Рок за баброў, а надвор’е — супраць

Сёмы фэстываль «Рок за баброў», арганізаваны броварам Heineken, у чарговы раз прайшоў без піва. Але на гэты раз ва ўмовах, блізкіх да асяродзьдзя баброў: вада і холад.

Па словах арганізатараў, яны спрабавалі атрымаць дазвол на продаж піва на тэрыторыі фэстывалю, аднак мінскі аблвыканкам вырашыў строга кіравацца законам аб масавых мерапрыемствах, які забараняе продаж алькаголю бліжэй 500 мэтраў да месца іх правядзеньня. А па асабістай ініцыятыве некаторых кіраўнікоў і бліжэй некалькіх кілямэтраў. І замест таго, каб кантраляваць працэс ўжываньня на спэцыяльна адведзенай для гэтага тэрыторыі, супрацоўнікам органаў аховы парадку па традыцыі прыйшлося ўсё кантраляваць у бліжэйшай лесапаласе. Напэўна, адмыслова для гэтага іх рыхтуюць.

Аднак аб усім па чарзе. Фэстываль пачаўся, працягнуўся ды і завяршыўся ва ўмовах, блізкіх да асяродзьдзя жывёл, якія далі назву фэсту. Вада і холад. Надзіва, Белгідрамэтэацэнтар выдаў абсалютна дакладны прагноз надвор'я. Кароткачасовыя халодныя дажджы. Да пачатку каля сцэны налічвалася рэкордная колькасьць гледачоў і звычайная колькасьць міліцыі. Прысутныя пагаворвалі, што фэстывалю можна было даваць назву «Рок для мянтоў».

Ня больш за паўсотні чалавек сустрэлі словы вядучага аб адкрыцьці фэсту. Вельмі моцна падазраю, што гэта была група падтрымкі гурта Tok Rukoo, якому пашанцавала фэстываль адкрыць. Чаму пашанцавала? Ды таму што з кожнай гадзінай з надвор'ем рабілася ўсё большая задніца, якая плаўна перарастала ў дупу.

Далей была група Prosspekt зь вельмі якасным вакалам як мужчынскім, так і жаночым. Tesaurus, Yellow Brick Road. І ўжо да выступленьня барысаўскіх Sun Road-21 з дапамогай складаньня ўсіх папярэдніх груп падтрымкі, колькасьць гледачоў можна было сьмела ацэньваць у 200-300 чалавек. Sun Road-21 адыгралі ва ўсіх вядомых ім стылях, пачынаючы ад ска і заканчваючы хард-корам. Забіяцкія дудкі, даволі роўная рытм-сэкцыя... агулам нядрэнна. Самі хлопцы свой стыль ахарактарызавалі як танк-рок.

Open Space выдаў прысутным порцыю свайго глямурнага року. Хоць, па праўдзе, лепш бы выдалі грам па 50 ці нават па 100 для прафіляктыкі ВРВІ і іншых хваробаў. Бо тое, што граюць Open Space, даўно ўжо сыграна і прыдумана і зноў жа яўна ня імі. Тым часам дождж узмацніўся, а вецер стаў амаль ураганным. Open Space, адыграўшы свой сэт, у літаральным сэнсе зьбеглі са сцэны, пакінуўшы там гітарыста, які дапамагаў вядучаму разыгрываць нейкі дурацкі конкурс.

Наступнымі на сцэне мусілі зьявіцца «Лермонт». Аднак нейкая частка гэтага калектыву дзесьці затрымалася, і да выхаду на сцэну экстрана прыйшлося рыхтавацца гурту Naka. «Лермонт», дарэчы, мусяць даслаць Насьці Шпакоўскай добры моцны напой у якасьці кампэнсацыі, бо неба ў той момант ўжо проста звар'яцела. Нават спэцназаўцы, закліканыя ахоўваць спакой музыкаў, зайшлі да іх у намёт схавацца ад дажджу і папіць гарачай гарбаты. А я маладушна пачаў падумваць аб адступленьні ў цёплую кватэру.

Выступ Накі можна назваць гераічным. Гледачы стойка пераносілі ўсе нягоды, музыканты штохвілінна адагравалі цёплым дыханьнем пальцы рук. А Насьця Шпакоўская, каб падтрымаць сваіх прыхільнікаў, зьняла куртку і засталася ў адной танюткай і караценькай маечцы. Адзначыўшы, што ёй упершыню давялося выступаць у такіх умовах, калі соплі разьвіваюцца па ветры. Нават бубнач паскардзіўся, што на яго трапляе.

Далей гралі «Ў нескладовае». А надвор'е крыху зьлітавалася над прысутнымі. Дождж спыніўся, і месцамі пачало праглядваць сонца. У гэты час, бліжэй да выступлу хэдлайнэраў народ пакрысе пачаў прыбываць. І ўжо пасьля выступу «Лерманта» перад сцэнай можна было назіраць пару тысяч гледачоў, да якіх дадаліся людзі з абмежаванымі магчымасьцямі перасоўваньня, для якіх арганізатарамі была збудаваная адмысловая глядацкая пляцоўка.


