У Беларусі інтэрнэт-СМІ будуць рэгулявацца з улікам сусьветнага досьведу

Учора зьявілася эксклюзіўнае інтэрвію намесьніка міністра інфармацыі Беларусі Аляксандра Слабадчука, у якім той заявіў аб стварэньні працоўнай групы па вывучэньні сусьветнага досьведу рэгуляваньня інфармацыі ў інтэрнэце. Па словах намесьніка міністра, гэта «не цэнзура і не кантроль», аднак журналісты ня лічаць гэта «добрай навіной».

Калі ў Кітаі ўрад рыхтуецца да 17-га палітычнага кангрэсу - і гэта галоўная добрая кітайская навіна, то да чаго рыхтуецца наша Міністэрства інфармацыі – пакуль ня ясна. Цягам месяца ў Беларусі плянуецца стварыць працоўную групу, якая будзе вывучаць досьвед іншых краінаў у пытаньні прававога рэгуляваньня дзейнасьці інтэрнэт-СМІ.

У эксклюзіўным інтэрвію Інтэрфаксу, намесьнік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук распавёў пра мноства сусьветных сцэнараў рэгуляваньня плыняў інфармацыі ў інтэрнэце: кітайскі, эўрапейскі, у прыватнасьці - нямецкі, францускі... Чый досьвед стане для нас паказальным, пакуль не вядома:

«У нашай краіне неабходны балянс інтарэсаў грамадзтва і інтэрнэт-СМІ, якія маюць права на інфармацыю, і дзяржавы, якая мусіць абараняць грамадзтва ад злачынства, насільля і іншых нэгатыўных зьяваў

У склад працоўнай групы ўвойдуць прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых ведамстваў. Пры дэталёвым разглядзе будуць заахвочвацца спэцыялісты зь іншых структураў.

Па словах намесьніка міністра інфармацыі Аляксандра Слабадчука:

«Працоўная група скрупулёзна вывучыць сусьветныя напрацоўкі па рэгуляваньню дзейнасьці інтэрнэт-выданьняў каб стварыць на Беларусі нарматыўную базу ў гэтай галіне. Сёньня ў рэспубліцы дзейнасьць сродкаў масавай інфармацыі ў сусьветнай павуціне ніяк не рэгулюецца. Але нельга разумець гэта як увядзеньне кантролю, цэнзуры, забароны. Ніхто не імкнецца гэтага рабіць, дый гэта і немагчыма. Гаворка йдзе толькі пра вызначэньне ўмоваў распаўсюджаньня той ці іншай інфармацыі, упарадкаваньні дзейнасьці інтэрнэт-выданьняў.»

Нормы будуць накіраваны на выключэньне магчымасьці зьяўленьня ў Сеціве інфармацыі экстрэмісцкага, неанацысцкага, парнаграфічнага зьместу, заклікаў да насільля.

Пасьля падрабязнай прапрацоўкі сусьветнага досьведу працоўная група прыме рашэньне, будуць унесены папраўкі ў існуючы Закон аб СМІ  Беларусі альбо там зьявіцца новы разьдзел:

«Згодна дзеячаму заканадаўству інтэрнэт выданьні нельга адносіць да сродкаў масавай інфармацыі. Таму на сёньня атрымліваецца так: калі не забаронена Яго Вялікасьцю Законам, значыцца дазволена зьмяшчаць на інтэрнэт-сайце ўсё, што хочацца. Так ня мусіць быць. Ёсьць правы, значыцца, ёсьць і абавязкі. Ва ўсім мусіць быць процівага

Таксама будзе разгледжана пытаньне аўтарскіх правоў.

На інтэрвію з намесьнікам міністра інфармацыі адразу адрэагавалі журналісты, праца якіх цесна зьнітаваная зь Інтэрнэтам. На сайце арганізацыі намесьнік старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», юрыст Андрэй Бастунец камэнтуе новую ініцыятыву Міністэрства інфармацыі:

«Абгрунтоўваючы неабходнасьць распрацоўкі закона аб дзейнасьці інтэрнэт-рэсурсаў у рамках заканадаўства аб СМІ, намесьнік міністра прыводзіць вельмі блытаную і супярэчлівую сыстэму аргумэнтаў. Спачатку ён заяўляе, што дзейнасьць інтэрнэт-рэсурсаў у нашай краіне ніяк не рэгулюецца. З іншага боку – прызнае, што на іх распаўсюджваюцца ўсе нормы грамадзянскага, крымінальнага заканадаўства, законаў аб рэкляме, аб аўтарскіх правах. Тобок, насамрэч мэханізмы ўзьдзеяньня на інтэрнэт-рэсурсы існуюць, і інтэрнэт не знаходзіцца «па-за сфэрай прававога рэгуляваньня». Крымінальныя справы, якія ўзбуджаюць у сувязі са зьяўленьнем тых ці іншых публікацый у інтэрнэце, яскрава пацьвярджаюць гэта...»

«Відаць, стала зразумела, што ў тых людзей, якія дагэтуль займаліся распрацоўкай законапраекту, не хапае кваліфікацыі і ведаў у сфэры інтэрнэт. Таму і было вырашана стварыць новую групу, каб яна больш сыстэмна занялася гэтым пытаньнем. Аднак выглядае на тое, што усё рэгуляваньне будзе заключацца ў спробе стварыць своеасаблівы плот вакол Беларусі – ці то тэхналягічны, ці то заканадаўчы.»

«Ясна, што ўсё ўзяць і закрыць сёньня ўжо, мабыць, немагчыма. Аднак істотна абмежаваць інтэрнэт-прастору – гэта рэальна. А яшчэ больш рэальна стварыць умовы для «кропкавага» прыцягненьня да адказнасьці асобаў, якія працуюць сёньня ў інтэрнэце...»

Малюнак Stat.su

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0795 seconds.