Generation whY?

Кожны хаця б адзін раз у сваім жыцьці перажываў фэномэн «канфлікту пакаленьняў» (generation gap). «Апранаесься ня так, слухаеш ня тую музыку, а ў наш час сёе-ды-тое...» А праз год 20 тое ж самае будзем думаць мы пра моладзь 30-х гадоў 21-га стагодзьдзя, хаця ня раз сабе яшчэ ў тынэйджэрскім узросьце абяцалі: «Калі ў мяне будуць дзеці, то я заўсёды буду іх разумець і падтрымліваць». Але тое ўжо будзе час іншага пакаленьня, а пакуль у сілу ўступае Generation Y, маё і тваё пакаленьне!

Generation Y зьяўляецца дэмаграфічным тэрмінам, што выкарыстоўваецца адносна людзей, народжаных у пэрыяд прыкладна між 1978 і 1997 гадамі. Пакаленьне называецца менавіта Generation Y, каб падкрэсьліць пасьлядоўнасьць – пасьля пакаленьня Х. Але ж такі назоў часта выклікае адмоўна афарбаваныя асацыяцыі, зьвязаныя з паняткам Generation X (1965-1977), які напачатку выкарыстоўваўся для вызначэньня брытанскай панкаватай моладзі, што наадрэз адмаўлялася прымаць каштоўнасьці папярэдніх пакаленьняў. Таму ў літаратуры таксама можна сустрэць наступныя назовы, што тычацца той жа генэрацыі: MyPod Generation (ад спалучэньня MySpace i iPod), Millenials, the Net Generation (з намёкам на важную ролю інтэрнэту ў жыцьці ўзгаданай групы), Google Generation, Echo Boomers (другая хваля нараджальнасьці пасьля бэбі-буму пасьляваенных гадоў) і іншыя.

Народжаная ў 1965-1977 група таму і была азначаная невядомай Х, як знак таго, што гэта была згубленая генэрацыя і мала што значыла для свайго грамадзтва. У супрацьлегласьць пакаленьню-папярэдніку, Generation Y зьяўляецца своеасаблівым промнем надзеі і спадзеву на лепшую будучыню.

Гэтая група расава і культурна разнастайная. Генэрацыя Y валодае ярка выражаным адчуваньнем уласнай свабоды. Яна таксама добра падкаваная ў сфэры кампутаровых тэхналёгіяў, і гэта ўзмацняе іх упэўненасьць у сабе. Ім ня менш за іх папярэднікаў характэрны цынізм, але Gen Y мае вельмі прагматычны падыход да жыцьця і яшчэ на пачатку кар'еры задумваецца пра схемы пэнсійнага забесьпячэньня. Акрамя таго, Generation Y зьяўляецца найбольш адукаваным пакаленьнем і імкнецца да пастаяннай самаадукацыі.

Моладзь, што вырасла на рэкляме і тэлебачаньні, вызначаецца таксама большай адчувальнасьцю да брэндаў, якімі карыстаецца. Менавіта гэта прымусіла маркетолягаў шматлікіх кампаніяў больш сур'ёзна прыглядзецца да патрэбаў і інтарэсаў новага віду спажыўца.

Напрыклад, такім гігантам як Nike, Levi's, Pepsi Co прыйшлося сур'ёзна задумацца над сваімі брэндамі, калі прадстаўнікі Generation Y сталі падрастаць ў другой палове1990-х.

Новай зьявай, якую распачало Generation Y, зьяўляецца той уплыў, які яго прадстаўнікі робяць на мэнэджмэнт і кіраваньне кампаніямі, да якіх ўсё больш і больш маладых супрацоўнікаў выстаўляюць новыя патрабаваньні.

Характарыстыкі супрацоўніка тыпу Gen Y паводле Bruce Tulgan of RainmakerThinking :

  • Высокія патрабаваньні да сябе: Яны ставяць перад сабой мэту працаваць хутчэй і лепей за іншых супрацоўнікаў.
  • Высокія патрабаваньні да працадаўцаў: Яны хочуць справядлівых мэнэджэраў, якія адказваюць непасрэдна за іх і дапамагаюць ім прафэсійна разьвівацца.
  • Пастаяннае навучаньне: Яны імкнуцца да атрыманьня складаных задачаў, што патрабуюць крэатыўнага падыходу і ставяцца да калегаў, як да крыніцаў атрыманьня ведаў.
  • Прамая адказнасьць: Яны хочуць вынікаў ужо ў першы дзень.
  • Мэтанакіраванасьць: Ім неабходна ставіць бачныя мэты з блізкімі дэдлайнамі, каб даць ім адчуць сваю ўласную адказнасьць.
    Акрамя таго лічыцца, што яны будуць мяняць месца працы да 20 разоў перад тым як урэшце выйдуць на пэнсію. Ім не патрэбны пастаянны кантроль над тым як дакладна яны выконваюць свае абавязкі.

«Працадаўцам прыйдзецца адмовіцца ад сваіх уяўленьнях пра Generation Y, як пра пакаленьне лайдакоў. Яны проста думаюць па-іншаму. Героі гэтага пакаленьня – бізнэсмэны, што разбагацелі вельмі хутка, альбо здаецца, што яны гэта зрабілі вельмі хутка. І за апошнія 10 год зьявілася шмат людзей, якія прымусілі паверыць у тое, як гэта проста», – камэнтуе Джым Ланзалотта (Lanzalotto), віцэ-прэзыдэнт па стратэгіі і маркетынгу ў Yoh Services у электронным аналітычным выданьні eWeek.com.

Тэрмін Generation Y быў уведзены напачатку датычна моладзі ЗША і іншых краінаў англамоўнага асяродку. Але навукоўцы прышлі да згоды, што ў сёньняшнім глябальным сьвеце яго можна выкарыстоўваць і адносна іншых частак сьвету. І хоць далёка не кожны сучасны малады беларус мае ўласны iPod ці ноўтбук Apple,  але мы зьяўляемся першым пакаленьнем, што вырасла ў незалежнай Беларусі. Да таго ж шмат з пералічаных вышэй характарыстыкаў Generation Y належыць у такой жа ступені і маладым беларусам.

Такім чынам, калі вы толькі выпусьціліся з унівэрсытэту, альбо нават, калі вы яшчэ навучаецеся ў 3-м клясе, але ўжо адчуваеце сябе ў згодзе з навакольным сьветам, сваю ўласную свабоду, ведаеце што такое Інтэрнэт і умееце ім карыстацца, маеце амбіцыю дасягнуць усіх вяршыняў, якія вам наканаваныя і не сантымэтрам меней, калі вас расьпірае ўласны крэатыў і вы шукаеце крыніцы ўдасканаленьня сваіх уменьняў, то вы ніхто іншы як самы сапраўдны прадстаўнік альбо прадстаўніца беларускага Generation Y.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.