Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны

Іван Шыла

Кім расце хлопец, якога калісьці ўпершыню затрымалі за палітычныя налепкі ў 10 год, а пазней за актывізм, не гледзячы на добрыя адзнакі, выключылі са школы перад самым выпускам. Іван Шыла распавядае ў серыі Generation.by «Кім я стану, калі вырасту» пра тое, адкуль у Салігорску бяруцца такія як ён, як Малады Фронт можа ўратаваць падлетка ад бандыцкага асяродку, як выжыць у салігорскіх клубах, чаму на службе ў войску выгодна размаўляць па-беларуску і хто круцей, Пазняк або Ісус.

10 год, міліцыя і налепкі

У мяне бацька ўвесь час вёў нейкія размовы пра палітыку, заўсёды быў назіральнікам на выбарах. Выпісваў незалежную прэсу. Аднойчы ён мяне адвёз на офіс «Зубра». На той момант гэта было больш-менш легальна, там збіралася па 200 чалавек моладзі. І я пачаў туды наведвацца і браць налепкі. 

І ў 10 год мяне ўпершыню затрымалі з гэтымі налепкамі. Я быў з братам, якому тады было 8. Мы ездзілі на ровары, ён сядзеў на багажніку. Залез на рэкламны шчыт і гляджу ўнізе стаіць нейкі дзядзька і кажа: «Злазь!» Паказаў нейкае пасведчанне, забраў ровар, а брата адпусціў. Павёў мяне з роварам ва ўчастак. Ішоў і пагражаў, што гэта будзе кляймо на ўсё жыццё. Прычым я ішоў і мне рэальна было страшна. Прывялі ў міліцыю і трэба было сказаць, дзе я ўзяў тыя налепкі. Мяне настолькі клініла і не было ніводнага адказу, што хацелася сказаць, дзе я іх узяў. Але да гэтага не дайшло, прыйшоў мой адвакат і праз 15 хвілін мы сышлі, налепкі канфіскавалі. У школе з’явіліся праблемы, бо я ў той час хадзіў на алімпіяды, на нейкія ялінкі для адораных дзяцей. Адміністрацыя школы троху ў шоку была. Пасля быў бацькоўскі сход па ўсёй школе ў актавай залі. Яны зрабілі памылку, калі пачалі крычаць на майго бацьку. Бо ён таксама не супраць пакрычаць і выступіць з прамовай. І бацька пачаў распавядаць пра выбары на тым сходзе. У выніку адбыўся такі міні-скандал.

Як перамагчы на школьным конкурсе са спічам пра затрыманне

Настаўніца па англійскай мове прачытала неяк ў незалежнай газеце, што мяне затрымалі за палітыку і сказала, што варта было б падрыхтаваць прамову на конкурс такіх спічаў пра гэта. На конкурсе былі прадстаўнікі адукацыі, дырэктар... Яны там усе сядзелі з такімі тварамі, маўляў, што адбываецца. І я заняў другое месца.

Іван Шыла

Як перастаць марыць быць міліцыянтам

У мяне былі вельмі прыземленыя мары: адзін час я хацеў стаць трактарыстам. Пасля хацеў стаць супрацоўнікам міліцыі. Аднойчы я паехаў на ровары наводзіць парадак: дзеці кідаліся камянямі ў нейкую металічную канструкцыю. Я прыехаў, прадставіўся супрацоўнікам міліцыі і патрабаваў, каб яны спынілі свае незаконныя дзеянні. Але яны вельмі нервова чамусьці адрэагавалі і пабілі мяне. Пасля гэтай гісторыі быць міліцыянтам я перахацеў.

Мода на апазіцыю

Я памятаю натоўпы людзей на офісе «Зубра». Тады гэта было настолькі масава, што нават салігорскія гопнікі хадзілі з торбамі поўнымі гэтых налепак. Цяпер яны ўжо пасядзелі ў турмах многія, а тады цягаліся ў майках па калена ды з налепкамі. Мода была такая. Сярод нас тады было шмат такіх людзей, якіх уявіць цяпер у палітыцы проста немагчыма.

