У кітайскіх СМІ - толькі добрыя навіны

Урад Кітаю забараніў дрэнныя навіны. Шэраг падзеяў не дазволена асьвятляць у сродках масавай інфармацыі. Журналісты, праваабаронцы і апазыцыянэры трапляюць у вязьніцу за крытыку ўлады. І ўсё гэта - на тле набліжэньня палітычнага кангрэсу кампартыі.

­

Прагляд навінаў часам можа ўвесьці ў дэпрэсію – бываюць дні, калі нэгатыў льецца з экрану нон-стопам. Напрыклад, паглядзіш якую «Міжнародную панараму» па ОНТ у нядзелю – і жыць ня хочацца, такія жудасныя рэчы адбываюцца ў сьвеце. Таму клапатлівы ўрад Кітаю вырашыў абараніць 1 300 000 сваіх грамадзянаў – і загадаў перадаваць толькі добрыя навіны.

Такім чынам, кантроль за мэдыямі стаў больш пільным. А ўсё таму, што прэзыдэнт Ху Цзіньтао рыхтуецца да 17-га партыйнага кангрэсу, дзе на чарговай ператасоўцы палітбюро будзе прадстаўлена новая генэрацыя кітайскіх палітыкаў.

Звычайнай практыкай у Кітаі сталі арышты інтэрнэт-журналістаў і карыстальнікаў, якія прытрымліваюцца апазыцыйных поглядаў. Суды ў сваіх рашэньнях арыентуюцца на загады камуністычнай партыі і выносяць неправамерныя прысуды.

Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў» зноўку і зноўку накіроўвае ўраду Кітаю патрабаваньне вызваліць з вязьніцы больш чым 50 асобаў.

Дата правядзеньня 17-га партыйнага кангрэсу пакуль трымаецца ў сакрэце, але хутчэй за ўсё гэта будзе кастрычнік. З тае нагоды мясцовым СМІ забаронена самастойна праводзіць ацэнку прадуктаў харчаваньня і спажывецкіх тавараў.

Напрыклад, у Бэйджыне кіраўніцтва гораду выдала падрабязныя інструкцыі рэдактарам па асьвятленьні праграмы зьмяншэньня аўтатрафіку. Казаць дазволена толькі пра станоўчы ўплыў на экалёгію. Ніякіх інтэрвію з незадаволенымі, ніякіх фотаздымкаў пробак на дарогах і перапоўненых аўтобусаў.

Большасьці дзяржаўных СМІ было таксама забаронена казаць пра крушэньне моста на поўдні Кітаю, у выніку чаго загінуў 41 чалавек.

І гэта толькі абраныя прыклады з доўгага шэрагу навінаў, пра якія кітайцы так і не даведаюцца.

SlaDa 17:02, 20/08/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0842 seconds.