Адборышча-2006: абраныя ўдзельнікі конкурснай часткі Басовішча

На двухдзённым адборачным канцэрце, які ў гэтым годзе ўпершыню атрымаў адмысловую назву “Адборышча”, 28-29 чэрвеня выступілі 17 маладых камандаў. Па выніках канцэрту сябры журы абралі 9 гуртоў, якія паедуць 21-22 ліпеня змагацца за прызы Басовішча ў Польшчу.

Гучная імпрэза цішком 

Сёлетнія арганізатары адборачнага канцэрту каманда Studenty.by вымушаныя былі праводзіць імпрэзу фактычна ў падпольных умовах. З-за двух забаронаў папярэдніх спробаў правесьці Адборышча-2006 спачатку ў парку Dreamland, а потым ў Палацы мастацтва, трэцяя пляцоўка не агучвалася да апошняга моманту ні гледачам ні нават гуртам-удзельнікам.

 

Але і ў гэтых падпольных умовах арганізатары пастараліся максымальна надаць Адборышчу сьвяточнасьці і ўрачыстасьці. Вядучых імпрэзы было два: лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка і каардынатарка сёлетняга Басовішча зь беларускага боку Воля Кузьміч. Гурты, арганізатары, прэса і госьці мелі адмысловыя бэджы з сымболікай “Адборышча”. Першы дзень канцэрту завершыў ударны выступ IQ48, а на закрыцьці Адборышча адыграла сапраўдная легенда беларускага року гурт Крама. Сюрпрызам нават для арганізатараў стаў апошні сьпеў гурту, які Ігар Варашкевіч выканаў разам з Алегам Хаменкам і Русяй

 

Басовішча пачынаецца тут!

Сюрпрызаў пад час Адборышча было шмат. Напрыканцы выступу маладых гуртоў па залі прайшлася хваля “Прыехаў!..” Лявон Вольскі нечакана зьявіўся ў залі і ў хуткім часе падняўся на сцэну. Лідэр NRM падзякаваў усім маладым камандам за выступы і ўручыў кожнаму з 17 гуртоў адмысловы дыплём ад арганізатараў “Удзельніку Адборышча-2006”.

 

Пасьля гэтага Воля Кузьміч аб’явіла аб самым галоўным сюрпрызе Адборышча-2006: усе пераможцы Адборышча атрымаюць магчымасьць бясплатнага запісу ў студыі. Беларуская студыя гуказапісу “OSMOS” прадставіла 8-мі з 9-ці камандаў, якія патрапілі на Басовішча па выніках “Адборышча”, але не атрымаюць на фэсьце прыз на запіс у польскай студыі, унікальную магчымасьць бясплатна запісаць па адной песьні са сваёй праграмы. Прапанова дзейная на працягу 1 года.

Конкурс, журы, пераможцы і лічбы

Заяўкі на ўдзел у адборачным туры сёлетняга Басовішча ад пачатку падалі 37 гуртоў. Да фінішу Адборышча паводле рашэньня журы дайшлі толькі 20 камандаў. Але тры каманды па асабістых прычынах не змаглі ўдзельнічаць ў адборачным канцэрце. У выніку ў першы дзень адыгралі 10 гуртоў, а ў другі 7. Журы зрабіла свой выбар і цяпер іх засталося 9

У гэтым годзе арганізатары пастараліся зрабіць журы шырэйшым і абнавіць яго склад. У выніку сёлета лёс маладых гуртоў вырашалі: Ігар Варашкевіч, Міхал Анемпадыстаў, Ганна Вольская, Зьміцер Падбярэскі, Тацяна Заміроўская, Віталь Супрановіч, “Тузін Гітоў”, Studenty.by. На падрыхтоўчым этапе Адборышча ў працы журы таксама бралі ўдзел Аляксандар Кулінковіч, Валік Грышко і БАС.

Вельмі важным у гэтым годзе было таксама вырашана абвесьціць пераможцаў адразу на канцэрце.

Перад апошнім сьпевам “Крамы” Алег Хаменка агучыў вынікі Адборышча-2006:

  • Band A
  • Krok 
  • Людзі сьвятла
  • Nevma
  • Parason
  • РоСтра
  • S.D.M
  • Termin X
  • Vodar Susviet 

(Сьпіс пададзены ў альфабэтным парадку)

Гэтаксама журы дадаткова сфармавала лаўку запасных. Калі хтосьці з 9-кі пераможцаў, альбо гурт Моцарт (пераможца інтэрнэт-галасаваньня на Тузіне Гітоў) ня змогуць паехаць сёлета на Басовішча з асабістых прычынаў – іх месца зойме бліжэйшы па рэйтынгу гурт з лаўкі запасных:

  1. Авангардшкола
  2. Nothing to Lose. 

Два дні “Адборышча”кожны глядач мог паўдзельнічаць у выбары гурта, які атрымае прыз глядацкіх сымпатыяў. Два розных бюлетэні выдаваліся людзям на розных днях адборачнага туру. Прыз глядацкіх сымпатыяў – скрыню беларускага піва ў выніку адхапіў гурт “РоСтра”! 

 

Адборышча завершанае, да сустрэчы на Басовішчы! 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0854 seconds.