Дэцл, «Брыгада» і разбой

Спачатку ў дзяцінстве мы займаліся спортам і для нас героямі быў маскоўскі «Спартак». Мы самі малявалі майкі і хацелі стаць футбалістамі. Пасля прыйшла ангельская Прэм’ер-ліга, Дэвід Бэкхэм быў тады новай зоркай. А потым з’явіўся Дэцл. Калі дагэтуль усе салігорскія дзеці гулялі і займаліся спортам, то са з’яўленнем Дэцла прыйшла такая дваравая рамантыка, рэп, андэграўнд, паліць, ужываць алкаголь, красці грошы ў бацькоў. За Дэцлам спорт не вярнуўся, а прыйшла «Брыгада». Яшчэ болей зладзейскай рамантыкі. Я вырас у такім двары, хоць мае лепшыя сябры праз турмы не прайшлі, але тыя, з кім мы гулялі ў футбол, у 16 год пайшлі ўжо на «малалетку». Рабаванне, разбой, некаторыя дагэтуль у турмах. Усе гэтыя «Брыгады» і «Бумеры» вельмі моцна паўплывалі на тое, што адбывалася. У Салігорску быў падзел на сінія і чырвоныя зоны, не ведаю з чым звязана, міфалогія гэтая мяне не закранула. Але гэта моцна ўплывала. Калі заходзіш не ў той двор, цябе маглі пабіць.

«Малады фронт» мяне ў пэўным сэнсе ўратаваў

Я жыў у такім бандыцкім асяродку. У 12 год вакол мяне дробныя крадзяжы былі цалкам нармальнай з’явай, усе гэтым займаліся. Не магу сказаць, што ў мяне не было разумення таго, што гэта няправільна. Але ў 12 вельмі цяжка стаць белай варонай. І таму «Малады фронт», які з’явіўся ў маім жыцці ў 14 год, мяне ў пэўным сэнсе ўратаваў.

Выбухоўка з карбіду

У Салігорску 15-га і 25-га гэта дзень, калі шахцёры атрымліваюць заробак. У такія дні яны часта напіваюцца і губляюць свае гаманцы з грашыма. І  салігорская моладзь «выпадкова знаходзіць» іх, але не заўсёды вяртае ўладальнікам. Ну чым яшчэ займалася салігорская моладзь? Ездзіла на кукурузу, прадавала яе, потым набывала цыгарэты Marlboro і адчувала сябе каралямі. Яшчэ можна было прадаць кацянятаў, што знайшліся на вуліцы. Я ўжо не кажу пра змешванне карбіду ці салетры, каб атрымаць нейкую выбухоўку. Напрыклад, калі прыходзіць у пад’езд сантэхнік, ён звычайна заўсёды мае з сабой карбід. Карбід крадзецца, змешваецца з вадой, заліваецца ў бутэльку і потым атрымліваецца такі даволі гучны выбух.

Праблема майго пакалення: трава не паспявала вырасці

У чым была вялікая праблема майго пакалення: у нас нічога не было. Мы гулялі ў футбол і не было ніводнай пляцоўкі ў Салігорску, дзе расла трава, бо ўсё было стаптана. Яна не паспявала вырасці. Цяпер там трава па калена. Лавы не спісаныя, як раней, не прапаленыя, не зламаныя. Мы сядзелі на вуліцы па 15 гадзін у дзень. Калі збіраецца пэўная колькасць маладых людзей, якія не разбіраюцца, што кепска, а што добра, альбо аж надта разбіраюцца, але свядома хочуць рабіць тое, што кепска, то заўжды з’яўляюцца такія ідэі кшталту абліць мінакоў вадой ці пакідаць гарохам. Вельмі шмат вольнага часу і энергіі, а калі не займаешся спортам, то кудысьці гэта ўсё трэба накіроўваць.

Банды ў спартовых касцюмах

Зараз такога няма. І ў мяне была надзея, што моладзь сядзіць у інтэрнэтах недзе гуляецца і ўсё будзе добра. Не будзе гэтых паняткаў, разборак, стрэлак. Але неяк не выходзіць усё адно. Такое адчуванне, што хлопцы перасоўваюцца па горадзе бандамі ў спартовых касцюмах, яны займаюцца спортам, бо гэта модна, але ўсё адно шукаюць сабе нейкіх ворагаў. Цяпер яны ходзяць у клубы, бо іх стала больш, у бары, напіваюцца і ўчыняюць бойкі.

