«Серебряная Свадьба»: мы займаемся жыцьцём!

­«Серебряная Свадьба» выпраўляецца на сусьветныя гастролі – на сабаках, на аленях, на паветраным шары...

Напярэдадні скарэньня плянэты Зямля (наконт іншых плянэт дакладна ня скажам, бо некаторыя лічаць, быццам «Серябряная Свадьба» як раз адтуль) Франсуа дэ Бош ды непараўнальная Бенька (у якой, дарэчы, учора быў дзень народзінаў!) выцягваюць з чамаданаў прыемныя прыемнасьці, радасныя радасьці й цудоўныя цуды.

У інтэрвію: пляны праекта і ўласныя, што любяць і што ня любяць, што п'юць, адкуль такія незвычайныя ўзяліся і пра што іх музыка.

«Мы зьбіраемся зьдзейсьніць вялікую авантуру. У нас ёсьць проста намер і вельмі канкрэтная мэта: наведаць шэраг гарадоў. Аб’ехаць як мага болей краінаў, пашырыць кола нашых сяброў, родных. Хочам назьбіраць як мага болей песень. Жадаем наведаць тыя гарады, адкуль нашыя ­карані. Гурт «Серебряная Свадьба» – вандруючы, і наша будучае падарожжа – штосьці кшталту экспромту і імправізацыі. Але Парыж на мапе «Серебряной Свадьбы» будзе стоадсоткава, тым больш, што там адбудзецца 27 чамаданны сымпозіюм.»

Аднак, што там той Парыж у параўнаньні з ...Віцебскам!

«Сёлета мы маем намер наведацца на «Славянскі базар». Там вельмі дзіўная сытуацыя: значны рух вакол фэсту, і ў ім шмат пазытыўнага. У горадзе мноства цікавых й творчых людзей, шмат прыяжджае ў гэты час. Ім няма чаго рабіць, і з таго ўзьнікае вялікая патрэба, каб адбываліся сапраўды цікавыя падзеі. Мы хочам парваць гэтую цяганіну!»

«Серебряная Свадьба», так сказаць, антыкварыятны калектыў з рарытэтнымі чамаданамі, бабулінымі гісторыямі й неверагодна смачным яблычным варэньнем – дык навошта гэтыя апошнія водгукі глябалізацыі – уласны сайт й старонка ў жж?

«Хочацца кантакту, хочацца пачуць чалавечы водгук, нават здаровую крытыку. Выслухаць прапановы, пасябраваць з кімсьці. Кінуць кліч, вельмі часта трэба штосьці сабраць, або людзей уцягнуць у авантуру... »

Як сталася, здараецца, няма нават з кім выпіць! Вось ужо верыцца зь цяжкасьцю – усё ў тых жа чамаданах заўсёды ёсьць гарачая вадкасьць, таму жадаючых мусіць быць шмат...

«Яно так мо і ёсьць, але мы ня ведаем пра іх, і яны ня ведаюць пра наша жаданьне.»

Таксама дэ Бош распавёў пра працу над запісам першага альбому:

«Мы вельмі спадзяемся пабачыць яго ў гэтым годзе. Ёсьць вялікая ў ім неабходнасьць. Але для нас істотна ня проста зафіксаваць песьні, а запісаць іх так, каб гэта было сапраўды здорава. Важна захаваць атмасфэру. Для гэтага не дастаткова звычайнай працы гукарэжысэра. Усе блага-бедна ўмеюць запісваць рок. А што тычыцца такога складу, як у нас, – хочацца большага!»

А Бенька падзялілася ўражаньнямі ад сваіх тэатральных праектаў: яна ж да таго і рэжысэрка!

«Спэктаклі ў дзяржтэатрах мне вельмі дарагія й цікавыя, тым больш, што музыку да іх пісаў гурт «Серебряная Свадьба». Але ў мяне ёсьць больш родныя для мяне тэатральныя рэчы – «Хатні вожык» (мона-спэктакль, вельмі маленькі, на 20 хвілін, я там адна граю на гармоніку й распавядаю гісторыю вожыка, які кахаў котку, якая ня вельмі прыгожа сышла і ён сьпіўся) і «Цуда сьвятога Антонія» па Матэрлінку.»

ПРА ЦУДЫ

Разам, перапыняючы і дапаўняючы адзін аднаго, Бенька й дэ Бош узгадваюць незвычайныя падарункі і рэчы, якія дзіўным чынам зьявіліся ў іхнім жыцьці:

«З намі адбываюцца цуды! Беньцы падаравалі сукенку. Мы нават ня ведаем імя жанчыны, што пашыла гэтую проста неверагодную рэч. Часта дораць каньякі – гэта радуе. Саша Малчанаў падарыў сапраўдны францускі партфэль, поўны яблыкаў. Такі яблычны партфэль! Жанчына падарыла гранатавыя каралі. Пачула нас першы раз і вельмі захацела чымсьці падзяліцца. Неверагодны капялюш нам прывезьлі аж з Нэпалу – як у Пэпі або ў рыбака. Мне (Беньцы) аднойчы падарылі панчохі, закручаныя ў банку разам з ...цукеркамі грыльяж! Вельмі шмат падарункаў! Мы любім рэчы. Шмат знаходзіцца. Наша любімае месца – Поле цудаў. Накупілі нядаўна старых ключэй ды значакаў»

Беня падаецца такой безабароннай, а жыцьцё – яно ж не заўжды цуд...

