Адборышча зноў забароненае

У Палацы мастацтваў сёньня два маёры МЧС (на фота) апячаталі дзьверы ў канфэрэнц-залю, дзе плянавалася правядзеньне двухдзённага адборачнага туру на Басовішча-2006.

Пасьля забароны правядзеньня Адборышча ў парку Дрымлэнд арганізатары вельмі хутка знайшлі запасны варыянт. У новым месцы правядзеньня імпрэзы плянаваўся яе новы фармат, у якім зьявіліся нават дадатковыя плюсы. Так, паколькі імпрэза мусіла быць двухдзённай, гурты атрымалі бы болей часу на свае выступы – па 20 хвілінаў (адпаведна умовам на Басовішчы). Але, ня гледзячы на ўсю зробленую арганізатарамі папярэднюю працу, Адборышча было забароненая за некалькі гадзінаў да пачатку першага канцэрту.

Для правядзеньня адборачнага туру на Басовішча ў Палацы мастацтваў арганізатары атрымалі адмысловы дазвол (гастрольнае пасьведчаньне) ад Міністэрства культуры, у ім было так і напісана “на адборачны тур Басовішча”. Была падпісаная дамова з Палацам мастацтваў і папярэдне была аплочаная арэнда залі на два дні.

Але сёньня, 23-га чэрвеня, каля 13.00 галоўны інжынэр Палацу мастацтваў папрасіў дадаткова яшчэ раз прадставіць праграму імпрэзы. У хуткім часе Воля Кузьміч прывезла яму праграму Адборышча-2006. Але пад  час размовы інжэнэр паведаміў, што яму тэлефанаваў спадар У.У. Лепешаў (кіраўнік аддзелу МЧС Савецкага раёну г. Мінску) і загадаў спыніць правядзеньне канцэрту. У.У. Лепешаў спаслаўся на званок з Савецкага райвыканкаму, чыноўнікі якога нібыта аддалі загад МЧС забараніць канцэрт. Воля Кузьміч адразу ж паехала ў аддзел МЧС Савецкага раёну, але спадара Лепешава не аказалася на працоўным месцы. У Савецкім райвыканкаме яе накіравалі ў аддзел культуры. Дзе кіраўнік гэтага аддзелу, Карачэўскі Ў.М. заявіў, што нічога ня ведае, і што пэўна загад быў аддадзены вышэй.

 

У гэты час у Палацы мастацтваў зьявіліся два маёры МЧС, яны апячаталі ўваходныя дзьверы ў канфэрэнц-залю, пры гэтым нават іх не адчыніўшы. Прычынай такіх дзеяньняў была названая пастанова ад 23 чэрвеня падпісаная У.У. Лепешавым, у якой сьцвярджаецца, што ў канфэрэнц-залі Палацу мастацтваў нібыта існуе небясьпека абвалу столі. Палац Мастацтваў адмовіўся прадаставіць Волі Кузьміч копію гэтай пастановы. 

Ня гледзячы на ўсе гэтыя падзеі, Адборышча-2006 усё ж пройдзе ў Беларусі і ўдзельнікі Басовішча будуць абраныя журы. У нас ад пачатку быў варыянт правесьці канцэрт паўпадпольна не афішуючы месца правядзеньня. Але мы прынцыпова лічым, што ня варта ісьці на ўмовы, у якія нас штурхаюць улады. Беларускі рок – гэта ня нешта шкоднае, чаго трэба саромецца – гэта музыка, якая натхняе на свабоду і яна мусіць быць свабоднай, гаворыць Воля Кузьміч. 

 

Фотарэпартаж з Палацу мастацтваў >>  

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0917 seconds.