самым пачатку, замест ідэалягічнага адбору варта паспрабаваць выкарыстоўваць менш радыкальныя мэтады. Напрыклад, зьмяніць сацыяльныя ўстаноўкі, зрабіць пэўныя спэцыяльнасьці больш прывабнымі праз лепшыя ўмовы працы і аплату, спрасьціць жыцьцё малому бізнэсу, дзе шмат хто мог бы сябе праявіць і без веданьня тэорыяў Кейнса.

Адказваючы на пытаньне Generation.by аб ізаляванасьці Беларусі ў сфэры вышэйшай адукацыі Кун Гевэн, старшыня ЭСУ, сказаў:

«Дэмакратычнае асяроддзе ў беларускай сыстэме адукацыі будзе перадумовай для далучэньня Беларусі да эўрапейскай адукацыйнай прасторы. Далучэньне да Балоньскага працэсу стала б наймацнейшым штуршком для мадэрнізацыі беларускай вышэйшай адукацыі адпаведна міжнародым каштоўнасьцям і стандартам.

Зразумела, што на Беларусі ёсьць ВНУ, каторыя не аказвалі ціск на актыўных студэнтаў, а таксама выкладчыкі і супрацоўнікі ВНУ, якія зацікаўленыя ў пазытыўным развіцьці міжнародных стасункаў у сфэры адукацыі. Мы лічым, што супрацоўніцтва менавіта на такім лякальным узроўні можа стаць першым крокам у пераадоленьні ізаляванасьці. Праграма ТЭМПУС як прыклад.»

Беларусі варта перастаць быць белай плямай на мапе эўрапейскай адукацыйнай прасторы, рэфармаваць вышэйшую адукацыю згодна міжнародным прынцыпам, пачаць сур’ёзна працаваць над якасьцю адукацыі, калі і студэнт, і выкладчык аднолькава зацікаўленыя ў працэсе, а ня проста ідуць па накатанай «баране» да атрыманьня\выдачы дыплёмаў. І самае галоўнае — трэба пакінуць права выбару за людзьмі, а не вырашаць за іх, ці маюць яны права на атрыманьне дыплёму аб вышэйшай адукацыі.

Аднак усе гэтыя зьмены рызыкуюць прывесьці да сытуацыі, калі ў краіне будзе больш адукаваных людзей, якія здольныя самастойна прымаць рашэньні і крытычна ставіцца да навакольнага сьвету. Пэўна, менавіта гэта і перашкаджае ажыцьцявіць перамены тым, хто лічыць, што савецкая сыстэма адукацыі — самая лепшая ў сьвеце.

Мапа паводле выявы на сайце www.bologna-bergen2005.no

­­­­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0789 seconds.