Аўтар фота Яўген Краснавок

Ну і нарэшце хэдлайнэры. «Горад 312» не ўпершыню зьяўляецца ўдзельнікам «Року за баброў». І выступаць, зь іх словаў, ім тут падабаецца. Прафэсійна адыгралі сваю праграму ды, як і было заяўлена па рэглямэнце, па камандзе свайго дырэктара са сцэны саскочылі хвіліна ў хвіліну.


Аўтар фота Яўген Краснавок

Дарэчы чамусьці да выступленьня хэдлайнэраў традыцыйна пачынае нармальна працаваць апарат. Усё чуваць, усё гучыць. Незразумела адно, ці то гэта апарат берагуць для выступу зорак, ці то ў нашых гукачоў рукі заточаныя пад нуль... Ая — Сьвятлана Назаранка, вакалістка «Горада 312» адзначыла даволі высокі ўзровень беларускіх музыкаў і беларускай музыкі. Мяркуючы па тым ўзроўню, які яна пачула на фэсьце, з музыкай у нас усё добра. Са зьдзіўленьнем даведалася пра існаваньне чорных сьпісаў беларускіх музыкаў і пра тое, што фанатам Ляпісаў даводзіцца езьдзіць на іх канцэрты ў краіны блізкага замежжа.

А вось уласна і тое, дзеля чаго я мерз і мок 9 гадзінаў на адкрытым паветры. Прызнаюся адразу, не зьяўляюся фанатам і знаўцам творчасьці «Начных Снайпераў». Ведаю толькі тое, што гучыць паўсюль. Аднак было цікава як выступіць на роднай зямлі ўраджэнка Валожына Дыяна Арбеніна, зь якой журналістам перад пачаткам выступу ўдалося пагутарыць.

— Мне вельмі прыемна, што на маёй радзіме ўсё ж магчымы рок-н-рол. І паверце, калі мы казалі пра тое, што едзем у Беларусь граць на рок-фэсьце, людзі дзівіліся: а што, у іх хіба такое можа быць?

Я думаю, калі ўзяць белую насоўку і выцерці ёй праспэкт, то на ёй і сьлядоў не застанецца. Усе так чысьценька. Мне здаецца, што цяпер такая рэальная сытуацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Усё так гладка, чыста выбудавана і дасканала абмежавана.

Беларусь — гэта мая Радзіма і яе нікуды не падзець. Чым старэйшай я раблюся, тым мяне больш цягне сюды ў незалежнасьці ад таго, што тут адбываецца. Што адбывалася тут два гады таму, і што будзе адбывацца. Мне тут вельмі добра сьпіцца, я тут класна сябе пачуваю. Проста я тут адпачываю.

Прасьпяваўшы першай «31-ю вясну», Арбеніна выказала зьдзіўленьне пра тое, што гледачы знаходзяцца занадта далёка ад сцэны.

— Напэўна, тут нейкі адмысловы від травы, што вам нельга падысьці бліжэй.

А гледачы рыхтаваліся. Пад песьню «Самалёты» да сцэны паляцелі дзесяткі папяровых самалёцікаў, чым усхвалявалі спэцназ пад кіраўніцтвам аднаго, як ні дзіўна, крапавага бярэта. У мінулым годзе крапавых было зь дзесятак, і пад час выступу Лагуценкі ўсіх журналістаў загналі за сцэну асьвятляць мерапрыемства, а самі задаволеныя як удавы фатаграфаваліся са сваімі цёлкамі на фоне сцэны.


Здымак «Эўрарадыё»

А Арбеніна працягвала аддаваць сябе гледачам. Яна два разы сыходзіла са сцэны, каб павітацца з кожным гледачом. І сапраўды дарыла ў гэты вечар кожнаму часьцінку сябе. А гледачы сьпявалі самыя вядомыя гіты дружным хорам. Сапраўды, у такое надвор'е прысутнічалі толькі самыя адданыя фанаты.

Затым быў «Маряк», пад якога Арбеніна ў чарговы раз спытала

— Ну, хто-небудзь піва прынясе?...

Завяршылася ўсё такім бісам, які рэдка пачуеш ад нашых памяркоўных гледачоў.

Я думаю, што ніхто з тых, хто прыйшоў, не пашкадаваў пра гэты вечар на Баравой. Гэта сапраўды было крута. І я, калі і не запісваюся ў фанаты да «Начных Снайпераў», то на наступны канцэрт пайду абавязкова.

Па ідэі, фэстываль павінен быў працягнуцца выступам дыджэяў, але я, як вы разумееце, не стаў цікавіцца дадзенай опцыяй мерапрыемства.

Рэальна халодна было, блін.

Болей здымкаў з пачатку фэста  — у фотарэпартажы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0946 seconds.