Самая буйная студэнцкая арганізацыя Эўропы ESIB зьмяніла назоў

Таксама быў зьменены лягатып і канцэпцыя. Цяпер студэнтаў з 37 краінаў прадстаўляе ESU – European Student's Union. Сваімі думкамі наконт зьменаў з Generation.by падзяліліся  вядучыя асобы ESU.

Чаму ESU?

Тацяна Хома, сябра Рады ESIB 2006 г., распавяла, што спроба зьмяніць назоў была яшчэ ў 2005 годзе, але не была падтрыманая.

«Прадстаўляючы ЭСІБ, мне часта прыходзілася пачынаць размову з таго, што такое ЭСІБ і чаму менавіта так называецца арганізацыя эўрапейскіх студэнтаў. За 25 год свайго існаваньня яе дзейнасьць выйшла за межы толькі інфармацыйнага бюро, таму стары назоў проста ўжо даўна не адпавядаў зьместу арганізацыі. Аднак шматгадовая гісторыя, якую сымбалізуе акранім ESIB, не давала арганізацыі адмовіцца ад свайго імя даволі доўга. Менавіта таму ў мінулы раз, увесну 2005-га году, прапанова аб перайменаваньні не была падтрыманая. Хоць у мяне прыватна шмат эмоцыяў выклікае менавіта ESIB, я радая, што зараз студэнты маюць свой эўрапейскі зьвяз - European Students' Union.» – гаворыць Тацяна.

Мы таксама задалі некалькі пытаньняў сябру дзеючай Рады ESU Мэту Табонэ (Matthew Tabone). Ён распавёў, чыёй руцэ належыць распрацоўка новага лягатыпу. Рук апынулася шмат :) - новаўтвораны PR-аддзел сумесна з аддзелам па камунікацыях. Канчатковы варыянт быў абраны са шматлікіх іншых, прапанаваных мэтавым групам студэнтаў з усіх куткоў Эўропы.

«Я ўпэўнены, што новы лягатып цалкам адпавядае назову і рэпрэзэнтуе ЭСУ як “сьвежую” арганізацыю, прадстаўляе Ўнію з усіх бакоў – з усімі шматлікімі поглядамі і пазыцыямі, але тым жа часам аб’яднаную дзеля найлепшай рэпрэзэнтацыі студэнцкіх інтарэсаў», – адзначае Мэт.

Сябры Рады прызнаюцца, што зьмена назову для такой арганізацыі як Эўрапейская студэнцкая ўнія – істотны крок, і гэта ня нешта такое, што ўдала робіцца за адну ноч.

Мэт: «Трэба сказаць, што мы таксама распрацавалі PR-стратэгію: для нас вельмі істотна стварыць імідж арганізацыі, якая сапраўды рэпрэзэнтуе студэнцтва і ягоныя правы на эўрапейскай прасторы.

Зьмена імя прыйшлася на вельмі спрыяльны час: мы маглі выкарыстаць Лёнданскі Саміт Міністраў, каб прасунуць назоў сярод нашых партнэраў, якія ўжо прызвычаіліся да старога імя. Мы ладзілі інфармацыйную сустрэчу для нашых сябраў, студэнтаў і прэсы. Таксама плюс новага назову ў тым, што зь яго адразу вынікае, чым мы займаемся.»

Гісторыя ESU 

Гісторыя ESU пачалася 25 год таму, калі сем студэнтаў з розных краінаў Эўропы сустрэліся ў Стакгольме, каб заснаваць WESIB (the West European Student Information Bureau) – Заходнеэўрапейскае студэнцкае інфармацыйнае бюро.

Галоўнай мэтай было каардынаваньне патокаў інфармацыі між сябрамі WESIB, а таксама сувязі з рознымі эўрапейскімі й міжнароднымі арганізацыямі і структурамі. Дзеля гэтага двойчы на год праводзіліся сустрэчы Рады, на якіх прымаліся асноўныя рашэньні.

Вырашальным для арганізацыі стаўся распад Савецкага Саюзу. Студэнцкія арганізацыі з Усходніх краінаў таксама хацелі далучыцца да WESIB. Каб голас студэнтаў быў роўным і яго маглі пачуць у сьвеце, было вырашана прыбраць літару W – то бок, слова Заходні. Таксама была сфармулявана і новая мэта арганізацыі: прадстаўляць інтарэсы студэнтаў у розных утварэньнях ад імя грамадзкай арганізацыі.

Другі раз назоў зьмяніўся на The National Unions of Students in Europe, але абрэвіятура захавалася. Гэтая зьмена адлюстравала няспынны рост уплыву і маштабу дзейнасьці арганізацыі.

За 25 год Эўрапейская студэнцкая арганізацыя пераўтварылася ў вялікі форум, дзе студэнты з розных куткоў Эўропы могуць дзяліцца сваімі думкамі, праблемамі, абараняць свае правы і ўвогуле – ўплываць на агульнаэўрапейскую сыстэму адукацыі.

І вось урэшце ў траўні 2007-га году ESIB стаў ESU (the European Students' Union) – Эўрапейскай студэнцкай уніяй, зьмяніў колер і канцэпцыю.

Зараз пад дахам ESU месьціцца 50 студэнцкіх арганізацыяў з 37 краінаў сьвету, якія  агулам прадстаўляюць больш за 10 мільёнаў студэнтаў. Арганізацыя прадстаўляе інтарэсы сваіх сябраў у Эўразьвязе, у Радзе Эўропы, ЮНЭСКА ды іншых міжнародных структурах, ўдзельнічае ў стварэньні Агульнаэўрапейскай адукацыйнай прасторы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1492 seconds.