Што будзе, калі зайсці ў салігорскі клуб у капялюшы

Аднойчы зайшоў у салігорскі клуб у капелюшы. І ён так прыцягнуў увагу моладзі, якая малодшая за мяне на шэсць год недзе. Натуральна справа не ў капелюшы, ім абы знайсці праблему і зачапіцца. Яны кажуць: «Дай нам свою шляпу», я кажу: «Не дам». Яны вяртаюцца праз пяць хвілін і нехта кажа, што я ягонага сябра паслаў. Я выходжу, а яны ўжо чакаюць на вуліцы, хлопцы настойлівыя, яны знайшлі нейкую ахвяру, ім хацелася бойкі. Тут ужо не важна, што ты кажаш. Мне проста не пашчасціла, што перада мной ніхто не выходзіў. Калі ты выходзіш, а перад табой стаіць 12 чалавек, то не мае сэнсу тое, што ім скажаш. Скончылася тым, што я паехаў зашываць шнар. У той знакаміты вечар я выходзіў папаліць разоў пяць і кожны раз тым была нейкая бойка. Прычым білі тыя, хто ў школе быў ніжэйшы за мяне. Я кажу, маўляў, што вы робіце. А яны мне, ты, маўляў, не разумееш жыцця. Ну на шосты раз я пачаў яго разумець лепш:) А гэта яшчэ быў клуб прэстыжны і элітны, бо ёсць месцы, куды проста лепей не хадзіць.

Блатныя хлопцы віталіся з намі і паважалі

У старэйшых класах я размаўляў па-беларуску па-за сценамі школы. Горад вельмі маленькі і мы былі вельмі вядомыя асобы. Усе людзі ў Салігорску ведаюць, што ёсць апазіцыя, што ёсць частка людзей, якая размаўляе па-беларуску, ў якіх вельмі сур’ёзнае супрацьстаянне з міліцыяй, у якіх ёсць судзімасці. У кожнай паштовай скрыні горада ляжала ўлётка пра тое, што хлопцу ў 16 год пагражае судзімасць за палітычныя погляды. У выніку нават блатныя хлопцы віталіся з намі і паважалі за пазіцыю, за тое, што мы супрацьстаім уладам. Гэтыя людзі таксама не любяць уладу, хаця ім няма розніцы да палітыкі, яны не любяць любую ўладу. Але вось чыста тут нашы інтарэсы супалі.

«З халадзільніка можа знікнуць каўбаса, ты не перажываеш?»

Неяк прыехаў Дашкевіч — такі важны ў паліто з чамаданчыкам. Назбіраліся 13-14 гадовыя хлопцы. Ён яшчэ па-беларуску размаўляў, усе глядзелі, маўляў, нічога сабе, што за дзівак з Менску такі прыехаў. Ён параздаваў анкеты запоўніць, МФ і ўсё такое. У мяне адзінага быў мабільны тэлефон, таму я стаў кіраўніком мясцовай арганізацыі, бо я мог камунікаваць з цэнтрам, са сталіцай. Я такі рады прыйшоў дадому і расказаў, што стаў мясцовым кіраўніком. А мне бацька сказаў: «З халадзільніка можа знікнуць каўбаса, ты не перажываеш?». Я шчыра перажываў, мне так не хацелася, каб гэта адбілася на стане халадзільніка, каб іх звольнілі з працы. Але я ім схлусіў, сказаў, што гэта не праблема, будзем ваяваць, хутка выбары, рэвалюцыя была нядаўна ва Ўкраіне...

