Зміцер Назараў. А я палез у парашу за гэтай Пагоняй

Зміцер Назараў

Зміцер Назараў з Берасця кінуў некалі вучобу ў Ваеннай акадэміі, каб стаць паспяховым прадзюсарам беларускамоўных гуртоў і арганізатарам альтэрнатыўных канцэртаў. Зміцер сёння ў серыі размоваў «Кім я стану, калі вырасту» распавядае пра тое, як паступіць у Ваенную акадэмію РБ ў рваных джынсах з нашыўкай «Пагоня», што трэба зрабіць, каб цябе ўзгадалі не толькі сваякі, і пра тое, як патусавацца, павучыцца, але потым стаць кімсьці.

«Ты мне, сука, не чапляў, ты мне і не адрывай»

Гартаў кніжку для абітурыентаў і гляджу «Ваенная акадэмія», спецыяльнасць «ПВО». У мяне бацька праслужыў усё жыццё там. І я нічога нікому не кажучы сабраўся і з’ехаў. Нас, усіх абітурыентаў, пашыхтавалі. Усе прыйшлі ў касцюмах, а я прыехаў у рваных джынсах, кедах і з даўгімі чорнымі пафарбаванымі валасамі. На маёй куртцы была нашытая старая вайсковая Пагоня. І мой будучы начальнік падышоў да мяне, адарваў гэтую Пагоню і выкінуў у сметніцу. Я са строю выйшаў, мне там крычаць: «Станьце ў строй!», а я палез у парашу за гэтай Пагоняй, знайшоў яе і сказаў «Ты мне, сука, не чапляў, ты мне і не адрывай». А ён тады «Я табе гэта запомню». Ну, па шчырасці, ён мне гэта і запомніў.

Нешта тут не так

Пасля ўсіх іспытаў нас зноўку пашыхтавалі, зачытвалі спісы курсантаў, і трэба было зрабіць крок наперад, і сказаць гучна: «Я!» Калі чарга даходзіць, у мяне зрываецца голас і я не магу нічога вымавіць, толькі крок наперад зрабіў. Генерал, які зачытваў спісы, паўтарыў маё імя, і я ўжо тады вымавіў. Але тады падумаў: «Нейкі знак, нешта тут не так». 

«Сыходзіць табе трэба, сажруць яны цябе»

Я быў сяржантам, камандаваў аддзяленнем, улез у баталіі змагарскія, і гэта быў мне ўрок, што не трэба лезці «на барыкады», бо з сістэмай ты не паваюеш. Наверсе вырашылі лёс аднаго майго хлопчыка, а я і заступіўся за яго. Потым мяне знялі з пасады, быццам я недысцыплінаваны, камандзір мой падышоў да мяне і сказаў: «Сыходзіць табе трэба, сажруць яны цябе». І ў той момант я зразумеў, што не дарма тады голас не паддаўся мне з першага разу. Я заваліў іспыты і адлічыўся. Мне было бязмежна цяжка, не ведаў, што рабіць далей. Мне падавалася, што ўсё. Усе мае сябры засталіся там, не ведаў, як мне жыць і як мне быць. 

«У мяне да вас прапанова»

Потым у мяне быў час рэабілітацыі. Я ж прызвычаіўся, што столькі год камандаваў, а тут усім пофіг на гэта, і рабіць я толкам нічога не ўмею. Пачаў працаваць паштаром, потым адзін час прадаваў паркетную дошку. Неяк сядзеў у павільёне з гэтай дошкай і натрапіў на камп'ютары на тэчку з музыкай, там былі песні «Сьцяны», зачапілі. Я патэлефанаваў сяброўцы, што была знаёмай з іх басістам, а яна кажа: «Ды яны боўтаюцца, мабыць, не рэпетуюць ужо». Я ўзяў у яе кантакт, патэлефанаваў і кажу: «У мяне да вас прапанова». А потым еду на сустрэчу і думаю, няма ж у мяне ніякай прапановы. Яны сабраліся на кухні ўсе і так пільна на мяне глядзелі. Пасля яны яшчэ доўга мяне шарахаліся. Зрабіў ім канцэрт у Менску, а яны да апошняга не верылі, думалі, што проста языком мянчу.

Збег на сценку Цоя

Аднойчы школьнікам мяне не пусцілі ў Менск на сценку Цоя, бо быў малы. Ну я і збег, паехалі на дызелі 7 гадзін, бо толькі на яго наскраблі на квіток. І не ведаў, як дамоў вяртацца, купіў бацьку бутэльку піва — і ўсё абышлося. 

