Пра Басовішча-2007

Гарачы час падрыхтоўкі да фэсту пачынаецца. Маладыя гурты шукаюць інфармацыю, калі падаваць заяўкі. Арганізатары зь беларускага боку вядуць перамовы між сабою і БАСам, а самыя прадбачлівыя наведвальнікі Басовішча нясуць дакуманты на візу ў польскую амбасаду. Прагнозы, новыя асобы, даты – экшн ужо пачынаецца.

Званкі ад гуртоў з жаданьнем здаць дэмкі робяцца ўсё часьцей, уласныя задумкі натхняюць, прыярытэты выбудоўваюцца.

А Басовішчу сёлета 18 год. Сапраўднае паўнагодзьдзе. Фэст выхоўваўся столькімі пакаленьнямі, што калі сабраць усіх «бацькоў» Басовішча, «дзядзькоў» і «цётак» – ніякай залі ня хопіць :). Можа быць таму і гісторыя фэстывалю – народная. Кожны, хто хоць раз быў на фэсьце пад адкрытым небам у мястэчку Гарадок, зьяўляецца носьбітам няхай і маленечкага, але кавалачку гісторыі Басовішча. Можа хто возьмецца за дысэртацыю ці хаця б курсавую па гісторыі фэсту? :) Удзячных будзе шмат.

Партнэрамі БАСу зь беларускага боку ў арганізацыі адборачнага туру таксама пабывалі многія. Найбольш доўга – БМА ў асобе Віталя Супрановіча.

Мінулым годам прапанову займацца фэстывалем у Беларусі атрымала таксама каманда інфармацыйнага рэсурсу Studenty.by (зараз - generation.by). Мы адлюстроўвалі кожны крок у падрыхтоўцы да Басовішча на старонках сайту. Быў пашыраны склад журы да 10 асобаў, мы прапанавалі максымальна празрыстую сыстэму адбору маладых гуртоў, прыдумалі і зладзілі «Адборышча». Нават можна лічыць, што тры разы :) – у парку Dreamland, у Палацы Мастацтваў і ўрэшце ў адным добрым менскім клюбе. Да арганізацыі «Адборышча» далучыліся выбітныя беларускія музыкі, журналісты, арганізатары канцэртаў і проста добрыя людзі. Мы дапамаглі 300 маладым беларусам і беларускам атрымаць польскія візы на фэст у тое складанае гарачае лета. Зрэшты, мы былі на Басовішчы і дапамагалі на месцы.

Некалькі год інфармацыйным партнэрам Басовішча ў Беларусі зьяўляецца Тузін Гітоў. Ёсьць у гэтай слаўнай камандзе шмат добрых людзей і арганізатараў у тым ліку.

І так, зараз да асобаў. У гэтым годзе нашу каманду БАС запрасіў зноўку займацца арганізацыяй беларускай часткі Басовішча. Але мы прапанавалі сёлета каардынацыяй фэсту ў Беларусі займацца чалавеку з каманды Тузіна Гітоў – Аляксею Мінчонку. Аляксей – PR-мэнэджэр ТГ, а таксама працуе на «Радыё Рацыя».

Каманда Generation.bY лічыць, што адказная асоба за падрыхтоўку беларускай часткі мусіць быць адна. На тое яна і адказнасьць. А дапамагаць ідэямі і канкрэтнымі справамі могуць многія – была б воля арганізатараў і ўменьне матываваць. А новыя людзі – новыя ідэі і падыходы да працы. Паглядзім, чым парадуе нас усіх сёлетняе «Адборышча» і «Басовішча». А што да Басовішча, то сёлета сярод ключавых асобаў там таксама новыя людзі. Радаслаў Дамброўскі – новы кіраўнік БАСу, які ўжо пасьпеў распавесьці некалькі рэчаў пра новаўвядзеньні гэтага году. З прыемных і чаканых навінаў – журы «Адборышча» будзе журыць і на самім Басовішчы. Спадзяюся, так і будзе.

Мы ж сёлета хочам рабіць нешта новае – тое, чаго да нас не рабілі. У тым ліку і ў межах фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча». «Адборышча» мы ўжо зрабілі ;).

Праект Generation.bY – інфармацыйны партнэр Басовішча. Праекту цікавыя творчыя ініцыятывы, у тым ліку музычныя: гурты, канцэрты, фэсты. Таму інфармацыяй пра ўдзельнікаў «Адборышча-2007», навінамі з «кухні» падрыхтоўкі фэсту будзем забясьпечваць. А нашыя ўласныя задумкі – па ходу справы.

Я ж пляную «забіць» сабе месца ў намётавым гарадку на Басовішчы, зычу сабе і ўсім добрым людзям шурпатай дарогі па даезьдзе да фэсту. Спадзяюся, што піва будзе халодным, музыка – гарачай, ноч – цёплай, атмасфэра – сяброўскай, галасаваньне журы – аб’ектыўным, мясцовыя ўлады – лаяльнымі, а ўражаньні – толькі лепшымі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1738 seconds.