Юрась Алейнік пакуль не вырашыў, дзе працягне навучаньне

Навіна пра тое, што Юрась Алейнік паедзе вучыцца ў Маскву, стала шокам і для самаго Юрася - пра гэта выключаны з Акадэміі кіраваньня студэнт даведаўся праз Інтэрнэт. Але Юрась разглядае і такі варыянт. Усё будзе залежыць ад умоваў, якія прапануе Вышэйшая школа эканомікі. Тым часам, заўтра адбудзецца чарговае судовае паседжаньне па справе Алейніка.

Сёньня на шэрагу беларускіх сайтаў зьявілася навіна пра тое, што 28 жніўня рэктар Вышэйшай школы эканомікі (Масква) даў згоду на залічэньне на факультэт дзяржаўнага і муніцыпальнага кіраваньня Юрася Алейніка.

Generation.by зьвязаліся зь Юрасём, каб даведацца пра ягоныя далейшыя пляны і запытацца, чаму менавіта Масква.

«Для мяне гэта было шокам гадзіну таму: мне патэлефанаваў сябра і сказаў зайсьці ў інтэрнэт. Таму я б сказаў, што не я абраў месца вучобы, а яно абрала мяне. Я накіроўваў дакумэнты ў некалькі ВНУ. Сёньня быў у БДУ – спадзяваўся паступіць туды. І вось на сайце ўбачыў, што ўчора мяне прынялі туды. Але на якіх умовах, мне не вядома. Таму буду туды тэлефанаваць.»

Хаця гэта і другая па ўзроўні адукацыі ВНУ Расейскай Фэдэрацыі, усё залежыць ад тэрмінаў. Надоўга Юрась зьязжаць ня хоча: толькі на ўмовах год-паўгады. А потым, абараніўшы дыплём, плянуе вярнуцца на Беларусь і пачаць працаваць.

Так што Масква – не канчатковы выбар Юрася.

Мы пацікавіліся стаўленьнем Алейніка да расейскай сталіцы:

«У мяне там старэйшы брат навучаецца ўжо 4 гады. Але сам горад я не люблю. Ён для мяне шумны, вялікі. Людзі там мяняюцца, становяцца падкімі на грошы. Але паглядзім, зараз я не магу загадваць.»

Пошук месца абароны дыплёму – не адзіны клопат Юрася. Усё яшчэ не скончана судовае разьбіральніцтва па справе Алейніка, якога, нагадаем, выключылі з Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце:

«Буду заканчваць судовыя змаганьні, можа нават і пасьпяхова. Сёньня і ўчора былі мае сустрэчы з судзьдзёй. І вось на заўтра, на 10-ю раніцы назначана паседжаньне. Але я толькі вярнуўся з вакацыяў і ня ведаў, што майго адваката і абаронцы няма ў горадзе, як і шэрагу сьведак-студэнтаў. Таму заўтра адразу буду прасіць судзьдзю перанесьці паседжаньне на наступны тыдзень.»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0715 seconds.