«Калі ты не спяваеш па-беларуску — то „давай до свидания!“»

Я не хачу прэсаваць беларускасцю людзей, бо гэта будзе выклікаць наадварот адмоўную рэакцыю. Асноўнай масе гэтая беларускаць да фені. Паспрабуй загрузіць прыхільнікаў «Дай дарогу!» беларускасцю. Я не хачу нікога ламаць і казаць: «Калі ты не спяваеш па-беларуску, давай до свидания!» Калі ты цікавы выканаўца, то чаму не? Але я заўсёды імкнуся запрашаць у Берасце якасныя беларускамоўныя гурты ці падбіваць нейкія небеларускамоўныя гурты спяваць па-беларуску.

«Засунь сваё меркаванне сабе глыбока-глыбока ў адно месца»

У мяне ў вёсцы Моталь італьянская прынцэса ды польская каралева Бона Сфорца жыла. Захаваўся звон на царкве, якому 450 гадоў, там напісана лацінкай па-беларуску пасланне спадкаемцам. А кажуць, што не было беларускай мовы. Звычайна, калі мне кажуць такое, я паказваю фотаздымкі гэтага звону і кажу «Засунь сваё меркаванне сабе глыбока-глыбока ў адно месца». 

Мой герой — мой бацька

У мяне бацька ваенны, усё жыццё пражыў у ваенным гарадку. І я часта гуляў ў футбол з салдатамі. Героем заўжды для мяне быў мой бацька, які быў сіратой, і так змог падняцца. Я бязмежна яго паважаю за тое, што застаўшыся ў 12 год без бацькоў, ён стаў на ногі. 

У нас гэтых Цояў — вунь колькі

Падлеткам я адразу захапіўся Цоем, ён для мяне быў ледзь не паўбог. Хаця насамрэч быў напэўна звычайным чалавекам, толькі што глыбокім вельмі. А ў нас насамрэч такіх Цояў — вунь колькі. Той жа Вовка PlumBum: піша тэксты, малюе, грае, акрамя гэтага працуе на швейнай фабрыцы і нарадзіў дзіця.

Не чытаў літаратуру, на сайты не заходзіў

У школе ўся мая беларускасць была не такая агалцелая і не глыбокая, яна базавалася на пратэсце. Калі паступіў у Ваенную акадэмію, то яна мяне наогул не датыкалася: не чытаў літаратуру, на сайты не заходзіў. Калі адлічыўся, пачаў займацца грамадскай дзейнасцю, імкнуўся пры любой магчымасці вывучаць і выкарыстоўваць беларускую мову, чытаць літаратуру, якую ў школе ніколі не чытаў. 

Не клічу нікога на барыкады

Людзі робяцца абыякавымі да ўсяго. Гучная навіна выклікае цікавасць усяго на пару дзён, глыбей людзі не цікавяцца. Абыякавы чалавек — страшны чалавек. Кожны павінен адмовіцца ад пазіцыі «мая хата з краю». Я нікога не клічу на барыкады, я кажу нават пра чалавечыя стасункі. 

Хочацца верыць, што камусьці гэта патрэбна

Ты вось бегаеш, нешта арганізоўваеш, а ўсім абыякава, пытанні такія ўзнікаюць: «Навошта ты гэта робіш?» Раблю, каб развіваць сваю культуру. Мне хочацца верыць, што камусьці гэта патрэбна. І хтосьці прыйшоў на гэты канцэрт, атрымаў пазітыў, пайшоў дадому, нешта з сабой панёс, атрымаў нейкі мэсыдж. Усё ж такі на мае канцэрты прыходзяць неабыякавыя людзі. 

Больш ніколі не буду гэтым займацца

Калі праводжу нейкае мерапрыемства, пападаю на грошы, не сплю некалькі дзён, стамляюся, кажу сабе: «Усё. Больш ніколі не буду гэтым займацца», а потым трошкі астываю і раблю далей. 

А хтосьці збоку будзе стаяць і смяяцца

Кожны жыве ў сваім сусвеце, няма ў нас кансалідацыі, і я не пра палітыку нават кажу. Грамадскае пытанне вырашыць не можам. Будзе заўсёды такое: «Давайце збяромся і заявім, што нам не падабаецца, што тут будуецца дом?» — «Давайце». Нехта прыйшоў, а хтосьці збоку будзе стаяць і смяяцца «Яны патрапілі, а мне пашчасціла — я не прыйшоў». 

