«Паласатае ў мяне тое, што вы ня бачыце»

Людзі Y ведаюць, чаго хочуць, а калі ня ведаюць, то шукаюць і спрабуюць. І замест пакрытага сівым пылам алоўка абіраюць кампутаровую мышку, а замест старога мальбэрта – манітор. Такі выбар, прынамсі, робіць Palasatka. Як дакладна завецца тое, чым яна займаецца, сказаць цяжка. Лепей акрэсьліць сфэры: дызайн, фота, рэкляма, журналістыка. Але дзякуючы Palasat’цы, пісьменьнік Уладзімер Арлоў мае сваю прастору ў Сусьветным павуціньні, а наша сталіца – «сумесь постмадэрнізму, ампіру і трэш-культуры».

Дзьве скрыні натхненьня

Хто сказаў, што дызайнэр – гэта «недамастак»? Ні Palasatka, ні людзі, вакол яе, так ня думаюць. А Palasatka, як мастак, шукае натхненьня. І знаходзіць яго ў самых нечаканых месцах:

«Інтэрнэт – адна з галоўных крыніцаў натхненьня. Там ты ня ведаеш, на што патрапіш, калі сёрфаеш па ім. Вандроўкі натхняюць. Зараз у мяне дзьве скрыні, набітыя флаерамі з розных краін сьвету.»

А калі маеш цэлых дзьве скрыні натхненьня, як не стварыць што-небудзь цікавае? Паступова з-пад яе мышкі зьяўляюцца ў Сеціве сайты, фота і малюнкі.

Адна з першых працаў Palasatki ў Сеціве – праект horad MIENSK, на старонках якога сіламі маладых фотамастакоў паўсталі «адбіткі жыцьця двух мільёнаў людзей, якія тут жывуць ці калісьці жылі».

«Horad MIENSK стартаваў крыху больш за 3 гады таму, мы пачыналі яго разам з Сяргеем Пілецкім, з Лёшам Патапёнкам, крыху пазьней далучыліся людзі, вядомыя пад нікамі  Sarmat, Dvarf, Hivka, DrummmeR, Nafania. Праект безтэрміновы і тым цікавы. Прысьвечаны ён гораду, у якім я нарадзілася, жыву і ў якім адчуваю сябе сабой», – тлумачыць ідэю праекта Palasatka.

Хваля папулярнасьці японскіх коміксаў дайшла і да Беларусі. Некаторыя нават вучылі японскую мову дзеля камфортнага іх чытаньня. Але каманда сайту Belmanga пайшла «іншым шляхам» і занялася ператварэньнем японскіх іерогліфаў у беларускую кірыліцу. Так паўстаў інтэрнэт-праект «BELMANGA: манга па-беларуску»:

«Ідэя зьявілася год таму. Dvarf зьяўляецца адным з арганізатараў – ён прапанаваў намаляваць ім дызайн. Паколькі мне на той момант падабалася маляваць карцінкі ў гэтым японскім стылі - то «шапка» сайта зараз таксама маляваная мною.»

We don’t need know education

Як стаць добрым дызайнэрам? Palasatka, здаецца, мае адказ на гэтае пытаньне яшчэ з дзяцінства: маляваць і яшчэ раз маляваць.

«Я любіла маляваць яшчэ з дзіцячага садка. Але на шпалерах не малявала ніколі :). У мяне былі альбомы заўсёды і асобныя чыстыя аркушы паперы. Маці часам прыносіла з працы такія аркушы паперы ад старых прынтараў. І ў мяне быў несканчальны ліст, на якім я магла маляваць.»

Але сваю адзіную двойку Palasatka ўсё ж такі атрымала па маляваньню, калі адмовілася маляваць на зададзеную тэму, аб чым бацькі дагэтуль не падазраюць.