Выконваючы абавязкі дырэктара школы са слязамі на вачох прасіла праспаць іспыт

Урэшце мяне выгналі са школы. Мяне не дапусцілі да апошняга іспыту ў 11 класе. За два дні да экзамену яны раптам склікаюць педагагічную нараду, дзе ставяць пытанне мяне выключыць. Усе аднагалосна прагаласавалі супраць. Дырэктарцы школы сказалі праводзіць другую нараду. І яна сышла. З яе, канешне, потым зрабілі героя. Яна чалавек сістэмы, яна вельмі шмат намаганняў прыклала, каб у мяне былі цяжкасці з навучаннем. Але тут яна ўжо разумела, што яе ўсё адно з-за гэтага інцыдэнту звольняць і лепей сысці самой. Яна добра потым яшчэ ўладкавалася на працу. Перад другім «галасаваннем» прыехалі чыноўнікі з Менску і сабралі дадзеныя з настаўніц, дзе працуюць іх мужы, дзе вучацца іх дзеці.  

У час гэтай нарады я стаяў каля школы і размаўляў з выконваючай абавязкі дырэктара школы. Яна са слязамі на вачах прасіла праспаць і не прыйсці на іспыт. Тады б ўсё вырашылася само сабой. Але большасць прагаласавала супраць. Адметны факт, што ніхто з тых настаўнікаў, што ў мяне выкладалі, не прагаласаваў за выключэнне. Потым яшчэ міністр адукацыі на нарадзе настаўнікаў казаў, што трэба сачыць за вучнямі, каб такога больш не паўтаралася.

Ніхто не звяртаў увагі, быццам я не частка калектыву

Бацькі не пайшлі на мой выпускны, а я пайшоў, грошы ўсё ж такі здаў :) Гэта была трэшовая сітуацыя. Я сядзеў у актавай залі, а там жа звычайна выдаюць мільён грамат, падзяк, дошку цэлую можна для іх прыбіць. Я ў школе гуляў у футбол і спадзяваўся, што хоць гэтую паперку за нейкія спартовыя дасягненні атрымаю. Але не, усе падымаліся па дзесяць разоў, а я сядзеў і ніхто не звяртаў увагі, быццам я не частка калектыву. Потым мае аднакласніцы напіліся, выхапілі мікрафон, пачалі казаць, які я харошы і як несправядліва мяне выгналі. Настаўнікі, бацькі ківалі галовамі.

Цяпер я больш цынічны

Я шмат усяго такога кажу, што не запамінаю. Мне вось скідваюць спасылку, дзе Мілінкевіч цытуе мяне. А там такая пафасная цытата пра любоў да Беларусі. Ну класная цытата, мне прыемна, але цяпер здаецца, што можа я гэтага і не казаў. Быў занадта маленькі ды рамантычны і раскідваўся такімі пафаснымі словамі. Цяпер я больш цынічны.


У войску чым болей ты служыш, тым лепей ты вучышся падманваць

Я пайшоў у войска, калі яшчэ не галіўся, я нічога тады не ўмеў рабіць. Мамачка мяне выхоўвала, я бегаў змагаўся з рэжымам, ані гатаваў ежу, ані сустракаўся з вялікімі праблемамі. Я не шкадую, гэта класна. Зараз магу не хвалявацца, што мяне выганяць з універа, бо я ўжо адслужыў. У войску чым болей ты служыш, тым лепей ты вучышся падманваць, ведаеш, як абысці некаторыя рэчы. Пасля шасці месяцаў службы ў мяне з’явілася настолькі шмат вольнага часу, што я шмат спаў і чытаў. Працы няма, адна фікцыя. Мне вось аднойчы далі пакіраваць салдацікамі. І нам сказалі ісці пачысціць ракетную ўстаноўку, каб блішчала. Ну я ж добры камандзір, кажу: «Не будзем нічога чысціць», яны такія: «Не, ну нам жа загадалі». Я кажу, што нам жа заданне далі не дзеля таго, каб устаноўка чыстая была, а каб мы былі занятыя. Бо калі ў салдата шмат вольнага часу — гэта кепска, у яго думкі нейкія няправільныя пачынаюць з’яўляцца. Мы паспалі пару гадзін, пальцам не кранулі гэтую ўстаноўку. Вяртаецца камандзір, мы кажам, што пачысцілі. Ён так паглядзеў і кажа: «Вось там не дачысцілі». Тое мы ўжо чысцілі. Войска — гэта школа чалавечага падману.