Беларуская не становіцца мовай інтэлігенцыі

У нас нейкая дрэнная атмасфера ўтвараецца. Калі хтосьці пачынае спяваць па-беларуску, то звычайна ў іх занадта палітызаваныя тэксты. Наогул уся беларуская мова занадта палітызаваная. І ніхто не спрабуе выцягнуць яе з гэтай дрыгвы палітыкі. Яе ў свой час загналі нашыя выдатныя палітыкі, і ніхто яе не можа выцягнуць адтуль, яна не становіцца мовай інтэлігенцыі, усё адно, гэта мова пратэстных людзей. І зламаць гэты стэрэатып у чыноўнікаў вельмі цяжка. Таму я і далучыўся да «Будзьмы». 

І патусавацца, і павучыцца, і потым стаць кімсьці

У нас моладзь такая: культура ім па барабану, адукацыя па барабану, але ўсе хочуць клёва жыць. Большасць людзей у нас не імкнецца да таго, каб стаць спецыялістам у нейкай справе, «ай, я неяк скончу школу». Я і сам так думаў, абы хутчэй скончыць універ, цяп-ляп, усё гатова. Толькі цяпер разумееш, што можна гэта было неяк гарманічна спалучыць: і патусавацца, і павучыцца, і потым стаць кімсьці. Вось усе траблы ў нас з-за таго, што самаадукацыя нікому не патрэбная. Усе думаюць, што пойдуць ва ўнівер і іх навучаць. 

Нават падарункі прыносілі

Калі раблю нейкія фолькавыя канцэрты, прыходзіць вельмі шмат людзей, і мне нават падарункі прыносілі. Некаторыя прыходзяць на канцэрты і нават вітаюцца, я ўжо ім як сябра стаў. Яны ведаюць, што калі я раблю, то гэта нармальна і трэба ісці. У мяне ўжо з’явілася нават пэўнае кола прыхільнікаў ад моладзі да 60 гадоў, яны прыходзяць на канцэрт, таму што яго раблю я. 

Зрабіць нешта, каб цябе ўзгадвалі не толькі сваякі

Варта жыць дзеля сваіх дзетак, зрабіць сям’ю. Лічу, што трэба пакідаць нешта пасля сябе, не толькі дзяцей. Чалавек павінен у жыцці зрабіць нешта такое, каб яго ўзгадвалі не толькі сваякі. Але самае галоўнае ў чалавека — гэта яго сям’я. Сапраўдная сям’я — гэта як крэпасць. Гэта выдатна, калі жонка падтрымлівае і дапамагае ў нейкіх пытаннях, якія ёй не падабаюцца, але яна разумее, што гэта важна для мужа і шчыра яму дапамагае. Мне здаецца, што дзеля такога варта жыць. 

«Ого, гэта ж беларус!»

Хочацца дажыць да таго моманту, калі не амерыканскі пашпарт будзеш паказваць на мяжы і памежнікі будуць сцяліцца, а беларускі. Вось мне хочацца, каб ты даставаў пашпарт і ўсе так казалі «Ого, гэта ж беларус!»

«Беларусы, фу дзярэўня» 

У нашых людзей прысутнічае нейкая рабская рыса. Едзеш у цягніку з расейцамі, а яны: «беларусы, фу дзярэўня» і нашыя «ну так, хто мы такія, гэта ж Масква». Людзі самі сябе так ставяць, што расейцы з імі не лічацца. А ў нас, між іншым, нашмат багацей гісторыя, чым у расейцаў. 

У чарзе «Стой і не вякай»

У нас занадта талерантнае грамадства. Што б не адбывалася, заўсёды ёсць тлумачэнне. Я стаяў у чарзе ў краме ў мясным аддзеле, і там такая велізарная чарга была на паўкрамы, і толькі адна прадавачка, а павінна быць тры. І мужчына з чаргі кажа: «Хто тут адміністратар, паклічце, я ж не буду стаяць гадзіну». Прадавачка не пачула. Ён паўтарыў, дык у чарзе пачалі на яго наязджаць, маўляў, стой і не вякай. І яго там моцна так заклявалі. Падаецца, гэта якраз характарызуе наша грамадства: стаім у чарзе «стой і не вякай».

Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0694 seconds.