Галоўнай студэнткай Эўропы стала літоўка

У Бухарэсьце праходзіць паседжаньне праўленьня Эўрапейскага студэнцкага зьвязу (ESU). На ім прынятае рашэньне аб далучэньні да арганізацыі, што яднае 47 нацыянальных саюзаў студэнтаў з 38 краінаў Эўропы, Саюзу моладзевых студэнцкіх арганізацый Азэрбайджана. Таксама была абраная новая старшыня ESU — ёй стала літоўская студэнтка Карына Уфэрт.

22 красавіка ў румынскім Бухарэсьце больш за 140 студэнцкіх прадстаўнікоў з усяго эўрапейскага кантынэнту сустрэліся на афіцыйным паседжаньні праўленьня Эўрапейскага саюза студэнтаў (European Students’ Union).

Сярод асноўных тэмаў паседжаньня — крокі ESU адносна новай праграмы «Эразмус для ўсіх» (Erasmus for all), мадэлі фінансаваньня вышэйшай адукацыі, прэзэнтацыя дасьледаваньня «Балоньская сыстэма вачыма студэнтаў 2012» і выпрацоўка пазыцыі студэнцкіх прадстаўнікоў падчас Балоньскай канфэрэнцыі міністраў адукацыі, якая адбудзецца ў Бухарэсьце адразу пасьля завяршэньня паседжаньня ESU.


Папярэдняя сустрэча ESU адбылася ў Сафіі год таму

У час выбараў старшыні арганізацыі перамагла цяперашняя віцэ-старшыня ESU літоўка Карына Уфэрт. Перад абраньнем на пазыцыю старшыні Карына была віцэ-прэзыдэнтам Студэнцкага прадстаўніцтва Віленскага ўнівэрсытэту, віцэ-прэзыдэнтам Літоўскага саюзу студэнтаў, а таксама сябрам Выканаўчага камітэту ESU.

Акрамя выбараў кіраўніцтва эўрапейскія студэнты займаліся прыняцьцем у свае шэрагі новых сябраў: студэнцкіх арганізацый з Сэрбіі і Азэрбайджану. Апошні цяпер будзе прадстаўлены ў найбольш уплывовай студэнцкай арганізацыі кантынэнту Саюзам моладзевых студэнцкіх арганізацый Азэрбайджана. Такім чынам ESU прызнаў буйнейшую студэнцкую арганізацыю краіны, дзе ўжо больш за 30 гадоў валадарыць сям’я Аліевых, дэмакратычнай і незалежнай.


Саюз моладзевых студэнцкіх арганізацый Азэрбайджана праводзіць самыя розныя мерапрыемствы, у тым ліку і такія, прысьвечаныя бясьпецы

Нагадаем, мінулай зімой Эўрапейскі саюз студэнтаў выступіў з рашучай крытыкай беларускага Міністэрства адукацыі і заняў жорсткую пазыцыю адносна жаданьня Беларусі далучыцца да Балоньскай прасторы з-за парушэньняў правоў студэнтаў і палітычных адлічэньняў зь беларускіх унівэрсытэтаў. Нядаўна стала вядома, што беларуская заяўка ня будзе нават разглядацца на бліжэйшым паседжаньні міністраў адукацыі краін Балоньскага працэсу. Тым часам Азэрбайджан як і ўсе іншыя буйныя краіны Эўропы ўвайшоў у Балоньскі працэс.

Сёлета ESU сьвяткуе трыццацігодзьдзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1011 seconds.