Эўрапейскія студэнты: «Беларусь ня мае права стаць Балоньскай краінай»

Буйнейшая студэнцкая арганізацыя кантынэнту Эўрапейскі студэнцкі зьвяз выступіла супраць далучэньня Беларусі да адзінай адукацыйнай прасторы Эўропы. Прынамсі, у бліжэйшыя гады.

«Нягледзячы на тое, што Беларусь можа выканаць фармальныя крытэры, каб далучыцца да Балоньскай сыстэмы, яна ня мусіць станавіцца яе часткай, бо ў краіне адсутнічае такая рэч, як акадэмічная свабода», — заявіў старшыня Эўрапейскага студэнцкага зьвязу (ESU) Allan Päll, што прадстаўляе больш за 11 мільёнаў эўрапейскіх студэнтаў.

Міністэрства адукацыі Беларусі падала заяўку на далучэньне да Адзінай адукацыйнай прасторы Эўропы 30 лістапада 2011 года. Рашэньне аб сяброўстве нашай краіны ў Балоньскім працэсе мусіць быць прынятае 26–27 красавіка 2012 году на паседжаньні міністраў адукацыі прасторы ў Бухарэсьце.


Здымак з акцыі аўстрыйскіх студэнтаў у 2008-м годзе з нагоды прыезду ў Вену
рэктара БДЭУ Шымава, вядомага грубымі парушэньнямі студэнцкіх правоў

Паводле афіцыйнай заявы ESU, арганізацыя спадзяецца, што да гэтай даты камітэт, што разглядае беларускую заяўку на далучэньне, зьверне дастатковую ўвагу на «факты пастаяннага парушэньня акадэмічнай свабоды ў краіне».

«У сьнежні 2010 году каля 600 актывістаў, у асноўным маладыя людзі і студэнты, былі асуджаныя і 20 беларускіх студэнтаў былі выгнаныя са сваіх унівэрсытэтаў у выніку жорстка задушаных акцый пратэсту супраць выбараў прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Гэткая практыка вызывала і вызывае агіду ў ESU. Арганізацыя не забылася на гэтыя падзеі», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.

У студзені 2011 году Эўрапейскі студэнцкі зьвяз выступіў з асуджэньнем рэпрэсіўных мэтадаў беларускіх уладаў, у выніку якіх нашы студэнты аказаліся за кратамі. Пазьней ESU, які аб’ядноўвае мноства студэнцкіх арганізацый кантынэнту, дамогся сумеснай рэакцыі ад міністраў 11 паўночна-эўрапейскіх краін на сытуацыю з адлічэньнямі ў Беларусі. Паводле інфармацыі арганізацыі, «некаторыя з гэтых краін цяпер ня супраць далучэньня Беларусі».

Пры гэтым эўрапейскія студэнты лічаць, што калі Беларусь стане сябрам Балоньскай прасторы цяпер, у будучым на яе ўжо нельга будзе ўзьдзейнічаць санкцыямі — правілы адзінай адукацыйнай прасторы не прадугледжваюць выключэньня краіны зь яе шэрагаў.

ESU «вельмі сумняецца ў гатоўнасьці [Беларусі] да выкананьня якіх-небудзь значных рэформаў у сфэры вышэйшай адукацыі». Пры гэтым у будучым ESU спадзяецца на «паступовыя пазытыўныя зьмены ў краіне, якія дазволяць перагледзець забарону на далучэньне Беларусі да Балоньскай прасторы».

Акрамя заяўкі Мінадукацыі афіцыйны Брусэль разглядае таксама даклад аб стане рэчаў у беларускай сыстэме вышэйшай адукацыі, прадстаўлены групай экспэртаў з грамадзкага Балоньскага камітэту. Сябры камітэту выказваюцца за далучэньне Беларусі да прасторы, але ж толькі пасьля пэўных адукацыйных рэформаў.

Заява Эўрапейскага студэнцкага зьвязу — першае афіцыйнае выказваньне меркаваньня эўрапейскіх структур аб пэрспэктывах далучэньня Беларусі да Балоньскай сыстэмы з моманту падачы беларускай заяўкі на ўступленьне.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0624 seconds.