Рок за баброў, бабры за рок: Welcome 2 Бабруйск

Рок за баброў, бабры за рок

Чытай пра «Рок за баброў» – ніхто ж не раскажа. Бо голасу­ няма – хто прастудзіўся, а хто сарваў зьвязкі, падпяваючы любімыя гіты.

­

Усе, каго чакалі, да фэсту дабраліся. Бабруйск сустрэў дожджыкам ды ветрам. Журналістаў і гасьцей напачатку завязьлі на бровар «Сябар», дзе чакала экскурсія і абед. Лішкаў, кшталту сушы ў бабрыных хвосьціках ­і сакэ «Баброў», не было – было нармалёвае мяса (спадзяемся, не з суседняга завода – заўвага для там прысутных :) ды піва ў неабмежаваных аб’ёмах.

Завод уразіў прэзыдэнта

Завод уразіў. І ня толькі журналістаў, але й прэзыдэнта – фотасправаздача візыту кіраўніка дзяржавы сустрэла гасьцей. Жадаючых зрабіць здымак са здымкам прэзыдэнта было шмат.

Нямецкія інвэстыцыі кажуць самі за сябе – паўсюль чысьціня, працоўныя ўсьміхаюцца й не нарадуюцца. У параўнаньні з сьмярдзючымі суседнімі заводамі – проста рай.

Міліцыянты, як манахі, хадзілі ў чорных плашч-палатках

А на адкрытай канцэртнай пляцоўцы было неверагодна халодна. Міліцыянты, як манахі, хадзілі ў чорных плашч-палатках. Ці, дакладней, выглядалі, як зьезд куклус клану.

Арганізатары прадугледзелі для прэсы ды віпаў плястыкавыя дажджавікі й хустачкі. Саграваліся як маглі. Найбольш знаходлівыя адшукалі сэканд й уцяпліліся. Самыя добрыя дзяліліся вопраткай зь сябрамі ды калегамі.

«Собаки, кто нас сглазил?! Вот же, черти, не повезло!!!» – узгадваецца рэфрэн новай песьні Ляпісаў. Такое благое надвор’е – не інакш, як прошукі канкурэнтаў. Зрабілі бабра-вуду і тыркалі ў яго шыпулькамі. Але насуперак нядобразычліўцам сьвята ўсё роўна атрымалася!

J:Морс

Куртаты натоўп рос ды рос. І вось у паветры лунае станік – на сцэне J:Морс. Валодзя быў мэлянхалічны ды сэнтымэнтальны. Разам з натоўпам Морсы гукалі сонейка, радаваліся лету. Але сонейка так і не зьявілася. Валодзя заклікаў берагчы баброў. Потым яшчэ доўга прыхільніцы не давалі Пугачу зьехаць.

Міхалок

І сапраўдным сьвятам сталі Ляпісы. Міхалок быў засмучаны, як сталася – хвалявалі глябальныя праблемы: «А чаго мне весяліцца? Вы ведаеце, што ў сьвеце адбываецца?». Але, як сапраўдны прафэсіянал, на сцэне Сяргей сабраў у кулак усе праблемы і запаліў ноч. Размаўляў Міхалок вершамі, а сьпяваў гітамі. Новы альбом «Капітал», па ўсяму, прыхільнікі падвучылі: у якой руцэ «сьнікерс», а ў якой – «марс», ня блыталі.

Цягам канцэрту праходзіла экалягічная акцыя – усе жадаючыя маглі абмяняць плястыкавы пакет на баваўняную торбу. Зь ёй зручней хадзіць у краму і яна не забруджвае навакольле. Скажам «не» плястыку! Каб яшчэ плястыкавыя дажджавікі на футравыя мянялі (зразумела, на штучныя :).

Тыя ж, хто здабыў сам, або з дапамогаю сяброў, 50 коркаў ад піва «Баброў», маглі сфатаграфавацца з музыкамі і адразу ж атрымаць здымак з аўтографам калектыву. Каб народ зусім не надарваў ныркі, Морсы і Ляпісы на коркі не абменьваліся.

Цалкам жа, «Рок за Баброў» – сапраўднае сьвята для горада. Бабруйская моладзь скардзіцца на ненасычанасьць культурніцкага жыцьця. А тут адначасова ў адным месцы і піва, і халяўныя торбы, і «Тайланд», «Стая», «Сініца», «Деймос», «Метеор», «Стокс», «Без білета», «J:Морс», «ТТ-34», «Ляпіс Трубяцкой» – і ўсё гэта сьвята жыцьця скончылася фэервэркам. Сымбалічна пры гэтым гучалі Ляпісы: «Всё, ребята, харэ! Отработали лавэ!»

сьвята для горада

Ну а бабры ўжо пачалі рыхтавацца да наступнага лета. Галоўнае – перакупіць сонейка ў канкурэнтаў (можна імпартаваць зь Ірану, туды ж вывезьці ападкі). Рок за баброў, бабры за рок – сонца нам дапаможа!

Аўтар фота Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0881 seconds.