Мацёры бандыт

Калі мяне толькі прывезлі, адразу са мной хацела паразмаўляць пэўная частка кіраўніцтва. Сяржантам праводзілі інструктаж, як са мной трэба абыходзіцца, іншыя салдаты баяліся. Ім казалі, што я такі мацёры бандыт. Першы тыдзень са мной увогуле ніхто не размаўляў.

У войску выгодна размаўляць па-беларуску

Я служыў у месцы, дзе дагэтуль служыў Алесь Каліта, таму праблем з беларускай не было. Больш за тое, у войску выгодна размаўляць па-беларуску. Бо ўсе салдаты аднолькавыя, аднолькавая форма, нават часам твары аднолькавыя. А калі ты прыходзіш і адразу адказваеш па-беларуску, камандзір адразу заўважае, што нейкі не такі, што можа з табой трэба больш асцярожна абыходзіцца, бо можа «Жыве Беларусь-2» здымуць ці скаргу напіша. Для мяне беларуская мова заўсёды спрацоўвала. Калі прыязджаеш у новую частку і пачынаеш размаўляць па-беларуску, то першыя 30 хвілін вымушаны распавядаць нешта пра беларускую мову, чаму так атрымалася і г.д. І яны ўжо заўважаюць, што ты не проста дубовы салдат, якога можна паганяць. Для мяне беларуская была абаронай.


Я слаба ўяўляю, кім буду працаваць, я ж нічога не ўмею

Я хачу далей вучыцца, дактарантура. Шчыра кажучы не хачу працаваць, хачу вучыцца, атрымліваць стыпендыю, каб яна расла. Ну гэта ж класна, такі разумны. Не моцна веру ў гуманітарную адукацыю, гэта такая прафанацыя, тым больш гэта Польшча. Я два месяцы не хадзіў і за два дні ўсё здаў. Я слаба ўяўляю, кім буду працаваць, я ж нічога не ўмею па вялікім рахунку. У людзей у маім узросце ўжо ёсць кватэра ў Салігорску, машына. Тыя, якія не паступалі ў ВНУ, а пайшлі шахцёрамі. Я нават пачынаю зайздросціць.

Ставяць статусы ў Фэйсбуку: «Мы будуем будучыню Еўропы»

Зараз актыўна ўдзельнічаю ў European Democrat Students. Не кажу, што гэта сур’ёзная арганізацыя, гэтыя дакументы, каторыя мы прымаем, чытае нуль чалавек. Але гэта такая элітная тусоўка, прыходзяць там людзі з Эстоніі і кажуць: «Мой сябар стаў міністрам» ці гэты самы малады міністр Аўстрыі, ён таксама тусаваўся ў гэтых усіх штуках. Там усе такія крутыя і фоткі ў іх з Меркель. І я такі прыехаў намеснік старшыні МФ, а яны думаюць, што гэта ваў, як сур’ёзна. Бо ў іх там арганізацыі па 150 000 чалавек і калі я кажу, што ў нас 100, яны напэўна думаюць сто тысяч. Усе разам выпіваюць, цімбілдзінгі, інтэграцыя. На наступны дзень усе апранаюць касцюмы ідуць на паседжанні. Натуральна, што ніхто ўжо нікога не слухае, усе сядзяць у сваіх планшэтах і ставяць статусы ў Фэйсбуку: «Мы будуем будучыню Еўропы» і ўсе 50 чалавек гэта лайкаюць. Але класна, шмат разумных людзей, харошыя фоткі для Фэйсбука. Усе напэўна глядзяць і думаюць: «Ваў!».

Я ім кажу, што на мяжы аўтамат пакінуў

Наконт Беларусі ўсе там плачуць. Яны думаюць, што ў нас тут грамадзянская вайна напэўна. На ўсіх гэтых штуках я сустракаюся з людзьмі, яны пытаюць абсалютна сур’ёзна, якое ў мяне кодавае імя. Я ім кажу, што на мяжы аўтамат пакінуў :) Яны там усе такія: «А як ты выехаў? Ты прыедзеш напэўна сядзеш у турму?». Вельмі скажонае ўяўленне. Я стараюся, каб там такіх слёзаў не лілося. Я кажу, як ёсць, так, сядзяць людзі ў турме, але я магу ездзіць на ўсялякія тусоўкі, класна, піва бясплатнае. Самі беларусы проста спрыяюць такому ўяўленню. Я ўжо пішу ўсялякія evaluations і кажу, што ня трэба запрашаць беларусаў альбо нешта мяняць. Бо яны ездзяць пяць год, слухаюць пра дэмакратыю, ківаюць галовамі, задаюць адны і тыя ж пытанні. Яны выступаюць на нейкім мясцовым радыё, якое канешне ж тут ніхто не слухае, ніякае КДБ і такія сур’ёзна кажуць: «У нас могуць быць праблемы з-за гэтага выступу». Ну я так не магу.