«Па-першае, я вельмі рэдка сутыкаюся з нэгатывам, а па-другое, у мяне ёсьць вельмі вялікія абароны: мне заўсёды ёсьць куды схавацца. У мяне ёсьць чамаданы, сабака Баскэрвіль, «Серебряная Свадьба», якая можа пакусаць вельмі моцна, ба калектыў у асноўным мужчынскі, з вельмі моцных, аўтарытэтных людзей»

БЕНЬКІНЫ ЛЮБОВІ

Вось зараз прыпыніцеся на хвіліначку й адкажыце сабе адразу, без падрыхтоўкі, што вы больш за ўсё любіце, а што трываць ня можаце? Бенька вось любіць:

«Паесьці, паспаць, сьлімакоў, чамаданы, сядзець на дрэвах.»

БЕНЬКІНЫ НЕЛЮБОВІ

«Таго, што любіш, так шмат! А што ня любіш – так мала... Не люблю. Калі крыўдзяць жывёлак, маленькіх дзетак, старэнькіх людзей. Хачу тады наносіць траўмы. Плакаць не люблю. І стрынгі – яны залазяць у жопу. Гарохавы суп. Сьпёку».

ЛЮБІЦЬ- НЯ ЛЮБІЦЬ: РАМОНАК ФРАНСУА

Пяць любімых рэчаў ад Франсуа:

«Бубны, пякучы чырвоны перац, сьпёку, мора й хэві-мэтал рок».

Пяцёрка нелюбімых рэчаў:

«Скраб пенаплясту аб шкло, паніку, смагу, каву, мэталёвыя аўтобусныя прыпынкі. А яшчэ зь дзяцінства не люблю лялечныя мульцікі. Яны дурацкія».

А якім быў апошні цуд у жыцьці «Серебряной свадьбы»?

«У нас цалкам цудоўныя дні! Учора мы глядзелі старыя слайды ў бацькоў дома. І гэта было абсалютна казачна! На жаль, культура дыяфільмаў страчаная. А мы глядзелі бацькавы падарожжы, маладую маму, маленькіх дзетак».

А яшчэ ў «Серебряной Свадьбы» ёсьць самы галоўны цуд – маленькая дачка Бенькі Ульянка. Яна наведвае канцэрты й глядзіць на сцэну ўжо ня проста як глядачка. У хуткім часе, як задумваюць музыкі, Ульяна і сама апынецца перад гледачамі.

«Свадебное» мэню

Як ужо адзначыла Бенька, яна вельмі любіць паесьці. І ня толькі яна...

«Мы ўсе вельмі любім паесьці. Гэта нашае галоўнае адрозьненьне. Пры тым мы гурманы – любім смачную ежу, тонкі смак. Франсуа дэ Бош адрозьніваецца выбітнымі кулінарнымі здольнасьцямі. І часта радуе нас: плоў з мідзіямі на ўсе сьвяты. Любім францускую кухню. Фаньдзю. А яшчэ нашая любімая венская страва – яблычны штрудэль. Але больш за ўсё мы схільныя да вінаробстваў. Летась мы выраблялі вішнёвае віно – вагабон – што ў перакладзе з францускага «валацуга». Сёлета зьбіраемся ставіць яблычнае, вішнёвае й сьлівавае. Мы вельмі любім каньякі, і намагаемся здабываць іх паўсюль. Самы любімы – Рэнэ Марці. Мартэль – забойны вельмі. А самы варты напой – гэта Хэнэсі».

МЫ ЛЮБІМ ЖЫЦЬЦЁ! МЫ ЗАЙМАЕМСЯ ЖЫЦЬЦЁМ

Што такое «шансон» раз і назаўсёды патлумачыў Франсуа:

«Шансон – гэта па-француску «песьня». Напрыклад, «анэкдот» перакладаецца  як «гісторыя», а не хохма. Таму «шансон» – гэта песьня пра жыцьцё. Такі цёплы, шматгранны жанр з акустычным гучаньнем. Рок-музыка – таксама гісторыя жыцьця, каханьня. Пытаньне ў дыстанцыі. Рок адпачатку поўны дыстанцыяй, патасам, гераізмам чалавека, які на сцэне. Ён можа пець самыя простыя словы любві, каханьня, але пры тым будзе рок-зоркай. Ад яго сыходзіць сьвятло, ён дапамагае жыць, але ён далёка. А ў шансоне ўсё проста, давяральна, блізка. Мы сябе адносім да фрык-шансону: эксцэнтрычная, цёплая, давяральная музычная атмасфэра...»

ГЛЯДЗІ Ў КОРАНЬ

Усе музыкі «Серебряной свадьбы» маюць слаўных продкаў з самых разнастайных куткоў сьвету. І менавіта на Беларусі сустрэліся гэтыя людзі розных крывей. Таму іх імёны, ня так даўна адкрытыя сьвету, «не надуманасьць, а гістарычная рэальнасьць».

У Сьветы Бень – Бенькі – ёсьць францускія карані і ўсе гісторыі пра бабулю – чыстая праўда.

Бубнач Франсуа дэ Бош – таксама француз. Кантрабасіст Уільям Гапс – ангельскіх крывей. Скрыпачка Франчэска Марыя Васілеўская – полька. А ў банжыста Пунша ньюарлеанскія карані. Ну а прыгажун са сьпяваючым акардэонам – цыган-валацуга Жорж Забелаў.

Аўтар фота да артыкула Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0813 seconds.