Фоткі Паласаткі для рэклямы Баброва

Пасьля школы быў знакаміты Беларускі ліцэй, які ліквідавалі ў 2003-м годзе. Яна вучылася ў адным з самых яркіх яго выпускаў. У той час, як яе аднагодкі пераходзілі ў дзесятую клясу, яна з аднаклясьнікамі сутыкнулася з праблемай банальнай адсутнасьцю памяшканьня для заняткаў.

«Ліцэй – гэта быў мой выбар і бацькі яго падтрымалі. Першыя два гады былі ўвогуле казкай. Калі яго зачынілі стала цяжэй. Ліцэй – гэта сябры на ўсё жыцьцё, гэта краіны, якія пабачыла, гэта людзі, лекцыі якіх я слухала і разумела ў чатырнаццаць гадоў тое, што многія не разумеюць у дваццаць пяць, а, магчыма, ніколі ў жыцьці.»

Іспыты пасьля ліцэю ўсе выпускнікі былі вымушаныя здаваць у розных сярэдніх менскіх школах. Пасьля некаторыя з выпускнікоў зьехалі вучыцца ў замежныя ўнівэрсытэты. А Palasatka паступіла ў Кулёк. Але, на жаль, беларуская адукацыя не спраўляецца з патрабаваньнямі часу і студэнтаў.

«Усё, што я ведаю на дадзены момант па ілюстрацыі, па дызайну, гэта ўсё дадатковая адукацыя. Бо пакуль што ва ўнівэрсытэце нам мала што даюць з таго, што мяне цікавіць. Галоўныя крыніцы для дадатковай адукацыі – гэта кнігі, людзі, Інтэрнэт, Інтэрнэт, Інтэрнэт

Якраз гэтыя тры крыніцы й спалучыліся ў праекце, які Palasatka разам з аднакурсьніцай зрабіла ў Кульку:

«Праект arlou.org – гэта рэч, зробленая з зусім мэркантыльных мэтаў – выйграць конкурс ва ўнівэры і атрымаць галоўны прыз – аўтамат па іспыце. Але спадар Уладзімер натхніўся, што нам вельмі прыемна, і невялічкі сайт – гэта прадстаўніцтва пісьменьніка ў інтэрнэце.»

 Куды сыходзяць дзеці?

«Калісьці я хацела стаць і харэографам, і журналістам... Магло перацягнуць мяне абсалютна ў любы бок. Але зьявіўся кампутар, я «пазнаёмілася» з фаташопам – і ўцягнулася ў дызайн. Спачатку – як усе – фаташопаўскія фільтры і г.д... Але пасьля, калі паспрабавала зрабіць першую вэрсію сайта «горада» – мне пакаціў вэб-дызайн, і я там засталася.»

А свае таленты ў фотамастацтве маладому фатографу і дызайнэру Palasat'цы ўдалося праявіць у рэкляме піва «Баброў». Вядомым ролікам з саўндтрэкам Mattafix займаліся Юля Ляшкевіч і студыя «Тутанхамон». Фотаздымкі ж у рэкляме аўтарства Palasatki:

«Рэкляма зусім летняя, але здымалі на холадзе. Гэта быў сьнежань. Так што яшчэ прыйшлося ўкласьці дастаткова працы, каб горад на фотках выглядаў па-летняму.»

Паласатка

У жыцьці таленавітай дзяўчыны зь Менску ёсьць тры рэчы, дзякуючы якім яна стала такой. Першая – гэта ліцэй. Другая – часопіс «Студэнцкая думка», трэцяя – Інтэрнэт.

«Часам Інтэрнэт лепей за ўсё астатняе. Не баюся, бо ўсе людзі разумеюць, што Інтэрнэт гэта Інтэрнэт, а жыцьцё ёсьць жыццё. І трэба сумяшчаць усё ў роўных прапорцыях. Магчыма, старэйшае пакаленьне зайздросьціць нам, бо ў іх не было такой цудоўнай зьявы, як Сеціва.»