«О! Я зараз вам скажу, што вам трэба зрабіць для поспеху»

Ёсць такі комплекс беларусаў: іх запрашаюць на розныя тусоўкі, за іх плацяць і ім здаецца, што трэба задаваць ўсялякія глупыя пытанні. Як і ўсе гэтыя дыскусіі. Напрыклад, сядзіць хлопец і кажа такі: «О! Я зараз вам скажу, што вам трэба зрабіць для поспеху» і сядзіць так доўга нешта малюе, ну напэўна зараз нешта будзе. А ён перагортвае паперку і там такія рэчы кшталту: вера ў сябе і г.д. І ты сядзіш і думаеш: «А што адбываецца?!».

Хто круцей: Пазняк альбо Ісус

Мяне бацькі хрысцілі. Але я атэіст, я баюся празмернай рэлігійнасці як для дзяржавы так і для моладзевых арганізацый. Што да пабліку ўкантакце, то мне ўвогуле падаецца, калі гэта моладзевая арганізацыя, то мусіць быць больш гумару, самаіроніі. Можна ж галасаваць, хто круцей: Пазняк альбо Ісус, такія розныя рэчы. Для мяне гэта забаўна, а шмат у якіх сяброў ці прыхільнікаў арганізацыі такі дысананс узнікае. Я заўсёды прыводжу ў прыклад адзін з самых чытаных рускамоўных рэсурсаў Лента.ру. Яны вядуць паблік укантакце, задаюць досыць сур’ёзнае пытанне і абавязкова адзін з адказаў будзе: «Я тваю мамку ***». Варта разумець: гэта ўкантакце, і гэты адказ уласцівы гэтаму пакаленню.


Прыйдзецца ж прыехаць краіну ратаваць

У мяне зараз прыярытэтам сайт Салігорск.орг. Тут варта разумець, што такое рэгіянальны сайт. Нам даводзіцца самім арганізоўваць розныя ініцыятывы, каб самім пра сябе потым пісаць. Зараз вакол сайта сфармавалася такая тусоўка людзей з агульнымі каштоўнасцямі, з якімі можна і піва папіць і нейкую імпрэзу зладзіць. Але гэта болей такая грамадская дзейнасць, а не палітычная. Але ж будуць выбары. Прыйдзецца ж прыехаць краіну ратаваць, на Плошчу, подпісы збіраць — святы абавязак.

З Польшчы страчым артыкулы

Мы наогул зараз сядзім у Варшаве і павучаем нашае мясцовае кіраўніцтва, як што рабіць. Наездзімся такія па Еўропах, пабачым розныя класныя штукі, якія маглі б быць у Салігорску. І ўжо з Польшчы страчым артыкулы, як ажывіць горад.

Нельга саромецца, мы вось такія, якія ёсць

Мы былі ў Страсбургу і нам уручалі нейкія дыпломы. Украінцы размахвалі еўразвязаўскімі сцягамі, крычалі: «Украіна — цэ Еўропа!», усе актыўна рэагавалі. Афрыканцы, мараканцы там увогуле насіліся. А беларусы такія ціхенькія, спакойныя. Нехта там потым бегаў казаў, маўляў, як вы так можаце, трэба ж эмацыйней рэагаваць. Але як па мне, дык стрыманасць — гэта наадварот класна. Нельга саромецца, мы вось такія, якія ёсць.

Фота: Юра Сідун


Наста Darteco 18:00, 04.04.2014 | Кім я стану, калі вырасту |


Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць
Аліна Талай. Ніколі і не думала, што буду прафесійнай спартсменкай


comments powered by Disqus
 
In 0.0669 seconds.