Адлічаны студэнт судзіцца з Акадэміяй кіраваньня

Студэнт чацьвертага курса Юрась Алейнік быў адлічаны па загаду ад 15 траўня дэканам Факультэта дзяржаўнага кіраваньня і эканомікі Акадэміі кіраваньня пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. Судовая скарга студэнта стала адным зь нешматлікіх прэцэдэнтаў абароны правоў адлічаных студэнтаў.

Даволі тыповая зьява напрыканцы сэмэстру: у многіх дэканатах пачынаецца «зачыстка» непасьпяховых студэнтаў, часьцей за ўсё зь вялікай колькасьцю прагулаў ці вымоў. Але Юрась моцна адрозьніваецца ад сваіх менш удалых сакурсьнікаў. Здаўшы мінулую сэсію зь сярэднім балам 9.0 і маючы за час навучаньня вельмі неблагі бал 8.4, Юрась вылучаецца актыўнасьцю ды пасьпяховасьцю і ў грамадзкім жыцьці.

Два месяцы таму Юрась стаў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў. Увесну яго абралі старшынём менскай абласной арганізацыі ТБМ. Таксама зьбіраў подпісы супраць адмены льготаў.

Падставай для адлічэньня стала вымова, атрыманая ў лістападзе, і 22 гадзіны пропускаў заняткаў. Але на думку Юрася Алейніка, гэта недастатковыя падставы для адлічэньня:

«Вымову за лістапад я прыняў вельмі сур’ёзна: не прапускаў у тым сэмэстры заняткі, здаў сэсію на 9.0. А ў красавіку я шмат езьдзіў дахаты: мая маці хворая. Таксама ў мяне ёсьць бюлетэні са студэнцкай 33-ай паліклініцы аб тым, што я быў у пэўны час на прыёме. Такім чынам, я маю дакумэнт, які апраўдвае гэтыя пропускі. Але мяне ніхто нават не папярэдзіў аб адлічэньні. Я размаўляў амаль з усімі студэнтамі, адлічанымі па гэтаму загаду. У іх сытуацыя з прагуламі жахлівая. Людзі маюць не адну вымову за гэты сэмэстар. Зразумела, што ёсьць сур’ёзная падстава для адлічэньня. Была асоба на ўзроўні дэканату, якая сказала мне: «Юрась, ты разумееш, адлічылі не за прагулы, адлічылі за «пазаакадэмічную дзейнасьць».

У Акадэміі кіраваньня быў абвешчаны збор подпісаў, пад час якога 258 чалавек выказаліся ў абарону Юрася:

«Я быў вельмі ўзрадаваны салідарнасьцю студэнтаў маёй Акадэміі. Рэктару было пададзена 228 сабраных у маю падтрымку подпісаў. Шмат хто з сяброў згодны падтрымаць мяне і выступіць сьведкай ў судзе».

Атрымліваецца, што навучальнай установе, створанай дзеля падрыхтоўкі кіраўнічых кадраў, больш не патрэбныя выдатнікі? На пытаньне мусіць адказаць суд Кастрычніцкага раёну горада Менску. Туды на мінулым тыдні была пададзеная скарга.

Юрыста, намесьніка старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака, які абараняе правы Юрася, непакоіць праблема адлічэньня беларускіх студэнтаў:

«Рашэньне Акадэміі не грунтуецца на прававых падставах, і для нас відавочна, што гэта расправа за грамадзкую дзейнасьць Юрася. Дзіўнае стаўленьне кіраўніцтва да нашай з вамі будучыні: лепшыя студэнты вымушаныя зьязджаць і атрымліваць адукацыю за мяжой, пры вялікай верагоднасьці, што там яны і застануцца. Гэта можа стаць вялікай праблемай для нашай краіны».

Нагадаем, што ў мінулым годзе вялікая колькасьць беларускіх студэнтаў паехала вучыцца ў Польшчу ды іншыя краіны Эўропы. Большасьць зь іх была адлічаная са сваіх навучальных установаў, але амаль ніхто ня стаў аспрэчваць сваё адлічэньне ў судзе. Адным з найбольш вядомых прыкладаў такога судовага змаганьня стала справа Тацяны Хомы. Таня ўзімку мінулага году была абраная ў праўленьне эўрапейскай студэнцкай арганізацыі ESU. Пасьля гэтага яе адлічылі з БДЭУ.

У гэтым годзе такіх судовых цяжбаў не заўважана, пры тым колькасьць пададзеных заяваў у Камітэт абароны рэпрэсаваных дасягнула 900.

Алег Гулак лічыць, што такія судовыя працэсы патрэбныя грамадзтву:

«Пры ўсёй той масе рэпрэсій у дачыненьні студэнтаў, якую мы бачым, у суд ідзе вельмі мала людзей. Гэта шмат у чым разьвязвае рукі Адміністрацыі. Гэты працэс будзе паказальным, і нават калі мы яго ня выйграем, ён стане дэманстрацыяй таго, што правы ёсьць і іх абараняць можна і трэба. Добра, што ёсьць такі студэнт, які мае і веды, і жаданьне абараняць свае правы».

Пра будучыню Юрась кажа даволі ўпэўнена. Яму ўжо прапанавалі вучыцца ў ВНУ Польшчы, Літвы (ЕГУ), Украіны і нават Расеі. Ёсьць спадзяваньне скончыць навучаньне па сваёй прэстыжнай спэцыяльнасьці ў Менску. Разам з тым, адлічаным студэнтам ужо зацікавіўся ваенкамат.

Жадаючыя падтрымаць Юрася могуць прыйсьці 21 чэрвеня а 16-й гадзіне ў суд Кастрычніцкага раёну (Сямашкі, 33).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0915 seconds.