А як тут не зайздросьціць? У Сеціве ж можна ня толькі жыць, а яшчэ і зарабляць грошы, што для маладога амбітнага арганізма вельмі важна. Так, сваю руку Palasatka прыклала да дызайну сайта кнігарні lit.by, а таксама працуе над сайтам для Рэсурснага цэнтра навучальных гурткоў і на гэтым спыняцца не зьбіраецца.

Паласатка

LJ user Palasatka

А як кажа адзін мой сябар, palasatka – культавы беларускі жж-юзэр. Культавы – у сэнсе адзін з першых. Дзёньнік яна завяла ў 2003, праз чатыры гады пасьля самага першага паста заснавальніка ЖЖ , аднак задоўга да таго моманту, калі быў зарэгістраваны 20-цітысячны карыстальнік зь Беларусі.

«Дзёньнік зьявіўся ў мяне каля чатырох год таму. Тады livejournal.com быў пад страшнымі кодамі-паролямі. Каб завесьці ЖЖ, трэба было чакаць пару тыдняў, было патрэбнае адмысловае запрашэнне ад сяброў.

Я ніколі не магла рэгулярна весьці звычайныя дзёньнікі. А дзякуючы livejournal зьявіліся новыя сябры. Я магла адчуць прысутнасьць іншых людзей у маім жыцьці. Мне падабалася камэнціць, вешаць фоткі. У папяровым дзёньніку ніколі не атрымаеш камэнт. Зараз я пішу даволі мала, бо прыйшла да таго, што трэба пісаць сапраўды вартыя рэчы, якія для мяне важныя, істотныя, і не толькі для мяне, але і для іншых людзей. Зараз я ў асноўным чытаю фрэнд-ленту, а пішу, калі ёсьць вялікае натхненьне. Перайшла на flickr, бо сфэра карцінак мне там болей падабаецца. Буду рабіць фотаблог.»

Дзе беларускі дызайн?

На Захадзе прафэсія дызайнэра ўстаялася і стала традыцыйнай ужо дастаткова даўно. Таму і прабіцца ў шэрагі лепшых складана. Маладыя людзі пачынаюць прыдумляць новыя шляхі да вядомасьці. Апошні прыклад такога нестандартнага падыходу да раскруткі – міланскі дызайнэр Ора Іта, які кінуў унівэрсытэт і пачаў прыдумляць розныя рэчы нібы ад вядомых гандлёвых марак свайго пакалення – Nike, Luis Vuitton, Apple. Ён ствараў неіснуючыя асадкі, кайстры, абутак і тэхніку вельмі вядомых брэндаў і дэманстраваў усё гэта на сваёй інтэрнэт-старонцы. Потым нават разьмясьціў рэкляму выдуманых вырабаў у сапраўдных часопісах. Вядома, гэта было дзёрзкасьцю. Але ў выніку пра маладога дызайнэра даведаліся.

ПаласаткаУ Беларусі ж ўсё толькі пачынаецца, лічыць Palasatka.

«Часам кажуць, што беларускага дызайну няма. Наш дызайн знаходзіцца ў зародкавай стадыі. Таму ў кожнага, хто хоча разьвівацца, і ў маладых дызайнэраў ёсьць усе шанцы прабіцца ў Беларусі, зарабіць бабло і стаць вядомымі.

Канешне ж, канкурэнцыя ёсьць, але яна дробная. Паглядзіце хаця б на нашы вуліцы. Мала што аформлена больш-менш прафэсійна. Дзе людзі, якія ведаюць пра Залатое сячэньне, пра прапорцыі, ці нешта чулі пра накірунак дзеяньня?

Што да Ора Іта, дык я часам наадварот імкнуся быць больш сьціплай. Бо лічу, што працы мае скажуць самі за сябе.»

«Кася, ну чым ты займаесься?»

