Прэзэнтацыю «Stasi» забараніў КГБ
Прэзэнтацыя новага альбома гурта Нэйра Дзюбель «Stasi» мусіла адбыцца сёньня ў менскім клюбе «Фартуна». Аднак перад канцэртам на ўваходзе ў клюб зьявіўся надпіс «клюб зачынены па тэхнічных прычынах».
Як паведаміў Generation.by Павал Кашырын, сёньня дырэктара клюба выклікалі да кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёну Менску, дзе патлумачылі, што ў выпадку правядзеньня канцэрту ў клюба ўзьнікнуць праблемы. Пасьля гэтага дырэктар патэлефанаваў і сказаў, што канцэрт не адбудзецца.
Аляксандар Кулінковіч гаворыць таксама, што непасрэдна перад канцэртам у клюб прыйшлі тры чалавекі з КГБ.
«Stasi» – гэта назва спэц-службы ГДР. Нейра Дзюбель абраў такую назву для свайго альбома, бо яна адлюстроўвае сучасны стан гурта ў Беларусі. Нейра Дзюбель зараз як «Stasi» ў ГДР - нібыта і няма, але на самой справе ёсьць.
У «Фартуне» нядаўна прайшлі пасьпяховыя канцэрты Крамы і NRM. Калі і дзе адбудзецца прэзэнтацыя новага альбому Нейра Дзюбеля пакуль невядома. Прыхільнікі гурта працягваюць зьбірацца зараз каля клюба «Фартуна».