Украіну нарэшце прынялі ў Эўрапейскую студэнцкую унію

З далучэньнем Украіны колькасьць рэпрэзэнтуемых ЭСУ студэнтаў узрасла да 11 мільёнаў. Рашэньне аб сяброўстве, на якое прэтэндавалі адразу дзьве студэнцкія арганізацыі, было прынятае 1 сьнежня ў Вільні на 53-м зьезьдзе ЭСУ.

­ ­

Згодна Статуту Эўрапейскай студэнцкай уніі адну краіну адначасова могуць прадстаўляць некалькі арганізацыяў.

Да ­ першага сьнежня сябрамі ЭСУ зьяўляліся 47 незалежных, дэмакратычных і прадстаўнічых пазапартыйных студэнцкіх уніяў з 36 эўрапейскіх краінаў, за выключэньнем Малдовы, Расеі і Ўкраіны.

Студэнцкі рух Украіны паказаў прыклад актыўнасьці і зладжанасьці. Больш таго, прадстаўлены ён дзьвюма буйнымі ўніямі.

Першая — Украінская асацыяцыя студэнцкага самакіраваньня (УАСС) — і стала сябрам ЭСУ. Гэта незалежнае непалітычнае ўсеўкраінскае грамадзкае аб’яднаньне, у склад якога ўваходзяць дэмакратычна абраныя органы самакіраваньня студэнтаў і асьпірантаў 84 ВНУ Ўкраіны, у якіх атрымоўваюць вышэйшую адукацыю агулам 610 тысяч студэнтаў.

Другой студэнцкай уніяй і кандыдатам на сяброўства ў ЭСУ зьяўляецца Ўсеўкраінская студэнцкая рада (УСР), якая дзейнічае пры Міністэрстве адукацыі і навукі Ўкраіны.

«Рашэньне 53-й сустрэчы Рады Эўрапейскай студэнцкай уніі адносна ўкраінскага студэнцкага руху ёсьць вельмі істотным крокам у гісторыі як украінскага студэнцкага руху, так і ЭСУ. Доўгая гісторыя стасункаў і супрацоўніцтва між украінскімі студэнтамі і ЭСУ распачалося яшчэ ў 2002», — заяўляецца ў афіцыйным рэлізе ЭСУ.

Будзе створаная адмысловая Працоўная група па ўкраінскім пытаньні. Зь ейнай дапамогай праз два гады і Ўсеўкраінская студэнцкая рада зможа стаць сябрам ЭСУ.

 

Далучэньне ўкраінскіх студэнтаў да Эўрапейскай студэнцкай уніі стала магчымым дзякуючы вынікам працоўнага візыту прадстаўнікоў ЭСУ на Ўкраіну ў кастрычніку бягучага году. Сярод тых, хто даў пазытыўную адзнаку разьвіцьцю студэнцкага руху на Ўкраіне, была і нашая суайчыньніцца Тацяна Хома — сябра Рады ЭСУ у 2006. У 2005 Тацяна кіравала падобным азнакамляльным візытам на Ўкраіну — тады было вырашана адкласьці ўваход Украіны ў ЭСУ да гэтай восені і зладзіць яшчэ адну азнакамляльную вандроўку для ацэнкі таго, як арганізацыі справіліся з выкананьнем рэкамэндацыяў ад эўрапейскай студэнцкай арганізацыі.

«Спроба далучэньня украінскага студэнцкага руху да Эўрапейскай студэнцкай уніі мае даволі працяглую гісторыю, таму тое, што адбылося ў Вільнюсе з’яўляецца вельмі важнай падзеяй. Асабліва ўхвальным я лічу тое, што была створаная працоўная група па разьвіцьці студэнцкага самакіраваньня ва Ўкраіне, пад дзейнасьць якой зь бюджэту эўрапейскай арганізацыі былі адмыслова выдаткаваныя грошы. Гэта значыць, што ЭСУ будзе працягваць стасункі зь дзьвюма арганізацыямі і дапаможа ім сваім досьведам і кантактамі.

Я лічу, гэта вельмі важным. Асабліва для УСР, у якой не атрымалася ўвайсьці ў склад ЭСУ ўжо зараз. Я хацела б падкрэсьліць, што адмова іх заяўцы ня значыць адмова ў супрацоўніцтве. Проста арганізацыя зьяўляецца яшчэ вельмі маладой і мае шэраг пунктаў, над якімі варта папрацаваць да поўнага далучэньня да ЭСУ. Калі б нашая група закрыла вочы на тыя мінусы, то ў арганізацыі не было б матывацыі да разьвіцьця пасьля ўваходу ў ЭСУ.

УАСС таксама сталі сябрамі на аснове двухгадовага кантракту. Па выніках наступных двух год будзе бачна, ці яны ўтрымалі тую планку, якую нам прадэманстравалі гэтай вясной, і ці выправілі свае слабыя бакі, на якія мы зьвярнулі ўвагу ў справаздачы па азнакамляльным візыце», - распавяла Тацяна Generation.by.

Па словах кіраўніка візыту ва Ўкраіну ў кастрычніку 2007 Бартэка Банашэка, удзельнікі вандроўкі станоўча ўражаныя ўкраінскім студэнцкім рухам агулам, і працаю як УАСС, так і УСР у прыватнасьці:

«Мы спадзяемся як вучыць, так і вучыцца ў гэтых маладых арганізацыяў у выпадку нашага цеснага супрацоўніцтва ў будучыні. Мы шчасьлівыя вітаць УАСС у сябрах і чакаем гатоўнасьці УСР стаць сябрам ЭСУ цягам некалькіх год.»

На здымку Тацяна Хома падчас працоўнага візыту на Ўкраіну ў 2006­

Фота Olav Øye

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0648 seconds.