Фатаграфуе, апрацоўвае, малюе, дызайніць. Palasatka і цяпер падпрацоўвае журналістам – піша тэксты для сайту, часам – рэклямныя. Апошнія былі пра калекцыі мэблі для кавярняў. «Калі складана выбіраць, што ў цябе лепш атрымліваецца і што табе больш падабаецца – можна не выбіраць увогуле. А займацца рознымі рэчамі і паляпшаць свае ўменьні ў розных сфэрах, якія табе цікавыя,» – ня ставіць кропку Palasatka, якая ў дадзены момант працуе яшчэ й PR-мэнэджэрам.

«Неарэалізаваных задумак дафіга. Кожная новая падзея нясе ў сабе новыя ідэі, і калі у цябе атрымалася іх вылавіць – твой мозаг разносіць ад гэтых ідэяў. Трэба, каб прайшоў час, каб ідэі «утрэсьліся». Калі яны доўгі час не даюць табе спакою – можна рэалізоўваць.»

Зусім нядаўна Palasatka зьезьдзіла ў Барсэлону, адкуль прывезла шмат ідэяў для новых праектаў. Некаторыя ўжо на стадыі прадумваньня канцэпцыі, таму хутка нешта можна будзе пабачыць і на нешта клікнуць мышкай.

Цікава, а як тлумачылі бацькам і сваякам свой занятак людзі, якія працавалі ў сфэры інтэрнэту, калі ён толькі зараджаўся? Ці да прыкладу, калі ў Беларусь толькі прыходзіла мабільная сувязь, а малады хлопец ці дзяўчына працавалі ў сфэры распрацоўкі софту для мабільных тэлефонаў?

«Бацькам часам зусім не зразумела, як гэта я цэлымі днямі сяджу за кампутарам, слухаю музыку, нешта там клікаю мышкай да позьняй ночы, прасыпаю ўнівэр і мне гэта ўсё падабаецца і я атрымліваю за гэта яшчэ грошы.

Калі паказваю фотаздымкі з вандровак, мама звычайна пытаецца «Кася, а дзе ж ты?» А я ёй: «Маааам, ну паглядзі вось на гэтую фотку... Паглядзі на колеры..» і чую адказ – «Ну, дом як дом. Пальмы як пальмы». Але паступова звыкаюцца :),» – распавядае Palasatka.

Большасьць людзей, якія працуюць у творчых сфэрах, тым больш у дызайне, які хутка разьвіваецца, неадназначна ўспрымаюць свае першыя працы. Бо тут хутчэй падыйдзе выраз «лепшае – апошняе», дзе шмат што вызначае досьвед. Пра свае першыя працы Palasatka таксама кажа, што баіцца ўзгадваць:

«Стараюся рабіць так, каб пасьля ня было сорамна. Калі будзе добрая ідэя і паскуднае выкананьне – гэта нармальна. Галоўнае – каб не атрымалася так, што выкананьне ёсьць, а ідэі няма. Стыль выкананьня можа састарэць вельмі хутка. А ідэі жывуць доўга.»

«Паласатае ў мяне тое, што вы ня бачыце»

Аднойчы Касі спатрэбілася электронная скрыня. Так як у той момант яна была ў цяльняжцы, для скрыні быў выбраны нік Palasatka. Так Кася пачала «ператварацца» ў Паласатку.

Разьвіццьё інтэрнэту дало новы штуршок чалавечым камунікацыям. Калі вядзеш блог ці проста жж-дзёньнік, ня рэдкасьць, калі да цябе могуць падыйсьці проста на вуліцы і «разьвіртуаліцца» твае фрэнды.

«Быў такі момант, калі на вуліцы да мяне пачалі падыходзіць і пытаць: «Ты Palasatka?» І я пачала адчуваць сябе Palasatka’ай. А маё сапраўднае імя ведаюць мае блізкія сябры, альбо людзі, зь якімі я працую. Нік – гэта напэўна асноўнае зараз імя, пад якім ведаюць мяне.

Вельмі не люблю, калі кажуць: «Palasatka, чаму ты не ў паласатым?» На такое я звычайна адказваю: «Паласатае ў мяне тое, што вы ня бачыце».

Фота - Лёша Патапёнак

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0687 seconds.